Выбрать главу

— Усё класці?

— Ну, і цыбулю яшчэ… А вось сала забярыце, катэгарычна!

Шчаслівая — угаварыла-такі, пераканала чалавека, не пагрэбаваў, — Антоля хутчэй да шафы, апаражніла сумку, хацела цішком і сала пакласці, ды пабаялася. Трэба меру знаць.

Зусім другім чалавекам, чым калі заходзіла, выйшла з кабінета, і з паліклінікі. Хоць на свет белы глянуць можна, а то ж было не дай Бог…

На вакзале, пакуль чакала аўтобуса, загаварыла першая да суседзяў — адной маладзіцы з чалавекам. Яны здалёку прыязджалі на базар па парасяты, ды спазніліся, добрых разабралі, адзін брак застаўся. Антоля паспачувала, параіла на другі раз, што калі ёсць ім у горадзе ў каго пераначаваць, дык трэба звечара ехаць, бо цяпер добрае парася купіць — праблема.

— А я ж захварэла была, — падзялілася яна. — Але вельмі добры доктар папаўся, уміг даў рады, — і так проста гэтыя словы ў яе выйшлі. З кожным бывае, хварэла і вылечылася, не трэба больш людзей саромецца і нячыстую сілу шукаць.

Тое, што маладзіца з чалавекам была, дык цяпер Антоля ані не зайздросціла і не шкадавала сябе. Побач шчасце — толькі не для яе, як тое кіно пра дона Хуліо і Сільвію: здаецца, і чутно, і відно, і блізка — экран можна памацаць, а чужое, далёкае-далёкае, немагчымае…

У аўтобусе ўжо ўспомніла, што таблетак купіць забылася, і аптэка ж была на вакзале. Хай, мо ўжо другім разам калі.

Не заходзячы да сябе, як толькі з аўтобуса, перш-наперш кінулася на той канец вёскі — да Кузьмы. Няма нікога, хата на замку. Антоля — на другі канец, да Еўкі. Аж, не даходзячы да сваёй хаты, яшчэ здалёк бачыць — ідзе там нейкая работа. Антоля бліжэй — і вачам не верыць: новенькі плот амаль гатовы, Кузьма шула ўкапаў, прыбіў новую жэрдку, цяпер дошкі мацуе, а Еўка збоку стаіць, цвікі падае.

Антоля як была, так да яе:

— Мая ты галубка, а я ж думала…

— Цішэй ты, — цыкнула Еўка. Адышліся ў двор: — Ён дарма што кажа — глухі, — кіўнула на Кузьму, — а што не трэба, уміг пачуе. Я ж не паспела табе сказаць тады, што да яго нейкая баба з Залозак, таксама ўдава, сваталася, у прымы хацела пераманіць… А каб я не перахапіла і ён пайшоў? Што б мы без яго рабілі? Ты ж знаеш, які мой зяць, дарма што разумны, а на работу нікудышны, ён жа ні араць, ні малаціць, ні каня запрэгчы, ні кабана забіць… А гэты будзе нам мужчынаю, адзін на двох. Я ж і рабіла з такім, як той казаў, прыцэлам…

Так і прайшоў у Антолі памарак, дзякуючы добрым людзям. Зняўся сам сабою, як і не было яго. Хоць пад старасць, а і ёй шчасце выпала.

1998 г.

САКРЭТ

Аднойчы Павал зразумеў, што далей цягнуць нельга. Восьвось мог знайсціся яшчэ адзін такі ж «разумны», і апярэдзіць. Таму для рэалізацыі свайго даўно чаканага, такога заманлівага (і даволі подленькага) плана ім быў выбраны ўжо заўтрашні, будні дзень. Нікога ў рэдакцыі, дзе працаваў, не папярэдзіўшы, нікому нічога не сказаўшы, зраніцы ён проста паехаў на вакзал, купіў білет, сеў у аўтобус, разгарнуў газету, унурыўся ў яе, а апалове дванаццатай нага яго ступіла на высушаны летнім гарачым сонцам перон аўтастанцыі зусім незнаёмага мястэчка, якое дагэтуль жыло толькі ў яго ўяўленні.

Аўтастанцыя і плошча вакол яе з’яўляліся цэнтрам. Некалькі дарог, асфальтаваных і звычайных, земляных, як да Рыма, вялі усе як адна да будыніны сельмага пад назваю «Гастраном». На самым відным месцы, ледзь не пасярод плошчы, тырчэла прыбіральня — нават не цагляная, а збітая з дошак; уверсе на дзвярах какетліва былі прарэзаны адтуліны ў форме сэрцаў. Якім да болю знаёмым усё гэта раптам падалося!.. І гэты гастраномчык, каля ганка якога зямля ўсеяна «бычкамі» і коркамі зпад піва; і гэтая прыбіральня, у якой Павал ніколі не быў, але ведаў — усярэдзіне будзе там выкалупленая сцізорыкам паміж дошак шчыліна, каб падглядваць за жаночай палавінаю; і гэтыя дарогі, якія чым далей разыходзяцца ад цэнтра ўглыб мястэчка, тым менш на іх асфальту, а больш пылу і каровячых «аладак», тым вышэй лапухі паўз платы, тым часцей яны разгаліноўваюца, расцякаюцца на вулічкі, завулачкі і проста сцежкі, захінутыя травою, — сцежкі маленства, на якіх так часта збіваў Паўлік босыя ногі, не ўгледзеўшы камня…

Нічога дзіўнага, што патрэбная хата адшукалася адразу. Трэба было метраў дзвесце прайсці ад аўтастанцыі, затым вось тут, дзе калонка з прывязанай да ручкі цаглінаю, павярнуць улева — і ўсё, вунь шыльда на плоце — «завулак Маставы». Аднак Павал яшчэ дастаў з нагруднай кішэні кашулі паперку і зверыўся. Усё правільна: Маставы, дом тры.