Выбрать главу

Канечне! На добры лад, калі б палюдску, не ў бібліятэку трэба было ісці, а да першага, які «прамаргаў», рэдактара. Распіць з ім ціхенька бутэльку, пасмяяцца з недарэчнасці, папляткарыць крыху пра сяброўлітаратараў і выйсці з кабінета нармальным чалавекам, хоць і з захмеленай, праўда, галавой, затое з чыстым сумленнем. Але тут пачаў ужо спрацоўваць нейкі дурны азарт. Ды чаму адзін ён, Павал, павінен быць такім пільным? Такім начытаным? Тут ужо сам плагіятар адыходзіў на другі план, робячыся яму ледзь не саюзнікам, а на пярэдні выступала праверка сябе суадносна іншых. Проба, хто на што варты — калі не ў жыцці, дык прынамсі ў літаратуры. І каб зараз хтосьці знайшоўся і выкрыў плагіятара без яго, Павал толькі парадаваўся б, як радуюцца аднадумцу, толькі ўздыхнуў бы з палёгкаю, як лёгка бывае, калі тваю доўгую і блытаную думку субяседнік пераказвае адным кароткім, разумным сказам.

Але ўсе маўчалі. Час бег. Плагіятар, акрылены поспехам, смела працаваў.

Пачаўшы з месцаў аддаленых: часопіс «Уладзівастоцкія зоры», альманах «Амур», тыднёвік «Россыпы Алтая», — ён памаленьку прасоўваўся бліжэй да цэнтральнай і еўрапейскай частак: курскія «Славяне», вяцкі «Набат„…Цікава было назіраць у гэтым руху пэўную заканамернасць, нейкую адваротную прагрэсію: чым хутчэй набліжаўся ён да Еўропы, тым больш аддаляўся храналагічна — у часе. Мільгануў пераклад на беларускую фрагмента „Вясковых нарысаў“ Авечкіна… А вось ужо ранні Паустоўскі, бесталкова падпраўлены і няўмела перакладзены, дзе кожнае „непаустоўскае“ слова біла па вачах і па нервах, крыкам крычала: „я не на сваім месцы, забярыце мяне адсюль, замяніце мяне!..“ Калі ў адным з часопісаў Павал убачыў пераклад школьнапраграмнага Прышвіна, цярпенне яго лопнула. Тады ён і зразумеў, што больш цягнуць нельга.

План будучага артыкула быў абдуманы ім яшчэ раней. На першы погляд бязвінны гэты фельетончык меў двайное дно. У з’едлівых параўнаннях, у дасціпных метафарах, у слоўных выкрунтасах, якія так падабалася смакаваць пра сябе Паўлу, яшчэ больш іх завастраючы, прыхавана была каверза. Гэты артыкул дубінай павінен быў апусціцца на бедныя галовы ні аб чым не падазраючых яго калег, катком для ўкладкі асфальту па іх праехацца, і хоць вельмі хутка, Павал ведаў, яны абтрусяцца, распрамяць плечы, аб’яднаюцца і будзе яму тады „атрымоўвай, вёска, трактар“, пачнецца тады ўкладка „пад асфальт“ яго самога — хоць ён выдатна ведаў ўсё гэта, але ані не баяўся. Ён адчуваў у сабе сілы і быў гатовы да змагання, нават і супраць усіх. Яшчэ весялей было — адна думка пра той выклік, які яму неўзабаве кінуць, бударажыла кроў, надавала агрэсіўную энергію душы і целу.

Не хапала апошняй кропкі, апошняга мазка пэндзлем — гэтай паездкі. Дабыць каардынаты аказалася лягчэй лёгкага. Ён проста пазваніў у рэдакцыю, дзе апошні раз быў надрукаваны плагіятар, і яму прадыктавалі адрас.

І вось ён тут. І цяпер ведае ўсё. Несумненна, з гэтымі новымі фактамі, з гэтымі папраўкамі артыкул яшчэ больш ажывае. Плагіятару, хутчэй за ўсё, знойдзецца апраўданне. Не дзеля таннай славы, не дзеля апахмелкі за небагатыя ганарарныя грошы ідзе чалавек на непрыгожыя свае ўчынкі — пра родную маці дбае. Тым больш выпукліцца на гэтым фоне… — думаў Павал, напаўвуха слухаючы жанчынку.

Ён сядзеў з ёю побач на лаўцы, смактаў цыгарэту і ўсё ніяк не мог наважыцца перайсці да галоўнага. З агарода пахла яблыкамі і кропам. На серабрыстым гамачку павуціны, развешаным паміж лаўкай і плотам, вісеў цыліндрык попелу. Сонца прабівалася праз цень галін над галавою, звінела лета, і недзе далёкадалёка, куды сто гадоў ідзі — не дойдзеш, „закідалі хлопцы вуды, хто на хлеб, на чарвяка“…

Нарэшце ён старанна ўтаптаў недакурак у цвёрдую каля лаўкі зямлю і падняўся.

— Я ўжо такая радая, мо хоць пад старасць…

— Вы ведаеце, што ваш сын злодзей? — абарваў ён яе.

Такога вераломства яна не чакала, зусім не была падрыхтаваная да гэтага. Таксама падхапілася, спалохана на Паўла гледзячы, відаць, напужаная не так гэтай раптоўнай пераменай у яго паводзінах, як ягоным голасам, што зрабіўся без дай прычыны такім строгім, халодным, і ў якім яна пачула варожасць да сына.

Аднак хутка справілася з сабою. Выраз страху на твары змяніўся на рашучасць. Цяпер яна гатова была бараніць сваё дзіця да канца і любымі сродкамі.

— А вы на яго не нагаварвайце, — прамовіла таксама і холадна, і строга. — Як ён краў, то ён за сваё адседзеў! Адмучыўся, бедны, ні за што ні пра што! Гэта ж не ён — кампанія крала, а як ён мяккі, за сябе пастаяць не можа, дык на яго і спіхнулі! Папаездзіла я на тую Апанскую, папавазіла перадач, — голас яе ўздрыгнуў, яна ледзь не ўсхліпнула, а ў насцярожаных вачах, якія не спускала з Паўла, чыталася: можа, гэтым цябе праняць? Можа, на шкадаванне клюнеш?