Выбрать главу

Самае ж галоўнае, дзякуючы ўкраінцам, я раз і назаўсёды зняў пытанне аб мовах — на якой гаварыць, на якой думаць… Гэта ўзнікла само сабой, ніякай логікі ў тым не было, проста як чалавек устае адной раніцаю і са здзіўленнем заўважае, што яму не хочацца больш курыць, і лёгка кідае сваю кепскую звычку, не разумеючы, чаму не здагадаўся зрабіць гэтага раней, — так і я ў адно імгненне, без усялякай «сілы волі» пачаў думаць па-беларуску. Крыху пазней (але яшчэ да перабудовы) гэтак жа натуральна я прыйду да Бога, і яшчэ пазней (пасля перабудовы) — да творчасці. Так складзецца няхітры трохкутнік: уверсе Бог, па краях — мова і творчасць. Усё астатняе альбо ўсярэдзіне гэтага трохкутніка — маё лепшае, або па-за яго межамі — горшае.

Напачатку ўкраінцы памаленьку спрабавалі падцягваць мяне да свайго берага. «З такім прозвішчам… Шаўчэнку цытуеш… з такой памяццю… ну, што ў вас, у беларусаў, за мова? Жнівень — гэта ж дзіка, штучна!» — «А як трэба?» — «Серпень, нават август».

О-о, ребята, гэ, хлопцы, не ў каня корм. Жнівень то прыгажэй! — і калі вы гэтага не адчуваеце…

10. Капсула

Аднойчы глядзім абавязковую праграму «Час». Дзіўнаватае, калі не сказаць дзікаватае, відовішча. Усе ў споднім, палавіна голых да пояса — падшываюцца каўнерыкі. А ў тэлевізары тым часам рэпартаж-сюжэт: старшакласнікі-выпускнікі (не намнога маладзейшыя за нас) закладваюць у падмурак нейкай стэлы капсулу з пажаданнямі самім сабе, што б яны хацелі выканаць праз 30, здаецца, гадоў. Тады яны збяруцца тут, капсулу адкапаюць і даведаюцца, хто сябе спраўдзіў. Журналісты, канечне, лезуць са сваімі мікрафонамі, гэткі exit-poll — «што вы там панапісвалі?»

І вось адна дзяўчынка, самая лепшая, самая модная, самая разумная, самая… — адказвае: «Напісала — мару прачытаць за гэты час усяго Льва Талстога».

Цікава, што жадаюць сабе цяперашнія выпускнікі? Ды і ці засталася цяпер гэтая традыцыя з капсуламі?

…Які ж я ўдзячны Богу і лёсу, што не да канца мяне скалечыла ў той арміі, і жыццё маё не пайшло па іншай каляіне, і не стаў я ні трактарыстам, ні будаўніком, ні палітыкам, ні алігархам, а знайшоўся ў мяне і час, і жаданне, і магчымасць прачытаць і ўсяго Талстога, і нават (запознена апраўдваючыся перад Міхалюком) — усяго Чэхава, з прадмовамі і дробным шрыфтам набранымі каментарамі.

11. Песні і пісьмы

Знаходзіліся і такія, каму падабался ў арміі, прывыкалі — так прывыкаюць да турмы і да торбы. Морды ў такіх таўсцелі, фігуры, наадварот, спраўнелі, страйнелі ад рэжыму і фізічных практыкаванняў. Ды і самі казалі:

— А мне наравіцца тут!

Непісьменны Вася Аксёнаў часта круціўся перад люстэркам, стараючыся зірнуць сабе на спіну, і казаў: «Вось каб бацька мяне пабачыў!»

Астатнія, у каго былі галовы на плячах, ратаваліся тым, што вынеслі з папярэдняга жыцця. Дзіравілі іголкаю лічбы-даты ў каляндарыках. «Масла з’елі — дзень прайшоў»… «Дембель стал на день короче»… «Только сон приблизит нас к увольнению в запас»… Жылі ўспамінамі, пасылкамі, пісьмамі. Песнямі. Днём гарлапанілі, маршыруючы па плацы:

Стоим мы на посту Повзводно и поротно, Велики, как скала, Надёжны, как гранит, Мы — армия страны, Мы — армия народа, Великий подвиг наш История хранит!

А ўвечары ў «Чырвоным кутку» пад гітару:

Только вечер настаёт — Кент в кустах чувиху жмёт, А я жму свой автомат, Потому что я солдат. День и ночь, ночь и день На плече моём ремень…

Або «Дзедаўскую калыханку»: «Пусть приснится дом родной, баба с пышною…»

Але самае галоўнае, канечне, — гэта пісьмы. Матэрыяльны знак, доказ, што цябе не забылі, пацвярджэнне, што ёсць недзе іншае жыццё, і яно чакае цябе. Пісьмо можна трымаць у тумбачцы (дзённікі весці не давалі), насіць з сабою, перачытваць. Калі салдат трапляе «на губу», у першую чаргу ў яго адбіраюць лісты. «Десять лет без права переписки» — так некалі называлі расстрэл.

М. Таніч па-лесапавальнаму проста заклікаў: «Всего лишь: только две, только две зимы, только две, только две весны ты в кино, ты в кино с другими не ходи…» Калі ты ў турме ці на лесапавале, там хоць нейкае, хоць фіктыўнае абвінавачванне, і суд, і прысуд… А тут? За што пакутуюць сілком разлучаныя хлопец з дзяўчынаю? Уяўляеце, што такое для іх дзве зімы плюс дзве вясны? Не ведаю статыстыкі, але думаю, працэнтаў 90 дзяўчат не дачэкваюцца з войска каханых, і язык не паварочваецца іх вінаваціць, што не вытрымалі гэты дужа жорсткі, незаслужаны, незразумелы эксперымент, гэты бясконцы, як для 17—19-гадовых дзявочых галоў, тэрмін.