Выбрать главу

Тыя ж, хто дачэкваўся, дык гэта выключна дзякуючы пісьмам. У таго ж Таніча, дарэчы: «Письма нежные очень мне нужны, я их выучу наизусть…»

А «наизусть» іх мог вывучыць не толькі адрасат.

«У нашай Савецкай Арміі поўная воля, сапраўдная дэмакратыя, — казаў нам старлей — камандзір узвода, родам з Гомеля (а беларусаў не любіў, зямляк хрэнаў). — Гэта вам не войскі краін НАТА, дзе афіцыйна дазволены алкаголь і наркотыкі (і так захочацца на міг у тыя войскі НАТА!), потым заступаюць у дзяжурства і ў любы час здуру-сп’яну могуць націснуць кнопку, і ў нас паляцяць ядзерныя ракеты. Таму вы павінны быць заўсёды напагатове. А тыя, хто вас чакаюць, павінны ведаць, што ўсё ў вас добра».

…Ціха ў вучэбным класе. Палітычная карта свету на дошцы, у розныя колеры пафарбаваны краіны сацыялізму і капіталізму. Узводны пахаджвае, мякка паскрыпваючы ботамі, між радоў. Як настаўнік, зазірае каму-небудзь праз плячо… Пішам лісты дадому.

— Усе напісалі? А цяпер не заклейвайце канверты, а мне на стол. Та-ак, украінскую ведаю, беларускую ведаю… Вось вянгерскую… Кіш! (Гэта прозвішча, цалкам Карл Карлавіч Кіш, частаваў нас свойскім шпікам — ружовым ад перцу, духмяным салам з пасылак.) Ідзі сюды!

Аказалася, што і самы талковы з венграў Карл Кіш не настолькі валодае рускай, каб перакладаць.

12. «Іслач»

Пасля арміі (неаднойчы пісаў ужо), у 1986 годзе, мне пашэнціць патрапіць на семінар маладых пісьменнікаў у Дом творчасці «Іслач». Неўзабаве гэтая «Іслач» стане не менш вядомай за Каралішчавічы, пра яе нават складуць ананімную паэму — варыянт «Лысай Гары», толькі пра нашае пакаленне. Шкада, што яна недзе знікла — «канула ў Лету», і засталіся толькі «бурбалкі» — асобныя фрагменцікі кшталту гэтага:

О Іслач, край зусім нядрэнны! Там Сыс пад хвойкамі гуляў, І вечна п’яны Федарэнка Свае законы ўстанаўляў…

Лухта, канечне. Хапала там каму ўстанаўляць законы без мяне. Васіль Быкаў з трыбуны тлумачыў, што ў аснову камуністычнага кодэкса пакладзены хрысціянскія, евангелісцкія пастулаты — крытыкі ў той час грызлі яго раман «Кар’ер», упікаючы аўтара ў богашукальніцтве. Іван Чыгрынаў агарошыў усіх заяваю: «У нас адна з найлепшых, адна з найбольш развітых літаратур у свеце, і гэта пры амаль поўнай адсутнасці размоўнай, бытавой мовы. Можа, у гэтым справа? Літаратура акумулюе, назапашвае, зберагае ўсё беларуска-культурнае, духоўнае — як фальклор некалі — да лепшых часоў».

Думайце!..

На семінар я прыехаў з двума апавяданнямі, адно пра армію. У «Іслачы» якраз адпачываў Янка Скрыган. Папрасіў узяць на ноч пачытаць «маладую прозу». Параілі мяне.

Назаўтра раніцаю ў сталоўцы Ян Аляксеевіч аддаў мне апавяданне. Акрамя рукапісу ў папцы яшчэ ляжаў ліст.

— Насупраць аднаго слова я нават паставіў плюсік, — сказаў Скрыган. — Вось гэтае — «выдаўжыўшы» ногі. Ніколі раней такога не чуў.

Апавяданне ўсё было скрэслена алоўкам — які халодны душ пасля «маладосцеўскай» пахвальбы! І нічога ўжо нельга паправіць — вось-вось павінен выйсці часопіс менавіта з гэтым «Пісьмом».

Скрыган доўга гаварыў пра расцягнутасць, слабы дынамізм, рыхлую кампазіцыю, невыразнасць галоўнага героя…

— І потым: няма такой думкі, такой з’явы, такога эпізоду, якіх нельга было б раскрыць на 6–7 старонках. Тады навошта вам для таго ж самага спатрэбілася ў тры разы болей?

Усё гэта паўторыць у скупой рэцэнзіі гродзенскі крытык Ігар Жук (мой сябар): «Пакуль цяжка гаварыць што-небудзь пэўнае пра зусім маладога А. Федарэнку… Літаратурная нявопытнасць выявіла свой знак найперш у празмерным жаданні ўціснуць у апавяданне як мага больш матэрыялу, праз што і сам твор кампазіцыйна аслаб»…

13. «Пісьмо»

Перад тым як выйсці на шырокую галоўную вуліцу, што вяла за горад, узводу быў дадзены загад спыніцца.

Малады высокі лейтэнант у перацягнутым рамянямі, акуратным шынялі, з сумкай на баку адступіў амаль да сярэдзіны вулачкі, на якой спыніўся ўзвод, і пільным позіркам акінуў сваіх падначаленых, нібы збіраючыся палічыць іх. Гэта былі зусім маладыя салдаты — усе з аднаго прызыву, якія праслужылі толькі чатыры месяцы.

Стаяла мяккая, адліжная раніца, бадай, першая больш-менш цёплая раніца за ўвесь люты. Гурбы снегу паўз дарогу за адну ноч пацямнелі, зрабіліся рыхлымі; снег раставаў, і пахла вясной. У тым канцы вулачкі, адкуль толькі што ішлі салдаты, вісеў рэдкі туман — пэўна, ад таго, што раставаў снег. На гэтай жа вулачцы, зусім блізка адсюль, размяшчалася і вайсковая часць, толькі цяпер варотаў з зоркамі не было відаць за туманам.