Сягоння ўжо, як ніколі, адчувалася, што нарэшце надыходзіць канец доўгай завейнай зіме. Праўда, тут, у цэнтры Расіі, такія зімы — звычайная з’ява.
У чаканні новай каманды салдаты стрымана перагаворваліся, нецярпліва паглядваючы на лейтэнанта і не разумеючы, чаго іх спынілі. Толькі ж што строіліся ў казарме і гэты самы лейтэнант — іх узводны — правяраў усё, што трэба, і ўсё, што (як ім здавалася) не трэба: правяраў рэчмяшкі, каб нічога, акрамя кацялка, лыжкі і кружкі, там не было; правяраў аўтаматы, падсумкі, супрацьгазы; прымусіў зняць боты і глядзеў, ці правільна накручаныя анучы… Узвод павінен быў прайсці нейкіх пятнаццаць кіламетраў за горад, у лес, дзе знаходзіліся склады іхняй часці, і хоць прайсці трэба было дзе пехатой, дзе бягом, пры поўнай выкладцы — лічылі, што не такое ўжо гэта важнае заданне, каб марнаваць час на розныя дробязі.
Зараз салдаты думалі прыкладна адно і тое ж: маладому ўзводнаму хочацца лішні раз пакамандаваць імі.
— Узв-о-од, інтэрвал адзін метр, у ногу, шагам а-а-арш!
Праз хвіліну былі ўжо на галоўнай вуліцы. Ішлі ахвотна, з задавальненнем грукаючы ботамі па асфальце. Амаль увесь час, абдаючы салдат мокрым пылам (некаторыя, у асноўным, на жаль, графаманы, хвалілі мяне, што адстаяў гэты «мокры пыл» — «сухую ваду». А з іншага боку, кажуць жа «апякло холадам»?..), калону абганялі машыны, аўтобусы; раз-пораз ззаду пад’язджаў тралейбус, і тады сцяжковыя, папярэджваючы, узмахвалі сцяжкамі, і салдаты вымушаны былі трымацца паўз самы тратуар.
Ракіцкі ішоў у апошняй шарэнзе, крайнім да цэнтра дарогі. Ва ўнутранай кішэні бушлата ён локцем стараўся намацаць пісьмо. Аддалі яго ўчора вечарам перад самым адбоем, таму яно было непрачытаным і нават нераспячатаным. Хацеў пачытаць уночы, у туалеце, але, ледзь крануўшыся галавой падушкі, заснуў і праспаў амаль да раніцы, калі іх паднялі па вучэбнай трывозе на гэты марш-кідок.
Ракіцкі паправіў шапку і моцна сціснуў рэмень аўтамата з намерам не кранаць больш гэтага пісьма і не думаць пра яго. Тым больш, ён цвёрда быў упэўнены, што нічога добрага для яго там не магло быць. Гэта было пісьмо ад дзяўчыны, якой ён перад арміяй прызнаваўся ў каханні і якая пасмяялася з яго.
Салдаты мінулі апошні квартал і выйшлі за горад. Ісці стала крыху вальней — і таму, што цяпер менш траплялася машын, і таму, што вочы не натыкаліся больш на шматпавярховыя дамы горада. Вакол дарогі ля-жала белае поле. Ракіцкі трошкі высунуўся і глянуў уперад: дарога, хоць і не вельмі крута, падымалася ўгору, і толькі далёка-далёка на гэтай гары віднелася нешта цёмнае — не то лес, не то проста туман.
«Горы нейкія, горы… I здаецца ж, не так і далёка адсюль Беларусь, а ўсё нейкае другое… Ну, дзе ў нас, у Беларусі, горы?..»
(У тыя часы ўжываць у апавяданнях слова Беларусь лічылася ледзь не подзвігам, і яго піхалі ва ўсе дзіркі.)
I зусім нечакана перад вачыма Ракіцкага да таго ярка паўстаў малюнак вясковай цёплай летняй ночы, хто ён шырока раскрыў вочы, нібы жадаючы ўпэўніцца, што перад ім усё тая ж дарога, якая падымаецца пад гару, і абапал яе — брудныя гурбы снегу.
Слаба верылася, што яна была некалі, тая ноч, глыбокая і ціхая… Калі Ракіцкі сядзеў на лаўцы каля сваёй хаты, калі яму (дурному!) зусім не хацелася спаць, калі пахла яблыкамі, свежай, мокрай травой, свяціў месяц, і ад плота цераз вуліцу цягнуліся доўгія чорныя цені… Нікуды не хацелася ісці — ды і куды ісці? У сваёй невялічкай вёсцы Ракіцкі застаўся самым старэйшым з хлопцаў. Астатнія — хто ў арміі, хто ў горадзе. Было, праўда, некалькі школьнікаў, але ў іх яшчэ, на думку Ракіцкага, быў дзіцячы розум.
Ён проста сядзеў, выдаўжыўшы (слова, якога ніколі не чуў мовавед Ян Скрыган) ногі, глыбока дыхаў і думаў аб тым, аб чым думае большасць хлопцаў перад войскам. Яму марылася пра нейкую дзяўчыну, пра тое, як яна праводзіць яго на цягнік, як падымаецца на пальчыках і, абхапіўшы рукамі за шыю, цалуе… Што гэта будзе за дзяўчына, якая яна будзе з твару, як яе зваць, адкуль яна ўвогуле возьмецца — гэтага Ракіцкі не ведаў і не хацеў ведаць. Калі б яму ўдалося ўявіць на месцы гэтай прыдуманай феі якую-небудзь сваю знаёмую дзяўчыну, то, напэўна, адразу знікла б і слодыч ягонай мары. Выдуманая дзяўчына ў ягонай мары гаварыла толькі тое, што яму і хацелася ад яе чуць; знаёмая ж дзяўчына нават у марах магла гаварыць толькі аб нечым сваім, зямным, незразумелым і зусім непатрэбным яму ў час развітання…