Добра было думаць, а прыехала ў горад, вылезла з аўтобуса на вакзале — у каго папытаць, як да каго падступіцца? Гэта ж не падыдзеш, не бухнеш у лоб: «Дайце мне адрас знахаркі», — трэба ж здалёку пачаць, абзнаёміцца, абгаварыцца, а ўжо тады як бы неўзнарок, як бы і патрэбы вялікай няма, а так сабе, успомнілася да месца: «А мо вы ведаеце, ці знаеце, хто б падказаў…»
Ніхто на Антолю пазіраць не хоча. Нікому няма справы да яе. Сунулася туды, сюды, да прыпынку падышла. Стаіць збоку мужчына, у паліто, у шапцы, з перавітай шпагатам зялёнай навагодняй ялінкай каля ног.
— Скажыце, як мне праехаць… — і засаромелася Антоля, ніяк не можа гутарку завязаць.
— Куды праехаць?
— У… паліклініку! — надумалася раптам само сабою.
— А тут ехаць не трэба, — ахвотна стаў тлумачыць мужчына. — Ідзіце гэтай вулічкай уніз, уніз…
Хіба ж Антоля сваёй раённай паліклінікі не ведае? Але абазвалася, дык мусіць ісці. Як пайшла Антоля, азірнецца — стаіць мужчына, глядзіць ёй услед. Так, азіраючыся, і дайшла да паліклінікі, маленькай, драўлянай. Увайшла ў сярэдзіну. На калідоры мала людзей, перад рэгістратурай зусім нікога няма. Антоля прытулілася да батарэі.
— А вы да каго? — аклікнула яе раптам дзяўчына з акенца рэгістратуры.
— Я так сабе зайшла, — разгубілася Антоля.
— Запісвайцеся, цётка, пакуль людзей мала, — параіла дзяўчына. — Што ў вас сама больш баліць?
— Ох, мая доня, усё баліць, і галава, і спаць не магу…
— Вось бачыце. Я вас да тэрапеўта запішу, у яго зараз няма нікога. Толькі распраніцеся.
Запісала, талончык, картачку падала. I так расчуліла Антолю гэтая ўвага, што аж даўкі камяк падняўся ў грудзях і слёзы да вачэй падступілі:
— Дай жа табе Бог, донечка… — і не дагаварыла, пабаялася, што заплача зараз.
Здала паліто ў гардэроб, сумку з сабою ўзяла. Знайшла кабінет. Пастукала, прасунулася ў дзверы.
Сядзіць за сталом малады мужчына, у белым халаце, у акулярах. Піша. Падняў галаву:
— Сядайце, — паказаў на табурэтку. — Ну што з намі такое?
— Галава мне вельмі моцна баліць, мо якое даўленне, ці што. Не сплю, не ем, — пачала Антоля, а даўкі камяк не праходзіць, цісне і цісне пад грудзі. Слязьмі просіцца прарвацца…
— Закасайце рукаво.
Абкруціў руку траскучай матэрыяй, «пажмакаў» грушаю:
— Даўленне ў вас нармальнае. Я вам, цётка, выпішу снатворнага, а ад галавы — цытрамону.
— Ох, мой галубок, хоць чаго-небудзь выпішыце, хоць труцізны, каб ужо выпіць, ды мо хто абмые ды закапае, каб гэтая галава дурная не балела! — і не стрымалася, усхліпнула. I яшчэ раз, і яшчэ — і вось ужо плача, аж плечы трасуцца.
Доктар адклаў ручку, паглядзеў на яе ўважліва.
— У вас ёсць хто з радні? — ціха, яшчэ больш мяккім голасам спытаў.
А Антоля раве, слова сказаць не можа, — раўчуком плыве! Доктар падхапіўся, наліў з графіна вады ў шклянку, падаў:
— Ану, перастаньце, што гэта яшчэ за навіны!
— Няма… галубок… нікога! — усхліпваючы, каўтаючы ваду і слёзы, хутчэй пачала расказваць Антоля — каб толькі доктар не сердаваў, даў ёй выгаварыцца. — Адна, як палец! Была падруга, ды замуж пайшла другі раз, бо чалавек яе памёр, а ў таго Кузьмы, за каго яна пайшла, жонка памерла, Наста, якраз год на Пакровы было…
I кажа, і кажа ўсё падрад:
— Не сплю, не ем, чалавеча, я ўжо думала, мо які памарак накінулі на мяне…
А доктар слухае, не перабівае. Выслухаў усе і сказаў:
— Цяпер зразумела. Вашая хвароба ад таго, што вы сябе дужа моцна шкадуеце, падаграваеце ўвесь час гэтае шкадаванне і яшчэ больш самі сябе растраўляеце.
— Ох, шкадую, бо хто ж мяне яшчэ пашкадуе?.. Вы вунь вады падалі — і то мне як лягчэй!
Доктар узяў чысты рэцэптурны бланк:
— Выпішу я вам не снатворнага, а вельмі харошых таблетак, мезапам называюцца, супакойваюць нервы. Спачатку трохі санлівасць будзе, а потым усе пройдзе, павесялееце, а што спаць пачняце, дык гэта я вам гарантую.
Вось жа залатыя людзі бываюць на свеце!.. Мала, што так хутка і лёгка памарак зняў, дык яшчэ і таблеткі харошыя выпісаць хоча… Антоля раптам схамянулася — сумка ж каля ног стаіць, вось варона, так чаго добрага і забыцца магла б, і панесла б усё назад. Схапіла сумку, бухнула прама на стол перад доктарам.
— Што гэта? — адхіснуўся той.
— Грыбкоў трохі, цыбуля, сала — вазьміце, прашу вас! Вы мне такую работу зрабілі, — Антоля, як вылечылася, пасмялела, ужо настойваць не баіцца. — Грыбы хоць вазьміце, пабачце толькі якія, адзін у адзін!
— Схавайце зараз жа, яшчэ зойдзе хто… — а ўбачыў грыбы, прыцішэў. Узважыў нізку ў руцэ, азірнуўся на дзверы: — Ну, раз вы настроіліся, дык пакладзіце самі, вунь туды, у шафу, на сярэднюю паліцу…