Так і выйшла. Да суботы я ўправіўся. Прачнуўся рана, адзін, сваякі паехалі ў лес. Я пачаў туляцца па кватэры, думаючы, — хутка гэтыя сцены, шпалеры, мэбля, канапа стануць сведкамі чагосьці, і якая перамена хутка са мной адбудзецца, — я ўжо іншым буду… Узяў дзядзькаву брытву, памазок, пагаліўся ўпершыню ў жыцці, парэзаўся… Сорамна ўспамінаць!..
І вось тэхнікум, абед; у абед я адшукаў яе ў сталоўцы і аддаў два скручаныя ў рулон лісты ватману. Яна разгарнула і ад радасці аж засмяялася, — і сапраўды, я для сябе ніколі так не рабіў: чысценька, акуратна…
«Дык што, Лена? — сказаў я, пакуль яна любавалася курсавым. — Сёння я адзін у кватэры, да позняга вечара».
«Давай адрас, — спакойна адказала яна. — У шаснаццаць гадзін я у цябе буду».
Яна не прыехала, вядома. Ні ў шаснаццаць, ні ў семнаццаць, ні ў дзевяць вечара, калі вярнуліся гаспадарысваякі з поўнымі сумкамі грыбоў.
Дзіўна, але мне не было крыўдна. Была толькі нейкая пустата ў душы. «Значыць, нельга купіць тое, што табе не належыць, нельга штучна змяніць лёс!» — думаў я.
Праз тыдзень мы выпадкова сустрэліся ў той жа тэхнікумаўскай сталоўцы. Лена мая, смеючыся, сказала:
«Ну ты малайчына! Дзякую, курсавы на пяць прайшоў!»
Я прамаўчаў. Яна спытала ціха:
«Што, у пралёце, як у самалёце? Пакрыўдзіўся?»
Я паціснуў плячыма.
«Праўда, не пакрыўдзіўся?» — і яна раптам зноў, як і той раз, калі мы дамаўляліся, пачала моўчкі, доўга глядзець на мяне. Але цяпер я ўжо не чырванеў і не апускаў вачэй.
«Паехалі да мяне», — прамовіла яна.
«У нас дзве лекцыі яшчэ…»
«Як хочаш», — і павярнулася ісці.
«Пачакай, — я ўзяў яе за руку. — Паехалі. Толькі зараз заскочу забяру сумку…»
Мы моўчкі праехалі аўтобусам амаль праз увесь горад. Яна жыла ў старым раёне, у пяціпавярховай «хрушчоўцы». Мы падняліся на трэці паверх і ўвайшлі ў маленькую двухпакаёўку. У прыхожай я зняў чаравікі і стаяў, як дурань.
Яна правяла мяне ў пакойчык, я прысеў на канапу, дзяўчына — побач. Нечакана мяне пранялі дрыжыкі, бы пры тэмпературы. Я баяўся, каб яна не заўважыла гэтага, зірнуў на яе скоса — і вачам не паверыў: такія ж дрыжыкі праймалі і яе! Яна хвалявалася і баялася нечага таксама, як і я.
«А цяпер паслухай, — пачала яна. — У мяне ёсць хлопец у арміі. Ён кахае мяне. Верыць мне. Табе было б прыемна, каб ты служыў, а хтосьці вось так, як ты цяпер, прыйшоў купляць тваю дзяўчыну?»
«Калі кахае пасапраўднаму — тады ён цябе ўсялякую прыме», — адказаў нехта маімі вуснамі. Нехта, бо я ўсё ж ведаў сябе, ведаў, што не мог ляпнуць такой дурноты!
«Усялякую? — перапытала яна. — Вось як вас, хлопцаў, пасля гэтага не ненавідзець… Але хай: не баішся ты, няма ў цябе сумлення, дык паслухай яшчэ. Я — дзяўчынка».
Я пасміхнуўся. Я ўспомніў сябрава «загуляла» і не паверыў ёй, вядома, — ды і хто на маім месцы паверыў бы?
«Распранайся», — дзелавіта, рашча, суха сказала яна, заўважыўшы маю ўсмешку.
Яна не зманіла.
Гэта было падобнае на кашмарны сон: абое ўпершыню, абое нявопытныя… А самае брыдкае, самае гадкае, што я і ў тыя хвіліны стараўся запамінаць больш розных дэталяўпадрабязнасцяў, каб хваліцца потым сябрам: запамінаў дыханне яе, ускрыкі, абрыўкі слоў, запамінаў, што балконныя дзверы прачыненыя і вецер варушыць гардзіну… А потым мая бедная непрыгожая дзяўчынка, спалоханая, заплаканая, абдымала мяне і зацалоўвала, і ўсё дапытвалася:
«Ты ж рабіў гэта таму, што закахаўся, і цяпер кахаеш? Такое ж нельга рабіць без кахання! Праўда ж?»
«Праўда», — адказваў я, жадаючы толькі аднаго: хутчэй вырвацца адтуль.
Я так нікому і не расказваў потым, не змог. Мне здавалася, у мяне гэта было зусім інакш, чым ва ўсіх, — нецікава, саромна, брыдка, непатрэбна… Лену ў тэхнікуме я пачаў пазбягаць. А пры рэдкіх выпадковых сустрэчах на калідоры ці ў сталоўцы лавіў на сабе яе спалоханыя позіркі.
Аднойчы, ужо зімою, калі ў мяне пачала балець нага і гэта мяне больш за ўсё турбавала, Лена сама заглянула ў нашу аўдыторыю, падышла да маёй парты:
«Што ж ты… нават не вітаешся… цяпер?»
Я не ведаў, што адказваць. Я думаў больш пра нагу. Думаў, так, застудзіў, можа, пахаджу на ўколы, падлечаць і ўсё пройдзе.
Больш з Ленаю мы не бачыліся.
І вось столькі гадоў пасля, і цяпер, я часта думаю: каб не гэтае ліха, не нага гэтая, хутчэй за ўсё я забыў бы на сваю першую і апошнюю дзяўчыну. Ды мільёны такіх выпадкаў, калі дзяўчат кідаюць і забываюць іх!.. Але цяпер я ведаю: кожнаму — сваё, і кожны толькі сам за сябе адказвае. Што дазволена многім, тое — вельмі можа быць — зусім не дазволена табе. Увогуле, каханне жанчыны, калі ўдумацца, гэта такая страшная загадка, такая тайна; ёсць у тым, што жанчына ахвяруе сабою, аддае ўсю сябе чужому чалавеку штосьці такое містычнае, незразумелае і нежартоўнае, што нельга гуляцца з гэтым. А я захацеў менавіта пагуляцца… І дагуляўся.