Нічога паміж намі няма: ні кветак, ні пацалункаў, ні провадаў. Сустракаемся толькі ў абедзенны перапынак. Гаворым пра музыку, прыроду-пагоду, трохі пра літаратуру. Ніколі не згадваем пра яе дзіця: адкуль яно, хто бацька, дзе ён? Яна так сябе паводзіць, і такія падбірае словы, і такую ўкладвае ў іх інтанацыю, што я забываю розніцу ва ўзросце. Наадварот, усё часцей адчуваю сябе старэйшым за яе. І, можа, усё склалася б інакш, калі б мяне ў хуткім часе не падстрыглі ў войска.
«Ну вось, так заўсёды: толькі добры чалавек сустрэнецца ў жыцці, так расстанне…» І далей: «Хочаш, я буду пісаць табе і чакаць з арміі?»
У Шукшына ёсць апавяданне, як маладога салдата, што вяртаўся з вайны, заманіла да сябе жанчына, падаравала яму начное каханне, а калі салдацік заснуў, абрабавала і знікла. Але салдату напляваць аказалася на шмоткі і нават на такі жорсткі падман, ён бы і сам ёй усё аддаў, для яго гэта было першае каханне і ён запомніў яе на ўсё жыццё, як штосьці яркае, светлае і чыстае.
І калі добразычліўцы нашэптвалі мне яшчэ ў Мікашэвічах, а потым і пісалі ў войска, што мая прыгожая, мілая, не ад гэтага свету Люда — звычайная мясцовая давалка, мне, як таму шукшынскаму салдаціку, глыбока пляваць было…
5. Пяцьдзесят грамаў для паху
П’яніца з анекдота казаў: «Дайце мне пяцьдзесят грамаў для паху, а дурасці і сваёй хопіць», — так і мне тады: любая асоба жаночага полу, што звяртала на мяне ўвагу, рабілася 50 грамамі, а «дурасці» — уяўленняў, фантазіі, летуценняў хапала сваіх — цераз край ліліся!
Нічога кепскага, брыдкага, непрыгожага я не проста не заўважаў — не мог адшукаць пры ўсім жаданні, у кожнай апошняй б…і ўмудраўся бачыць толькі тое, што хацеў бачыць: самае лепшае, узвышанае, боскае, а калі яго не хапала ў рэальнасці — умеў дадумваць, дамалёўваць; урэшце, усе ж яны былі некалі маленькімі дзяўчынкамі, з каснікамі на галоўках, у белых школьных фартушках — як сімвал чысціні і цноты, усе выводзілі ў сшытку «мама мыла раму» і марылі пра штось, ды і цяпер марыць, усе ж яны ўрэшце — жывыя! (Думаў некалі.)
6. Юля
Праз дваццаць гадоў давялося зноў пабываць у Мікашэвічах. І то праездам.
Падсядае да мяне ў аўтобусе на вольнае месца дзяўчынка гадоў 16. Не быў бы я паддаты — прадрамаў бы спакойна да Мінска, тым больш, меў ужо вопыт у падобных сітуацыях. Аднойчы ў цягніку выйшаў пакурыць у тамбур, пазнаёміўся з дзяўчынаю, і цікава нам стала разам, і стаялі, гаварылі мы, пакуль яна не спытала: «А кім ты працуеш?» — «Рэдактарам на „Беларусьфільме“». І тут мая знаёмка нечакана спахмурнела, павярнулася і пайшла, я, мала што разумеючы — паплёўся следам. Праходзячы каля купэ, пачуў, як яна расказвае сяброўцы: «…Сказал бы честно, в каком-нибудь трамвайном депо, или где он там работает, так нет — редактор, киностудия! Трепло…»
Але цяпер, п’янаваты, я на той выпадак забываюся. Рызыкуючы двойчы наступіць на адны граблі, пачынаю трындзець: успаміны, Мікашэвічы, мая маладосць і часопіс «Маладосць»… Як я некалі працаваў тут, потым напісаў аповесць і сцэнарый фільма па ёй («Не глядзела?»), і там многае, асабліва прырода, узята з гэтых мясцін… Ёй цікава. Я спахапіўся:
— Андрэй. Пісьменнік.
— Юля. Наркаманка, — працягнула яна ручку, прыязна ўсміхнуўшыся, гэтае амаль дзіця, з ямачкамі на шчочках, з мяккім бляскам вачэй. І было відаць, што яна не ламаецца, не какетнічае, з такою ж інтанацыяй яна магла б сказаць: «Юля, студэнтка». Нават падалося, можа, яна і не ведае, што гэта кепска, і не лічыць сваю прывычку нечым заганным — як і далёкая яе зямлячка, полька Люда, не лічыла заганаю свае вольныя паводзіны.
7. Міша
Другі пасля Люды мой мікашэвіцкі сябар Міша меў увогуле 37 гадоў — неверагодная лічба для мяне тадышняга, менавіта з той оперы, дзе «столькі не жывуць».
Пачаць з таго, што ён быў з вышэйшай адукацыяй — скончыў Мінскі інжынерна-будаўнічы інстытут. У Мікашэвічах пакуль не было яму дзе працаваць па спецыяльнасці, і ён цягаў разам з намі бетон, закладваючы такім чынам падмурак свайго будучага інжынерскага кабінета.
Сышліся мы на Мінску. Любая яго згадка пра сталіцу выклікала ва мне захапленне. Тэатр оперы і балета? — хадзіў, і неаднойчы, у «ёперны»… Мінскае мора? — купаўся сто разоў… Мінскія дзеўкі? — была нават адна школьніца, «заколебала меня своим мороженым, да кино, да цветами…»
Усё савецкае ён шчыра ненавідзеў, усе было дрэнь, «калхознае» і «крестовое». Усё заходняе было «супер». Усе вакол былі мудакі, хамы і быдла, і толькі той меў права ўзвысіцца над імі, хто разумеў гэта.