Выбрать главу

Пад дрэвам быў цень. Ліпа пахла так густа, соладка, прыемна, пчолы гулі ў яе кроне, лістоце і поўзалі па ствале… па кары; вакол дрэва быў такі густы прыемны цень, што Маховіч не змог утрымацца, каб не апусціцца на лаўку і не пасядзець.

Ён прысеў на лаўку. Вакол дрэва быў цёмны круг святла і стаяў такі густы, прыемны, салодкі пах… Было чуваць, як пчолы поўзалі па ствале і гулі недзе ўверсе, у кроне…

Колькі разоў у арміі Маховіч згадваў гэтаю ліпу, колькі разоў думаў, як будзе сядзець вось так, як цяпер, і ўспамінаць, як ён некалі ў арміі думаў тут сядзець… І вось сядзіць — і што?

Але ж яму прыемна… Чаго? Не толькі ад таго, што сядзіць адзін пад ліпаю. А ад чаго яшчэ?

(Карацей, каханне. О, хто нас у гэты свет паслаў! Якая мілата, які цуд гэта незямны! Ты быў адзін, а цяпер — двое. Ты стаў вачыма, і вушамі, і носам іншага чалавека, і ўвесь свет успрымаеш цяпер так, як каханы чалавек, а ён — так, як ты. Для гэтага нават не абавязкова быць побач і гаварыць услых; няважна, у якой кропцы зямнога шара і на якой адлегласці адзін ад аднаго знаходзяцца каханыя — усё роўна бычаць яны адно й тое ж і адчуваюць аднолькава… Вось дрэва, і сёння раніцаю ты бачыў яго (калі ўвогуле бачыў) — а цяпер! Узоры лісця, гульня святла-ценю, і ўсё гэта складваецца ў галаве ў сказы… ды якія разбэрсаныя і разам з тым стройныя… фізіялагічна-юрлівыя і адначасова ўзнёслыя… А калі яшчэ ёсць каму слухаць! Мала таго — можна ж яшчэ прыціснуцца, пацалавацца… Не, гэты свет не сам па сабе, ён дакладна Кімсьці кіруецца!)

Толькі Маховіч пачаў падманваць сам сябе, што не было ніякай дзяўчыны, ніякай размовы, што прыемнасць гэтая проста так — ні ад чога, як у гэты момант памяць ярка… у вушах прагучаў яе голас, а перад вачыма паўстаў яе твар — да таго выразна, што Маховіч зажмурыўся.

«Як дзіўна. Я не ве-да-ла, — па складах паўтарыў ён слова, якое міг назад так выразна пачулася яму. — Я ка-за-ла. Як дзіўна, што яна — дзяўчына, і так прывычна для яе „казала“ замест „казаў“… тое самае для яе „ведала“, як для мяне — „ведаў“…»

І хоць недзе ў самым куточку душы заварушылася трывога (?), нібы папярэджваючы, што дабром такія думкі і захапленні не канчаюцца, Маховіч адагнаў яе і радасна, шчасліва засмяяўся.

НАЧНАЯ ЯБЛЫНЯ

…Ён спусціўся з ганка і паціху пакрочыў па белай, светлай ад месяца вуліцы. (Чорныя, доўгія, паласатыя ад платоў, дрэў цені…)

Завулак. Яблыня. Галіны звесіліся на вуліцу. Маховіч выглядзеў яблык, вялікі, нават бачна было, які ён наліўны, жоўта-белы, і толькі хацеў падскочыць і сарваць яго, як ад нечаканасці ўздрыгнуў. Зусім побач… праз шчыліну плота… у цёмным кутку, на цёмнай лаўцы… крокаў за пяць, на цёмнай лаўцы, спінай да яго сядзела парачка (прытуленая, прытуліўшыся?). Ён хацеў нячутна… адразу пайсці, але ўсім вядомая цікаўнасць утрымала — саромная, усемагутная… Стойваючы дыханне, ён пастаяў, нічога не пачуў, нічога не ўбачыў і ўжо асцярожна павярнуўся, як на лаўцы завалтузіліся.

— Ай-йдзі, дурны, — сказала гучна дзяўчына.

Зноў зацішша, зноў валтузня, і зноў:

— Ай-йдзі… Дурное, куды ты лезеш…

У адказ мужчына (не хлопец!) зарагатаў басам.

Маховіч падскочыў і сарваў яблык, знарок не тоячыся, рэзка шморгнуўшы галіну. Яблык, праўда, аказаўся добры, і пах летам.

— … Што там такое?

N. наблізіўся. Ледзь не нос у нос пачаў разглядваць Маховіча, але так і не пазнаўшы, дабрадушна сказаў:

— Што, хлопча, адзін? Ідзі ў клуб, гуляй! (Дазваляю. Калі што — скажы, звяртайся да мяне.) Хапай любую, гуляй… А хочаш — маю бяры? — кіўнуў галавою на лаўку.

— Дурное якое, — пачулася адтуль.

(N. зарагатаў. Ён быў добры чалавек, адразу відаць. Калі б Маховіч згадзіўся, N. так бы і зрабіў — аддаў бы, саступіў бы сваю дзяўчыну.)

КРАМА

У краме — маленькай, на два вакны, старэнькай хатцы было цемнавата.

Некалькі жанчын куплялі хлеб. Разаслаўшы на падлозе хусткі, клалі на іх свежыя пахкія боханы. Калі Маховіч зайшоў і павітаўся, твары жанчын павесялелі, яны ўхапіліся хутчэй увязваць свае клункі, каб паспець павучыць Маховіча жыццю.

Тое, што яго трэба вучыць, само сабой разумелася: ёж жа піў і курыў, а значыць, быў дурнейшы за іх…

16. Крама

Ці, як у нас казалі, магАзін.

Быў ён адначасова і клуб, і кавярня, і медпункт, і «тэлеграф» — адзіны па ўсю вёску тэлефон, і «банкетная зала», і месца адпачынку. Нязменная бочка з селядцамі-івасямі — для людзей, і бочка з камсою — для свіней… Здавалася б, гэты селядцовы пах павінен быў перабіваць усё на свеце і пахнуць павінна было б толькі гэтымі бочкамі — не, усё, што тут было, пахла па-свойму, нават закаркаваныя пляшкі алею пахлі халвой і сланечнікамі. Пахлі скрынкі з мукою, крупамі, цукрам; у кожнай скрынцы тырчэў савок (менавіта так — савок без двукосся, у мяне ўвогуле мара вярнуць некаторым словам іх сапраўднае, нармальнае гучанне і значэнне, напрыклад, прыгожаму і абсалютна невінаватаму слову «блакітны»)… Вагі. Набор круглых гір і маленькіх гірак, якія нават даросламу такая спакуса стырыць — проста незаўважна пакласці ў кішэню, асабліва вось гэтыя, маленькія, па 50 і па 100 грамаў, на грузілы для донак. Два шкляныя, звужаныя ўніз цыліндрыкі з кранікамі, у адной ёмістасці бярозавы сок — 8 капеек, у другой таматны — 10 капеек, побач — бясплатная соль у чарачцы і лыжачка, аблепленая соллю (пра гэты таматны сок хто б з пісьменнікаў не пісаў, ніхто не праміне згадаць, што лыжачкай нехта ўжо карыстаўся).