Выбрать главу

9. Слівы

12 гадоў. Рэчка ад маёй хаты метраў пяцьдзесят. Лета. Я лаўлю таптухаю ўюноў. Валодзя, аднагодак і сябар, узахвоціўся насіць па беразе вядро. У яго сястра Ната (тая самая колішняя «падпольшчыца»), я кахаю яе, памагаю рабіць ёй урокі, мне прыемна ўсё, што з ёю звязана: кнігі, якія яна чытае, адзенне, якое яна носіць, брат Валодзя, якога яна мае…

Ловіцца слабавата, за пяць заходаў адзін-два ўюны, праўда, вялікія, з ікрою.

— Давай я буду ў двор адносіць, — кажа Валодзя. У сэнсе, будзе чамусьці насіць у мой двор.

Я тугадум, я нічога не разумею ў людской хітрасці, не разумею асалоды падману, хаця здагадваюся, што такая павінна быць.

Чаму ты хочаш насіць у двор, калі вядро ў цябе ў руках? Але насі… Раз панёс. Другі панёс, трэці — няма і няма. Я злавіў уюна, пусціў у вядро… І раптам цюкнула — ён жа ў хату лазіць! Грошы там… Увогуле, лазіць у чужую хату… Яна адкрытая, бо рэчка блізка, і хто б заходзіў у двор, відаць было б.

Іду, мокры, злы, больш таго — спалоханы крыху. Усё правільна — дзверы насцеж у веранду. Заходжу ў хату — Валодзя саскоквае з поліка, закрываючы рукамі галаву, прашмыгвае паўз мяне ў веранду, на двор, і ўцякае… На поліку — вядзерца сліў, было поўнае, цяпер — напалову пустое. Носячы ўюны, ён забягаў у хату і ласаваўся слівамі.

Сліў у тым годзе было столькі, што ламаліся галіны і дзерліся напапалам ствалы, іх, слівы, давалі бясплатна людзям, дачнікам, і ніхто браць не хацеў. Самы большы слівовы сад быў акурат у Валодзі.

10. «Адзін летні дзень»

РАНІЦА.

Мне — трынаццаць гадоў, і я вяртаюся з лесу з поўнай сеткаю грыбоў. Іду пожняю, паўз могілкі, і доўгім аблупленым дубцом ніжу наперадзе, разбіваю бліскучую расу і мокрае белае павуцінне. Следам зморана цягнецца рабенькі шчанюк, сам сабе ціхенька скуголіць, але варта мне нагнуцца, каб пагладзіць яго, пішчыць і адбягае. Нават бурчыць. Ён злы на мяне: вядома, я яшчэ ў прыцемках успароў яго, маленькага, з цёплага сена ў хляве, пасля ў лесе нацкаваў яго на вожыка, аб якога ён пакалоў і лапы, і нос, а цяпер пужаю свістам дубца. Да ўсяго, ён галодны.

Наперадзе — вёска, а за могілкамі, трошкі ўлева, поўна дач. Нехта грукае там малатком, а рэха адгукаецца і за спіною, у лесе, і наперадзе, у вёсцы, — адбіваецца ад нечае хаты. Дачы фігурыстымі церамамі раскінуліся па ўсім полі за могілкамі, пад самы лес, прыголса пабліскваюць на сонцы сваімі рознаколернымі акенцамі, а здалёк гэты відарыс нагадвае святочкы гарадскі парк з рознымі каруселямі, будачкамі-атракцыёнамі, чортавым колам і пабітым аўтобусам-цірам.

У адным з гэтых церамоў — Божа мілы, як радасна і шчасліва пра гэтае ўвесь час ведаць! — жыве такое белагаловае, адзетае ў зялёнае з чырвоным, адных са мною гадоў, але якое тварам і голасам такое падобнае на дарослую гарадскую дзяўчыну!.. Завецца яно чамусьці Анжэла, а вечарам гэтае прыгожае і белагаловае можна ўзяць за руку, прыціснуцца да яго і слухаць сур’ёзны, павучальны галасок: «Знаеш, когда парень с девушкой начинают вспоминать, как они знакомились, разные подробности или ещё что-нибудь в этом роде — у них не будет будущего…».

Я сабе пад нос спяваю: …Нават рэхам не гукае — Адлятае… адплывае… Вось і следу ўжо няма.

Ужо гадзіны з тры, пакуль цягаўся па лесе, гэтае сядзіць у маёй галаве — не пачаткам ці канцоўкаю нейкага верша, а так, ад таго, што жнівеньскай раніцаю я іду дадому і пазіраю на вёску і на дачы. А можа, і не ад таго. Адзін мой сябра, Васіль, любіць падманваць дачнікаў; ён знарок залазіць у маладую бярозавую пасадку, дзе пасаромеецца расці людскі мухамор, і на ўвесь лес раве: «Ва-а-анька! Сю-у-юда! Грибы есть!» Так і крычыць, па-гарадскому. Я не хачу сказаць, што дачнікі такія ўжо дурні, але гэта ўсё ж не мясцовы люд, — і з трэскам, з перагукваннем чалавек колькі прэцца ў пасадку. А Васіль верашчыць: «Машенька-а-а! Грибов-то здесь сколь-ко!», а рэха носіць па ўсім лесе, і вось цяпер я спяваю:

…Нават рэхам не гукае — Адлятае… адплывае… Вось і знаку ўжо няма!

«Адлятае» — гэта нечы чужы, падсвядома запазычаны штамп: адлятае летні настрой, канікулы, «журавы ў вырай», пух з таполі, адлятае сум «белымі ніткамі-павуцінамі», хоць таполі даўно ўжо адцвілі, а да бабскага лета з журавамі і з павуцінамі — як да неба.

Мой шчанючок круціць галавою, не разумеючы, што яго грэе, і спрабуе нюхаць сонечныя промні. Можна ўявіць, як цяпер ягонаму носу, калі мой адрознівае сто пахаў! Я з усяе сілы цягну носам, захлынаюся паветрам, і робіцца, быццам нырнуў і набраў у нос вады, а ад майго лупленага арэшнікавага дубца пахне свежазламаным аерам і шчупаком… Арэшнік — вудка — вада ў носе — пах рыбы…