— Абразованы чалавек, — сказала жонка і выпіла чарку лікёру.
— Гультай ён неабразованы! Я ж пытаўся ў хлопцаў, як ён — ходзіць, як муха па кісялі, робіць толькі тое, што трэба, і пальцам больш не варушыць… Хай я невучоны, неабразованы — чорт са мною; я за гэтыя месяцы, пасля размену, на новую кватэру сабраў — вось гэтымі самымі рукамі… А ў іх, думаеш, ёсць рубель лішні?
— Не кожнаму дадзена.
— Ды ён і не варушыцца! Цяпер прыйдзі на Камароўку, купі на адным канцы, занясі на другі, перапрадай — толькі на гэтым за дзень больш чым за месяц заробіш!
— А для яго не ў грашах шчасце.
— А ў чым?
— У духоўным, — пасміхаючыся, сказала жонка, закусіўшы зефірам і зноў пазіраючы на лікёр. — Каб хадзіць і думаць, а нехта каб рабіў на яго і ўсё даставаў.
— Гэтая Галя бедная ўпадзе скора — міскі мые, а ў яе такі ж самы інстытут, як і ў цябе!.. — брат гаварыў быццам Снарскаму. — Ты хоць раз прыбраў? Есці зварыў? Памыў — хоць сваё?..
— Ціха ты… Пры Галі не скажы. Знаеш, як яна яго аберагае? А ў самой ужо — во… — і жонка сагнула рукі перад жыватом.
— Праўда?
Радасны, Галін брат падышоў, абняў ззаду сваю гладкую, падобную на колішніх купчых, жонку, і выпіў з ёю лікёру.
А Снарскі добра выспаўся, паеў, схадзіў у магазін, купіў пару пляшак піва, пачытаў, потым глядзеў тэлевізар, але нешта абы-што круцілі, і ён сядзеў у крэсле і, папіваючы піва, думаў пра камеру-адзіночку, сябе — няголенага, схуднелага, збітага на горкі яблык, які чакае смерці, і дзверы адчыняюцца і заходзіць разам з нямецкім афіцэрам ЯНА, глядзіць на яго, «а вочы мокрыя ад слёз…»
Ішоў час. Галя ўжо не працавала, сядзела на дэкрэтным, шмат хварэла, неяк яшчэ больш паменела, ссохлася, нібы жывот выцягваў з яе сокі, але старалася быць радаснай і рабіла ўсю работу. Ігар, наадварот, харашэў, паўнеў, сам адчуваў у сабе спакойную мужчынскую сілу, усё больш звыкаўся і ўжо не бачыў вялікага страху ў тым, што наперадзе — і пахі пялёнак, і дзеці, і ўсё тое, што й ва ўсіх… Ён, як па інерцыі, яшчэ круціў у галаве свае канцлагеры і афіцэрскую форму, спрабаваў уяўляць ЯЕ, ногі і пасачку скуры праз падраты капрон, але яснасці ўспаміну, хваляванняў ужо не было. Уяўленні гэтыя размываліся больш практычнымі, на гадзіну, на дзень наперад планамі: пагаліцца раніцаю, паспець на тралейбус на 8.30, на рабоце не забыць сказаць, ці абавязкова на 17-м вузле паказваць 10 міліметраў зазору на раствор паміж балкамі — і час забірае, і не трэба зусім, у інстытуце яны гэтага ўжо не рабілі; не забыць, што футбол сёння не ў сем, а ў шэсць, і трэба раней «зліняць» з работы…
Цяпер, седзячы ўвечары каля тэлевізара ці засынаючы, ён проста сілаю прымушаў сябе фантазіраваць на тэму будучых сустрэч з ЁЮ, бо інакш — што? З чым ён астанецца?..
Аднойчы ўночы жонка раптам разбудзіла яго і папрасіла:
— Абдымі мяне, калі ласка…
— Што такое?
— Ігар, ведаеш, роды будуць цяжкія… Дактары кажуць, можа быць сямімесячны…
— Ну і што?..
— Так, скора ўжо… А помніш, як каля грушы хрушчы ляталі? I мы шампанскае пілі?.. Дзякуй табе за ўсё…
Яму раптам зрабілася страшна.
— Скажы, ты будзеш успамінаць мяне, шкадаваць, калі памру?..
Ён маўчаў, а яна гладзіла яго па галаве і, ціха смеючыся, суцяшала:
— Не бойся, дурненькі, — грэх баяцца!.. Калі не баяцца, усё будзе добра!..
Хутка яна заснула — галавой на яго руцэ, а Снарскі доўга яшчэ ляжаў, не зварухнуўшыся, думаў — гэта ж пракляты лёс яму так падводзіць! I вельмі проста можа падвесці, што Галі не стане, ён астанецца адзін і ТАЯ як-небудзь астанецца адна… Калі моцна чаго-небудзь хочаш, рана-позна так і будзе. «Але я ўжо не хачу, я проста… здохну адзін!», — думаў Снарскі, а ў галаву лезла — хачу-не хачу, а ну, як так і будзе…
I ўвесь наступны дзень яму было трывожна, страшна і шкада, але не Галі, а сябе. Пад канец работы пазваніў сябар і папрасіў зайсці сёння. Апошнім часам з белабрысым рэдактарам яны сустракаліся рэдка, той, як і Снарскі год назад, рабіў дыплом, а калі зрэдку сустракаліся, Ігар больш маўчаў, слухаў, ды і слухаць сябравыя разважанні пра жыццё і літаратуру было ўжо нудна; Снарскаму цяпер хацелася, каб сябар не лічыў яго больш няўдачнікам, а зайздросціў яго жыццю, працы… Таму ён адмовіўся, сказаў: «У мяне жонка хворая», — але, паклаўшы ўжо трубку, раптам сабраўся і паехаў у інтэрнат.
— Тут табе пасланне, — пасміхаючыся, сказаў сябар, падаючы Снарскаму канверт, — ад ЯЕ. А ведаеш, ЯНА ўжо не вучыцца, выгналі…