… — Узво-о-д, левае плячо ўпяро-о-од!
Салдаты спусціліся з шашы, паўз якую даўно ўжо цягнуліся абсыпаныя цяжкім снегам елкі, і пайшлі па лясной дарозе, разбітай ваеннымі грузавікамі. Да складаў заставалася не больш двух кіламетраў, але, як назло, і гэтая дарога забірала ўверх. Да таго ж, ісці стала слізка.
Стомленаму Ракіцкаму здавалася, што дарозе гэтай не будзе канца і што прайшлі яны не дзесяць — дванаццаць, а ўсе трыццаць кіламетраў. Ногі яго так прызвычаіліся да таго тэмпу, якім ішоў узвод, што здавала-ся, каб ён і захацеў, то не змог бы прымусіць сябе ісці ні болынымі, ні меншымі крокамі… Яму стала сорамна і разам з тым з’явілася злосць на сябе, на тое, што, мусіць, у аднаго яго гудуць, гараць ногі і мокрая спіна пад бушлатам.
На павароце ўзводны спыніўся і, прапускаючы калону, пачаў углядацца ў твары салдат.
— Узв-о-од, бягом — марш!
«Якое бягом! — ледзь не вырвалася ў Ракіцкага. — Тут ісці няможна, а не бягом!» Але пярэднія пабеглі ўжо, чвякаючы ботамі па нарэзаным выпуклымі шынамі грузавікоў мокрым снезе. I ён пабег, сабраўшы ўсе сілы і жадаючы толькі аднаго: не адстаць больш чым на два крокі ад таго, хто бег наперадзе.
…Спыніліся так жа нечакана, як і пабеглі. Ледзь не выцяўшыся тварам аб аўтамат пярэдняга, Ракіцкі, цяжка сапучы, узняў галаву і нават калі ўбачыў сярод елак высокую цагляную агароджу, чорна-белы шлагбаум і салдата без шыняля каля яго, то не паверыў — няўжо ўсё, прыйшлі? Можа, гэта нейкая выпадковая перашкода, і праз хвіліну зноў некуды пабягуць, і будуць бегчы, бегчы, аж пакуль зусім не зваляцца з ног.
— Паўгадзіны — на перакур, — коратка кінуў лейтэнант, вярнуўшыся з КПП. — Там прыбудзе машына, і паедзем у часць.
Узвод рассыпаўся. Лейтэнант, сяржанты пайшлі ў каравулку — невялікі цагляны будынак побач з КПП.
У невялікім закутку паміж каравулкай, яшчэ адным будынкам і агароджай, да якой была прымацавана шыльда «Месца для курэння», было ўкопана чатыры лаўкі. Ракіцкі першы апусціўся на адну з іх. Ад стомы не хацелася нават курыць. Ён заплюшчыў вочы і адразу ж перад ім паўстала спіна ў шэрым шынялі, паўз дарогу паплылі елкі… I яму здалося, што ў хадзе па гэтай дарозе і заключаецца служба, што ўсе два гады ён так і праходзіць па гэтай дарозе. «I каб жа ведаць, што гэта некаму трэба — яшчэ не столькі прайшоў бы! Знайшліся б сілы… Ды я дакаціўся, дапоўз бы… А-а, і казаць няма чаго! Назад павязуць — і то добра…»
— Во каб зараз — назад такім жа тэмпам!
— Людзі бегаюць больш, чым мы ішлі.
Павольным, леным рухам Ракіцкі расшпіліў бушлат і выцягнуў вільготны ад поту канверт. Нейкі момант абыякава глядзеў на блакітную марку, на хвалістыя чорныя лініі штэмпеля. Пасля адарваў ад ражка вузкую палоску і выцягнуў невялікі ліст. Вочы адразу выхапілі некалькі слоў з сярэдзіны. Пісьмо было напісана па-беларуску, роўным дзявочым почыркам, у якім літары стаялі асобна адна ад другой…
(Адразу папярэджваю — гэта не пісьмо Таццяны да Анегіна. «Но строк постыдных не смываю…»)
«Добры дзень, Юра! Адразу прызнаюся, што не чакала ад цябе такога пісьма. Ты пісаў, што калі я па-сапраўднаму некага кахаю, то не трэба табе пісаць. Кажу табе, Юра, адразу, што нікога я па-сапраўднаму не кахала, і ты, калі ласка, пра гэта не думай. Тады мяне праводзіў Яновіч з нашага класа. Ён, праўда, мне крыху падабаўся, але цяпер, калі пачаў хадзіць з… (не буду пісаць з кім), то зрабіўся мне зусім абыякавы. Толькі не таму, што памяняў мяне на другую! Калі б у нас было што сур’ёзнае, дык я павінна была б перажываць, а я — ніколечкі! Значыць, нічога сур’ёзнага і не было. А што тады, ноччу, я так гаварыла — тое забудзь, тое няпраўда! Мы ж — дзеўкі — такія… Калі ўжо раз нехта правядзе, то здаецца, што ўсе хлопцы кругом у цябе закаханыя і толькі таго і чакаюць, каб у гэтым прызнацца. Юра, я пасля твайго пісьма многа перадумала і багата чаго зразумела. Ты, канечне, не змог усяго напісаць, але я сваім жаночым сэрцам адчуваю, што табе, як і другім хлопцам, нялёгка і, мусіць, усяго бывае. I ў нарады ходзіце, і ў каравулы, і не спіце начамі, бо сцеражэце наш сон. Вас нельга крыўдзіць, а трэба берагчы, любіць і цаніць… Пішы… Вышлі фотакартку…»
Ад хвалявання лісток дрыжэў у руках Ракіцкага. Наколькі моцна ён убіў сабе ў галаву, што пісьмо будзе дрэнным, настолькі нечаканай і ад таго вялікай была зараз яго радасць.
Ён падняўся і, патаптаўшыся на месцы, падышоў да салдат. Яму цяпер хацелася кампаніі.
Ракіцкі, усміхаючыся, пазіраў на сяржанта, сам не ведаючы, чаго падышоў і што збіраецца казаць.