Выбрать главу

Вяргейчык пахаладзеў. Яму ўжо не хацелася ні спрачацца, ні даказваць, ды ён бы ўжо і не змог, таму што ўсе думкі блыталіся, акрамя хіба адной — нашто ён сюды ішоў?

— Можа, ён сам напісаў? — спытала класная і паглядзела на Вяргейчыка.

Клара Іванаўна ўсміхнулася.

— Мяккае сэрца ў цябе, Тамара Міхайлаўна. А пасля здзіўляемся, адкуль бяруцца спецыялісты, якія не могуць правільна напісаць слова «інтэлігент»…

Вяргейчык ступіў да стала і толькі працягнуў руку, каб забраць сшытак, як у гэты момант ля яго ног нешта звонка дзынкнула. Ён уздрыгнуў, толькі цяпер успомніўшы пра дзірачку ў кішэні, якую збіраўся зашыць ужо трэці дзень, але то не было іголкі, то забываўся… «Малайчына! — з нейкім вясёлым адчаем пахваліў сябе Вяргейчык. — Скажы дзякуй, што больш нічога няма ў кішэніі».

Тры пары вачэй правялі позіркамі двухкапеечную манету, якая, падскокваючы на швах паркета, апісала роўны паўкруг і доўга яшчэ звінела недзе пад шафай. Выкладчыцы пераглянуліся.

— Мне можна ісці? — спытаў Вяргейчык. Яму хацелася спытаць з выклікам, незалежна, а выйшла нечакана вінаватым і злёгку дрыготкім голасам.

— Не, пачакайце, — сказала Клара Іванаўна мякка, і ад гэтага Вяргейчыку чамусьці стала трывожна.

Ён апусціў галаву і пачаў глядзець на свае чаравікі. Клара Іванаўна падышла бліжэй і, стараючыся зазірнуць яму ў вочы, лагодна сказала:

— Ну, нічога страшнага — спісаў дык спісаў… Як цябе завуць?

— Ён у нас Валодзя, — адказала за яго класная.

— Слухай, Валодзя, — Клара Іванаўна трохі памарудзіла. — Чаму ты так дрэнна апранаешся? Раскажы, не бойся, можа, дома што? Можа, бацька п’е? Не бойся, тут жа чужых няма, — павяла яна рукой вакол сябе.

— У яго няма бацькі, — зноў адказала класная, — адна маці. Вядома, цяжка. А заўтра стыпендыяльная камісія… Ага! — тут здагадалася яна. — Хлопчык, напэўна, таму і прыйшоў.

Вяргейчык падняў галаву. Тамара Міхайлаўна глядзела на яго з жалем. Клара Іванаўна прыязна ўсміхалася.

— Ну што ж. Калі так… — сказала яна і, падцяўшы вусны, нейкі момант глядзела ў адну кропку, абдумваючы нешта. — Ай, Тома, давай зробім выключэнне!

Клара Іванаўна зноў разгарнула сшытак і агледзелася па баках. Тамара Міхайлаўна падала ёй ручку з чырвоным чарнілам. Клара Іванаўна прымерылася да адзінкі, чыркнула палоску ўверх так, што атрымалася чацвёрка, і закрэсліла слова «спісана».

— Уся праблема! — засмяялася класная.

— На, — працягнула Клара Іванаўна сшытак Вяргейчыку. — Ну, я думаю, залішне напамінаць, што мы пайшлі табе насустрач… Вучыся, не крыўдзі маці, — яна падумала, што б яшчэ сказаць. — Цябе папракаю, — звярнулася да класнай, — што сэрца мяккае, а сама…

I Клара Іванаўна ўсміхнулася ўсмешкай чалавека, які не прывык выстаўляць напаказ сваю велікадушнасць…

18. «Рэцэнзія-водгук»

Ні ў воднай крытыцы свету не прынята чапаць дэбютантаў. Толькі не ў нашай. Наша, падобна, адных дэбютантаў і чапае. І поруч з тым — якое рабалепства перад г. зв. імёнамі, імёнамі, якія, на добры лад і калі ты добры крытык, варта было б размазаць, як кашу па талерцы. Ды Бог з ім. «Крытыкуйце» і далей. Толькі не плачцеся, што ў нас няма твораў-узораў, вартых вашага пяра — сапраўдны крытык разгорнецца і на прыкладзе антыўзораў.

Усе водгукі, якія з’явіліся на маё першае ў жыцці «Сачыненне», былі адмоўныя. Захаваўся адзін. Анатоль Сідарэвіч. «Творы двух дэбютантаў — 23-гадовага студэнта Андрэя Федарэнкі і старэйшага за яго на дваццаць гадоў Г. Станкевіча — надрукаваны ў студзені і ў лютым. Што запомнілася? Фабула (о-о, як вам? Пачатак рамана. Не, далібог, пачынаю верыць, што свет напоўнены знакамі, намёкамі, супадзеннямі…) Федарэнкавага апавядання пра сачыненне. Вучань напісаў самастойнае, арыгінальнае сачыненне. Выкладчыца падумала, што ён яго спісаў, і паставіла вучню „адзінку“. Хацеў бы і я, чытаючы Федарэнкаву публікацыю, не паверыць і спытаць: „Няўжо аўтару ўсяго дваццаць тры гады?“ І ўжо напэўна я не паўтарыў бы памылку тае настаўніцы…»

«Іслач». Нарада маладых пісьменнікаў, 86 год. Яўгені Лецка (пра мяне): «Я думаў, гэта дарослы мужчына, за 50… Вось такія і губяць нашу літаратуру. Яму 23, а піша так, нібыта 83».

Уладзімір Дамашэвіч (дамашняя, добрая душа) — «Федарэнка як музыкант, які не ведае нотаў, бярэ на слых, правярае да таго часу, пакуль не перастане фальшывіць…»

Аднак нам цікава пакуль што іншая музыка — палітэх, туды, туды!