Вуліца была як вуліца, і хата як хата. Стаіць сабе ў прысадзе, свеціцца на сонцы сваім белым шыферным дахам сярод зеляніны яблынь і вішняў. Ціхая такая, задуманая хатка, стомленая ад гэтага гарачага лета, стаіць, марыць хутчэй ужо вымыцца дажджамі, ды высушыцца вятрамі, ды нарэшце соладка заснуць пад белай коўдрай снегу.
Урачыстасці не хапала. Не ў джынсах пажадана было быць, а ў касцюмчыку, пад гальштукам, дзвярыма «Волгі» ці «ўазіка» калгаснага ляпнуць… Павал пасміхнуўся. І калі пачаў намацваць праз дзірку ў веснічках нязвыклую, для чужой рукі наравістую клямку, адзначыў, што вось ужо ў другі раз (першы — замест ладнай хаткі чакалася ўбачыць развалюху) уяўленне падводзіць яго. Сабака не брахаў. Але ж павінен быць сабака! Павінна сядзець у двары кампанія алкашоў, ну, на крайні выпадак, два алкашы. Куча пыльных парожніх бутэлек зпад гарэлкі, якія чамусьці амаль ніколі не прымаюць, павінна ўзвышацца пад плотам. Баба сварлівая і заплаканая павінна быць…
Ён справіўся сяктак з клямкаю і зайшоў у двор. Памылка адно падагрэла цікавасць. Як у добрага выжла, што напаў на след, так і ў журналіста Паўла ў прадчуванні блізкай здабычы абвастрыліся пачуцці. З гэтага моманту ён павінен усё запамінаць, адзначаць і ў памяць адкладваць кожны свой крок. Сланечнікі ў агародчыку пад яблынямі, гуркоў загончык, пчолы над жоўтым іх квеценем — Божа мой, калі гэта ўсё было!..
Чысты, без травы дворык. Падмецены. Па дарожцы, выкладзенай з чырвонай цэглы, Павал пайшоў да веранды, нагінаючыся, — так нізка цераз плот перавешваліся галіны; не было ніводнай падпоркі. Тым часам пачулі яго і без сабакі, і ўбачылі. Выскачыла на ганак жанчына, жанчынка, лепш сказаць, расточку Паўлу да грудзей; канечне, такой навошта падпіраць галіны? Выскачыла, застыла, рагі хустачкі цярэбячы, — чакала, па беларускім звычаі, пакуль падыдзе і першы павітаецца чужы чалавек. І на яго сціплую — рэпеціраваў некалі, яшчэ ў студэнцтве, перад люстэркам, на розныя выпадкі жыцця падбіраючы, — усмешку і на «дзень добры» адразу ж абазвалася: «І вам добрае здароўе», а сама прытушыла ў насцярожаных вачах вечную гэту трывогу, спадчыну гэтую горкую, савецкую: толькі бяды можна чакаць ад такіх вось раптоўных наведак. Усё ж была яна зусім не злосная, не заплаканая, на жонку алкаша не падобная. І апранутая даволі ахайна: фартушок, кофтачка імпартовая (з «гуманітарнай» дапамогі неданоскі, падумаў Павал, і не памыліўся), у маленькіх, гумовых, якія дзеці ў дождж абуваюць, боціках — не забываць нічога, усё запамінаць!..
— Гэта ваша прозвішча… — Павал прачытаў з паперкі, хоць помніў гэтае прозвішча не горш, чым уласнае.
— Маё. А што?
— А кім вам даводзіцца… — ды ізноў з паперкі.
— Сынам… А што такое?
— Сынам? — гэты новы, даволі нечаканы паварот прымусіў яго на міг задумацца. Калі даўно, яшчэ мінулай вясною ён упершыню адкрыў у друку плагіятара і паспрабаваў ўявіць яго, толькі два шаблонныя тыпы ўпарта яму маляваліся: першы — стары, альбо малады, што бывае часцей, графаман, замучаны вяртаннем сваіх рукапісаў, і другі — звычайны якісь п’яніца, праўда, з сярэдняй ці нават з вышэйшай адукацыяй — такіх поўна цяпер, якому не хапала на банальную апахмелку. У рэальнасці ўсё атрымлівася інакш. Гэты «клапатлівы сынок», гэты хітра-абачлівы перастрахоўшчык не належаў ні да першага, ні да другога тыпу. І адразу ж новымі гранямі бліснула для Паўла гэтая гісторыя…
— Бачыце, — пасля кароткай замінкі пачаў ён, — я сам журналіст. І па заданні сваёй рэдакцыі хачу напісаць пра вашага сына ў газету. Пра яго творчыя поспехі. Адкажыце мне, калі ласка, усяго на некалькі пытанняў, гэта зойме не больш пяці хвілін.
Вось так размаўляць трэба! Раз — і супакоіўся чалавек, і акрыяў, і ўжо шчаслівы ад таго, што не спраўдзілася благая навіна, і ўжо ўсю душу табе вывернуць гатовы…
— Дык чаго ж мы стаім? — праходзьце ў хату! Дый перакусіце заадно, вы ж з дарогі! У мяне і капуста ў печы — як ведала, і з грыбамі, і з мясам…
— Нене, не магу. Няма калі, — гэта было б тое самае, як паесці гэтай капусты з грыбамі, а потым напляваць у міску. — Давайце лепш у двары пасядзім, дзенебудзь на лаўцы, — прапанаваў Павал, нават яшчэ не ведаючы, ці ёсць тут увогуле лавачка, але азірнуўся і ўбачыў яе: у закутку каля плота, зацененая дрэвамі, маленькая, акурат двум прыляпіцца, і нізенькая — пад гаспадыню.
— Ды і куру я, — дадаў ён.
— Ну і што, курыце на здароўе! Мае абодва курылі, дык я любіла!
Аднак, хаця і з неахвотай, пайшла ўслед за ім. Перш чым сесці, абмахнула фартухом дошку. У высокага Паўла, калі ён апусціўся на лаўку, калені ледзь не дасталі падбародка.