Выбрать главу

Тады бацька ўпершыню адкрыўся яму. Хальчэня ўбачыў у ім не таго чалавека, да якога прывык. I здарылася гэта акурат у день атрымання дыплома…

(Апускаем цягамотны дыялог, пераказваем інфармацыйна. Бацька прадумаў за сына яго будучыню. Ён марыў бачыць сына афіцэрам і хацеў, каб той паступаў у ваеннае вучылішча. Сыну захацелася паказаць сваю самастойнасць.)

— …Добра, — сказаў бацька, — не хочаш, не трэба. Едзь па сваім размеркаванні. Але ведай, што ты ні на што не здатны. Пакатайся. Усё адно вернешся. І тады я табе памагу.

Ён выйшаў, і Хальчэня крыкнуў яму ўслед у пустыя ўжо дзверы:

— Трэба мне твая помач!

Ён схапіў куртку і выскачыў за дзверы.

…Месяц адпачынку, што даваўся пасля тэхнікума, Хальчэня амаль не бываў дома. Бацька яго больш не чапаў, быццам і не было паміж імі ніякіх размоў, а маці вельмі любіла сына і таму адчувала сябе ў нечым вінаватаю перад ім, давала кожную раніцу грошы і шаптала: «Не слухай яго, рабі як хочаш…» Сяброў аднаго за другім бралі ў войска, ён праводзіў іх; сам перад ад’ездам зняўся з вайсковага ўліку і выпісаўся ў пашпартным аддзеле. Пасля вясёлых праводзінаў яму звычайна рабілася сумна, ён адзін блукаў тады па Гомелі, заходзіў часта ў парк, глядзеў на Сож, на драўляныя, амаль што вясковыя хаткі па той бок ракі. Смутак мацнеў, рабіўся соладка-шчымлівы, і Хальчэню хацелася зрабіць тады нешта вялікае, незвычайнае, каб не толькі бацькі, а і шмат-шмат людзей пабачылі, які ён таленавіты, не падобны на іншых — убачылі і здзівіліся, і ўзрадаваліся ад гэтага.

З такімі думкамі ён ад’язджаў з Гомеля.

«Можа, напісаць, як я пасварыўся з бацькам, як прынцыпова не захацеў паступаць па блаце?» — падумаў Хальчэня, седзячы за сталом над сшыткам, у якім намаляваў ужо некалькі красачак. Але гэта было б вялікай хлуснёй, і ён выдатна адчуваў гэта. Спрачацца з бацькам прымушаў яго не прынцып, а тое, што ён не любіў вайскоўцаў, наслухаўшыся розных гісторый пра «дзядоў» і «маладых». Можа, каб бацька замест вайсковага вучылішча прапанаваў інстытут, ён бы яшчэ падумаў, спрачацца ці не. Можна, вядома, выдумаць, напісаць пра абавязак перад дзяржавай, якая яго вучыла, але Хальчэня толькі кісла скрывіўся. Словы гэтыя так часта паўтараліся ў школе, у тэхнікуме, на розных камсамольскіх сходах, пісаліся ў газетах і зноў паўтараліся па тэлебачанні, што абсалютна, беззваротна страцілі ўсялякі сэнс. Не хацелася пісаць Хальчэню аб спрэчцы з бацькам яшчэ і таму, што ён за гэты тыдзень на свае вочы пабачыў, што такое будоўля, што такое жыць у інтэрнаце і што такое чужы, маленькі горад з чатырма крамамі і з клубам у былым касцёле. У ягонай брыгадзе самаму маладзейшаму было сорак гадоў: людзі працавалі, каб атрымаць кватэры, і, атрымаўшы, адразу пераходзілі на іншую, лягчэйшую работу. Нязменны быў хіба што адзін брыгадзір, які незалюбіў Хальчэню, калі даведаўся, што той — начальніцкі сын. Відаць, ён лічыў, што добрага сына ніякі начальнік на будоўлю не зашле.

Хальчэня зірнуў на гадзіннік і не паверыў: ён сядзеў ужо гадзіну, а здавалася — хвілін пятнаццаць, ад сілы. За акном сцямнела. Нехта хадзіў па калідоры, пасля спыніўся, пастукаў у дзверы і ляпнуў разы з два ручкаю. Хальчэня нават не зварухнуўся. Нешта ціха дзынкнула ў шыбіну, Хальчэня ўскочыў і, пакуль адчыняў фортку, убачыў, як ад знадворнага падаконніка зляцеў верабей. У фортку дзьмухнуў вецер, але такі цёплы, такі прыемны, які бывае толькі на пачатку вясны, перад першымі навальніцамі. Неба было цёмнае, і дрэва перад акном цёмнае, страшнаватае, яшчэ без лісця, толькі цьмяна свяціўся ліхтар за гэтым дрэвам, а далей нічога ўжо нідзе не свяцілася — інтэрнат стаяў каля самага лесу і Хальчэнева акно выходзіла якраз на гэты лес. «Калі не развіваць сябе, не займацца чым-небудзь — я тут да восені здзічэю», — падумаў ён, пацепнуў плячыма, зачыніў фортку і сеў за стол. Адзінота і нейкая вусцішнасць надалі яму смеласці.

Ён успомніў апавяданні, якія толькі што прачытаў у часопісах, і пачаў пісаць. Адразу з сярэдзіны, бо канцоўка была ўжо ім прыдумана, і адкуль бы ён ні пачаў, усё роўна скончыў бы так, як прыдумаў. Пісалася з непрывычкі марудна, але Хальчэня быў у настроі, курыў цыгарэтку і раз-пораз пасміхаўся са сваёй выдумкі. Ён пісаў пра вёску, а сам быў з горада, пісаў, як у вёску прыехалі дзяўчаткі сельгасатрадам, а сам ніколі не ездзіў ні сельгас-, ні якім іншым атрадам — практыка ў іхнім тэхнікуме была ў горадзе; пісаў, як герой пайшоў на поплаў касіць, а сам не трымаў за ўсё жыццё касы ў руках. На поплаве ён нібыта сустрэў дзяўчыну, якая збірала там кветкі і якая папрасіла навучыць яе касіць; пасля прызначыла яму спатканне, а калі ён вечарам прыбег пад бярозу, сельгасатрад паехаў у горад. Дзеля мастацкасці і таму, што нешта падобнае было ў часопісах, якія ён чытаў, Хальчэня падпусціў у апавяданне хмары, якія збіраліся цэлы дзень і абрынуліся навальніцай у той самы час, калі герой плакаў пад бярозай. Хмары і навальніца павінны былі перадаваць псіхалагічны стан героя.