— Таварышы, ціха! Праверце яшчэ раз сачыненні — шмат было памылак! — яна крыху памаўчала і дадала: — Я двоек ставіла мала, бо для мяне было важна, каб чалавек сам, — на гэтым слове яна зрабіла націск, — вучыўся пісаць.
Вяргейчык ужо не слухаў выкладчыцу. Калі да гэтай размовы ў яго была цвёрдая ўпэўненасць, што гісторыя з сачыненнем — яўная памылка, якая рана ці позна вырашыцца, то цяпер усё станавілася рэальньм. У ім варухнулася невыразнае адчуванне, што не толькі стыпендыю ён можа страціць (гэта ён бы перажыў), але што так і не зможа — ніколі і нікому даказаць, што пісаў ён сам. Але як жа так? Няўжо дарослая, разумная жанчына, выкладчыца, не разумее гэтага? Ці не хоча разумець? Дапусцім, яна не захацела пры ўсіх разбірацца, бо збаялася, што сама магла памыліцца. Але ад таго, што яна падумала пра сваю рэпутацыю, яму ж не лягчэй… Павінна ж быць справядлівасць у чалавека…
— Давайце я пры вас напішу! — нечакана для сябе сказаў гучна Вяргейчык.
Падняліся заспаныя галовы з задніх парт, дружна павярнуліся да Вяргейчыка прыціхлыя дзяўчаты-блізняты. Клара Іванаўна ўздрыгнула і ўстала.
— Ну, хопіць! Вяргейчык, пакіньце аўдыторыю! — ад прыкрасці яна нават перасмыкнула сваімі ярка-чырвонымі вуснамі.
— На прынцып пайшла, — спачувальна прашаптаў Смолер, калі Вяргейчык збіраў падручнікі.
«Прынцып, — зларадна думаў Вяргейчык, сноўдаючыся па калідоры ў чаканні званка. — Гэта добры прынцып — людзям не верыць!»
Пасля ўрока ён намерыўся ісці скардзіцца класнай кіраўніцы, таму цяпер адчуваў у сабе сілу — нават думаў пра сябе ў множным ліку — «мы». «Мы пакажам, мы дакажам…»
«Я, канечне, моўчкі выслухаю яе прабачэнні, слова не скажу… Скажу толькі: „Эх, вы…“ Не, лепш ні слова!»
Тут Вяргейчык успомніў, як хваляваўся ад лірычнасці, калі глядзеў на задуменную постаць выкладчыцы. Яму стала сорамна за сябе.
Прагучаў званок. Загрукалі дзверы, і праз хвіліну калідор запоўніўся шумам, тупатам ног, смехам і галасамі. Вяргейчык глядзеў на гэтую мітусню і не верылася яму, што не так даўно мог ён гэтак жа бестурботна, з лёгкай душой смяяцца, жартаваць і ні аб чым благім не думаць. Але нават проста так стаяць і перажываць, як цяпер, было ўсё-такі лепш, чым некуды ісці і нечага дабівацца…
Ён уздыхнуў і памалу, з заміраннем сэрца падышоў да кабінета класнай, узяўся за ручку дзвярэй і зараз жа адхапіў руку і нават засунуў яе ў кішэню, нібы баючыся, што яна неяк паміма яго волі адчыніць дзверы. Перажыўшы ўжо ў думках сцэну свайго апраўдання, яму толькі цяпер прыйшло ў галаву, што ўсё можа адбыцца і не па яго сцэнарыі. Але і не пайсці было нельга, бо гэтая невядомасць гняла больш за ўсё. «Хвіліна, — падумаў Вяргейчык, — і ўсё зноў будзе па-ранейшаму».
(Не, воля ваша, ёсць у гэтым дэбюце нешта — як рэдактар кажу.)
Сабраўшыся з духам, ён пастукаў, не чакаючы дазволу, пацягнуў на сябе дзверы і ўвайшоў у кабінет.
— …Між намі, толькі між намі, дзевачкамі, — пачуў ён нечы вельмі знаёмы голас, але не адразу скеміў, што гаварыла Клара Іванаўна, настолькі гуллівыя ноткі былі ў яе голасе. Сама яна стаяла ля акна спінай да дзвярэй і, прыўзняўшыся на дыбачках, палівала кветкі ў мініяцюрных гаршчочках, якія ў радок ляпіліся на кніжнай шафе.
«Папаў! — падумаў Вяргейчык. (Нічога сабе. Памятаеце Чацкага?) Ён зусім не чакаў убачыць тут Клару Іванаўну. — Але нават лепш — хай упэўніцца…»
За сталом сядзела класная — круглатварая, прыемная на выгляд жанчына, хоць і залішне поўная. Яна ўсміхалася і нібы з ухвалай глядзела на Вяргейчыка.
— Клара! — сказала яна, па інерцыі працягваючы ўсміхацца.
Клара Іванаўна хутка азірнулася і, здалося, ніколькі не здзівілася, убачыўшы Вяргейчыка.
— Ха, з’явіўся! — сказала яна звычайным, строгім голасам. — Уяўляеце, Тамара Міхайлаўна, сарваў мне ўрок. Прыйшоў вось, стаіць — палюбуйцеся на яго!
— Хто, Вяргейчык? — спытала класная. — Ён харошы хлопец.
— Я не зрываў урок, — узбадзёрыўся падтрымкай Вяргейчык. — Я — вось… — ён працягнуў класнай скручаны ў трубачку сшытак.
— Ну-ну, дайце мне, — падышла Клара Іванаўна. Яна ўзяла сшытак і разгарнула. Тыцнула пальцам і іранічна-ўрачыста, адхінуўшы крыху назад галаву, прачытала: /…/
Загарнула сшытак і паклала на стол.
— Добра? Добра. Але за свой дзесяцігадовы выкладчыцкі стаж я магу, мне здаецца, адрозніць чужыя думкі ад думак свайго вучня. Вы скажаце, — яна махнула рукой, заўважыўшы, што Вяргейчык збіраецца перабіць, — скажаце, я магу пісаць пры вас, на вашых вачах. Калі ласка. За свой, як вы ўжо ўпэўніліся, немалы стаж я сустракала вучняў з добрай памяццю, не больш, якія лёгка маглі ўзнаўляць на паперы нават адзін раз прачытаны тэкст.