— У кампаніі ён краў, ці адзін, на Апанскай сядзеў, або на Уманскай — мяне гэта мала цікавіць, калі шчыра; я нават не ведаў аб гэтым. Я ведаю толькі, што цяпер ён крадзе чужыя творы. Разумееце? Ён перапісвае тэксты з газет, часопісаў, кніг і друкуе іх, як нібыта свае.
Маці плагіятара слухала з недаверам.
— Дык а вам хто так не дае рабіць? — сказала яна.
— Гм… Не дае так рабіць, — паўтарыў Павал, мімаходзь любуючыся яснасцю яе мыслення. — Але так нельга рабіць! Проста нельга, і ўсё. Як вам лепш растлумачыць… Ваш сын выбраў самы лёгкі шлях у літаратуры. Яму невядомыя творчыя пакуты. Ён ніколі не адчуе слодыч знаходкі аднагоадзінага патрэбнага слова, — панясло Паўла, — ён не зможа ажывіць нудны тэкст трапным мастацкім вобразам. І гэта не кажучы пра этычны момант, нават крымінальны…
Яна нічога не разумела.
— Мала таго: ваш сын падстаўляе іншых людзей — рэдактараў, пісьменнікаў. Яны ж добрыя, наіўныя, даверлівыя, як дзеці. Іх вельмі лёгка падмануць. Разумееце? Яны нараджаюць свае творы ў пакутах, таму ім і ў галаву не прыходзіць, што нехта можа проста так, без дазволу, безпардонна выкарыстоўваць плады іхняй працы…
— То чаго ж яны не глядзелі? Глядзець трэба было!
Проста абяззбройвала гэтая мілая логіка. Але і тут Павал не змог не адзначыць, што вось і яшчэ адным цікавым бокам раскрываецца гэтая гісторыя: ды не зможа ён, і ніхто ў свеце не зможа даказаць маці, што яе сын горшы за астатніх, як не дакажа ёй і тое, што красці духоўнае — гэтак сама непрыгожа, такі ж грэх, як і машыну дроў з лесу ці мяшок камбікорму з фермы.
Размова была скончана. Больш не было аб чым гаварыць.
— Калі гэта выкрыецца, і вам, і яму сорамна будзе, — толькі і сказаў ён напаследак.
— Выкрывайце! — адрэзала яна. З добрай, даверлівай жанчынкі, якая звала яго ў хату, і збіралася пакарміць, і вылівала яму ўсю душу, яна на вачах ператварылася ў каргу. — Мала яму ўсяго было, дык яшчэ і вы… Дзяўбіце!
Замест развітання Павал вінавата пасміхнуўся ёй і пайшоў да веснічак. А ўслед яму прагучала:
— Як вы завідваеце, дык ён жа не вінаваты!
— У чым ён не вінаваты? — павярнуўся Павал.
— Што лепей за вас!..
Заставалася толькі развесці рукамі. Такая вось паездка, такая гутарка, такія з яе высновы…
На вуліцы ён папіў вады, нагнуўшыся над калонкай, расставіўшы шырока ногі, каб не абпырскаць чаравікі.
І ўсё ж не стыкоўвалася штосьці. Не вытанцоўвалася. Шпунты не траплялі ў пазы, зубчыкі не чапляліся адзін за другі і механізм не жадаў круціцца. Ды які механізм? — увачавідкі ўся гэтая задума з „выкрываннем“ рассыпалася ў прах. Ну, з’явіцца яго артыкул. Гэта ж проста Госапаці (Госпадзі), як ускліквае кітаец у булгакаўскай п’есе! Пазвоняць пару прыяцяляў, павіншуюць няшчыра. Нехта на вуліцы руку пацісне, адводзячы вочы. Усё. Усё!
І за міг гэтага таннага „ўзвышэння“, гэтага фальшывага самалюбавання ён павінен будзе прадаць свой сакрэт? Развітацца з ім? Зняславіць свайго, які аднаму яму, Паўлу належыць, плагіятара? Як усё гэта смешна, як несур“ ёзна… Артыкул! — думаў Павал, ідучы да аўтастанцыі: — Які артыкул, калі тут трэба маўчаць, як рот зашыўшы! І справа нават не ў тым, што ён нейкай прыпыленай віхурай уварвецца ў чужое жыццё і проста так, ад няма чаго рабіць, пабурыць гэтае маленькае, крохкае, беднае шчасце, і не ў высакароднасці ягонай, і не ў практычнаэгаістычных пастулатах тыпу: „пакрый чужы грэх, табе Бог два даруе“, і нават не ў гэтай маленькай, у гуманітарных абносках жанчынцы, якая вазіла на „Апанскую“ перадачы, і не ў яе шалапутным сыне, якога звяла „кампанія“, — механізм ніколі не закруціцца, выкрывальніцкі артыкул ніколі не павінен з’явіцца па той простай прычыне, што ўся гісторыя не вартая выедзенага яйка. Тут не знаходзіцца склад злачынства. Віна плагіятара, як і рэдактараў, што за ім не дагледзелі, была мінімальная, калі ўвогуле хоць якая была. Ну, хто з нашага кампутарнага пакалення сядзе зараз спецыяльна чытаць таго ж Паустоўскага? Ці Прышвіна, не кажучы пра Авечкіна? А так, можа, хоць дзякуючы плагіяту, урыўкамі, з газеты, хоць неяк падспудна, хоць у перакладзе на беларускую мову раптам нешта разумнаевечнае возьме ды і пасеецца ў галовах?