Выбрать главу

Заняты сваімі думкамі, Маховіч нават не спыніўся, каб цікавіцца знашнім выглядам вакзала (яго дабудоўвалі, калі Маховіч служыў), а адразу прайшоў праз шкляныя круцёлкі-дзверы і апынуўся ў памяшканні… зале чакання. Ля вакенца з надпісам «Продаж прыгарадных білетаў» стаяла доўгая чарга. Сёння была якраз пятніца, дзень, калі на «гараджан» найбольш находзяць любоўныя пачуцці да роднага дому і да старых бацькоў.

Маховіч пашукаў вачыма знаёмых і, упэўніўшыся, што чаргу гэтую, як ні круці, давядзецца выстаяць, уздыхнуў і прыстроіўся самым апошнім — за дзяўчынай.

Чарга рухалася марудна. Ля самага акенца тоўпіліся тыя, у каго «вось-вось» аўтобус. Маховіч глянуў на гадзіннік (як часта!), яшчэ раз уздыхнуў і прамармытаў даволі гучна:

— Іх паслухаць, дык у гэтую хвіліну адпраўляюцца ўсе аўтобусы вакзала.

Дзяўчына азірнулася на яго і засмяялася (ацаніла).

— Ой, а я вас ведаю! Вас завуць, здаецца, — яна хітра прыжмурылася, — так, Сяргей, і вы едзеце да Сасновага, а я крыху далей — у Бокаў. А мяне завуць Ліка. Нам адным аўтобусам ехаць, па дарозе.

— Так? — узрадваўся Маховіч. — Дык купі мне, калі ласка, білет, каб не стаяць…

І, быццам не заўважыўшы на яе твары лёгкай збянтэжанасці, Маховіч уклаў капейкі ў машынальна падстаўленую руку дзяўчыны і пайшоў да выхаду…

* * *

Лагічней было б, канечне, каб Маховіч застаўся ў чарзе і купіў білет і сабе, і дзяўчыне. «Комплексы»! Добра памятаю тую Ліку — Анжаліку з Полацка. «Давай, браток, поедем в Полоцк, свою тоску гони ты прочь, мы заберём с собой Анжелу, мы будзем пить, гулять всю ночь! Чего-то нет, чего-то жаль, куда-то сердце мчится вдаль!..» Прыгожая была дзеўка. Ведаю, ведаю — калі палічыць (а ўважлівы чытач налічыў ужо 2 Анжэлы), усе да адной у мяне прыгожыя; што ж рабіць, калі сапраўды толькі да такіх цягнула — па прынцыпе палярнасці — і ўсе такімі здаваліся (гл. раздзел 5).

Іншае цікава. Акрамя сапраўднай літаратуры, якую я ў тыя 80-я пачынаў толькі адкрываць, мая галава была набітая Вернам, Стывенсанам, Дэфо, Гюго, Драгунскім, Куперам, Конан-Дойлам, Грынам, Рыдам, Гайдарам, Лонданам, Скотам, Янкам Маўрам… Дзе мае дэбютныя падводныя лодкі, шукальнікі скарбаў з рыдлёўкамі на плячах, мяхі з пушнінай (як у дэбюце А. Наварыча), дзе мае двое калі не на экзатычным, закінутым у часе і ў прасторы востраве, дык хоць бы заблукалыя ў мясцовым балоце ці ў бліжэйшым Піліпавым лесе?..

Чаму такое рэалістычнае нудноцце і шэрасць?

Ды з прычыны, указанай у 14 раздзеле. Пры ўсім захапленні вышэй пералічанымі аўтарамі, чытаючы іх, не перастаеш адчуваць, што гэта гульня, умоўнасць, што такога не было і, па вялікім рахунку, быць не можа.

«…Мала таго. Калі напружыцца і паставіць сабе за мэту, можна стварыць копію капітана Нэмо, і Бюг Жаргаля, і выпаленую амерыканскім сонцам прэрыю, па якой нясецца конь з безгаловым вершнікам (варыянт — „кароль Стах“), і пірата Сільвера з яго кашмарным папугаем на плячы (які крычаў: „Піястры!“, мы б замянілі на „Рублікі!“)…

А вось хай Гюго з Майн Рыдам і з Джэкам Лонданам паспрабуюць напісаць, як вясковы хлопец купляе на вакзале білет, едзе ў аўтобусе, сядзіць пад квітнеючай ліпаю, сварыцца з маткаю на тэму — ехаць у вялікі свет і хутчэй за ўсё прападаць там, ці заставацца ў вёсцы (і таксама прападаць)…

Сільвер на сваёй драўлянай назе і з папугаем на плячы — умоўнасць, яблыня белага наліву пад месячным сяйвом — рэальнасць, даступная ўсім, у т.л. і Стывенсану…»

(Цытата з дзённіка за 1986 г.)

АЎТОБУС

Канечне ж, у аўтобусе сядзелі яны побач, і канечне ж, Маховіч закахаўся.

ВУЛІЦА

Маховіч звярнуў у вулачку, якая найкарацей вяла дадому. Тут ён запаволіў крок.

Ён стараўся… ён знарок адганяў думкі… аб размове ў аўтобусе, каб потым, пры іншых абставінах, успомніць яе да драбнюткіх драбніц. Усмешка раз-пораз кранала яго вусны. Ён запускаў далонь у валасы, ускудлачваў іх і нават спыняўся, са здзіўленнем азіраючыся, быццам стаіць… апынуўся не на сваёй роднай вуліцы, а ў чужым месцы.

Па дарозе сям-там ляжалі шматкі сухога сівага сена, якое звозілі трактарамі з поплава і растрэслі; пахла сенам і трохі ліпавым цветам.

І толькі каля высокай тоўстай ліпы, што расла недалёка ад яго хаты, Маховічу ўдалося перавесці думкі (і вочы) на другое — на ліпу.

Ісці дамоў расхацелася. А чаго хацелася, Маховіч і сам не ведаў. І ў гэты момант памяць нечакана ярка…