— Сыночак, — гукае знізу матка, — назбірай яблыкаў таму кабану маленькаму.
— Колькі ён ужэ можа жраць?! Дай мне пасядзець трохі — у мяне ногі баляць!
— А рукі ў цябе не баляць? Есці?
— Гэта лёгка, па-твойму, так рана па твае грыбы ўставаць?
— Не трэба цягацца ўсю ноч!..
Спускаюся па драбіне уніз, а ў вушах з усёй інтанацыяю звіняць апошнія матчыныя словы, і асабліва самае апошняе —
Праўда ж, ёсць такое, што, калі ўночы глядзіш на дзяўчыну ў профіль, яе твар здаецца набагата святлейшы за хлопцавы?
Вясковая ідылія васьмідзесятых: лаўка пад плотам, яблыня, паплёўванне семкамі ўкрадзенага здаравеннага сланечніка — Анжэла сядзіць пасярэдзіне, а мы з Васілём — з бакоў. Я не зводжу вачэй з белае плямы Анжэлінага тварыку; ноч цёмная, без аніякіх зорак (а ў класіка Маякоўскага — «ночи августа звездой забиты нагусто»… Зрэшты, Маякоўскі — цудоўны. Проста ён меў на ўвазе не беларускія ночы.).
— …Тады дзеўка сказала, — не зачыняецца ў Васіля рот, — кажа, ідзі на могілкі, забі ў крыжа цвік. Пайшоў, ідзе, ідзе, ідзе… Нешта — трэсь пад нагою!
— Фу, ни капельки не страшно!
Такі ў яе прыгожанькі нос, рот, такія вабныя… не ведаю нават, як сказаць, — можа, «рысы твару». Добрая, мілая! Хочацца кранаць яе, гладзіць, шкадаваць, а гэтага не толькі не можаш набрацца адвагі зрабіць, але адчуваеш, што і думаць пра гэтае нельга. (Пасля разумныя кніжкі растлумачаць мне, што такое раздваенне, такі прымус увесьчасна хаваць ад самога сябе свае жаданні і думкі — звычайны стан падлеткавага ўзросту. Ды што мне цяпер да таго, што я даведаюся пра свой стан пасля!)
— …Забівае ён цвік, забіў, ісці — не пускае нешта. Ён дрыг-дрыг, упаў — і разрыў сэрца на месце! Аказалася, прыбіў, не пабачыўшы, край свайго пінжака.
— Ну и что? Я тебе таких историй десять выдумаю.
— Слухайце далей. Калі мерцвяка закопваюць, праз тры дні з яго выходзіць…
— Ну знаю — фосфор. Надоел уже. Сам иди на кладбище.
— Анжэлка, чаго ж ты сёння са мною такая нелюбезная? Куды ж ты мяне пасылаеш?
— Да куда тебя пошлёшь? Ты ж трус!
— Я? А я і не спору.
— Если не трус, иди на кладбище и принеси мне щепку от креста.
— Я ж кажу, я баюся.
— Да иди ты хоть куда-нибудь!
— Я пайду, — падхопліваюся я.
— Сиди, — Анжэла прыціскае сваёй далоняю маю да лаўкі.
— А, паняў… Вір ален фэрштэй.
Васіль устае, зафутбольвае ў цемру свой кавалак сланечніка, падае на развітанне руку мне, Анжэле і сыходзіць некуды па вуліцы, у другі бок ад таго, дзе яго хата.
— Хадзем паглядзім за ім, — горача шапчу я ў самае яе вуха і, прашаптаўшы, не адхіляюся.
— Сиди. Ни на какое кладбище он не пойдёт. Дурак он, глупый, — шэпча яна і не адрывасцца, нічога, толькі мацней прыціскае да лаўкі мае пальцы і гладзіць, гладзіць іх — кожны паасобку. — А ты — умница… Это правда, что ты выиграл какую-то олимпиаду?
— Я не выйграў, тоесьць, на другім месце быў. Гэта рэспубліканская алімпіяда была, па рускай мове.
— Ой, как здорово! Ты ж ни слова по-русски не умеешь, — яе голас трошкі ўздрыгвае, але мяккі і пяшчотны.
— Умею… Проста не знаю, як табе сказаць… Нахіліся трошкі… Сорамна гаварыць па-руску!
— Чего, дурачок ты?
— Дражніцца будуць.
— Ах ты, хорошенький мой! Ну, идём…
Я падымаюся амаль з радасцю, бо пачынаю ўжо баяцца гэтага шэпту.
Мы ідзём тым самым шляхам, якім я раніцаю ішоў з грыбоў, толькі трошкі бліжэй да дач. Мне хочацца вырваць руку і ўцячы, а Анжэла маўчыць. Пералазім нейкі нізкі абвіслы дрот, ідзём па нечых агародах; я спатыкаюся на разоры…
— Держись за меня…
— А куды мы, Анжэла?
— Это наш участок, а вот — дача…
Я тупа гляджу на нейкія цёмныя пабудовы. А здалёк здаваліся такімі церамамі! Анжэла вядзе мяне паміж нейкіх буданчыкаў, паўз хлеў, адмыкае дзверы, і мы трапляем з цемры ў цемру яшчэ большую. Свецяцца толькі чатыры плямы па кутках — вокны. Пахне — як у кінутай хаце ці ў пограбе: бульбаю, моркваю, буракамі, свежай зямлёю — ну, пустка-пусткаю! Я паслушліва сядаю там, дзе маю руку пацягнулі ўніз, на нешта шырокае і мяккае.
— Мы не будем зажигать свет, хорошо? Нет, не бойся, никого нет и не будет, старики приедут только завтра днём… Милый какой… Хороший мой…
Яна гладзіць і моцна цісне мяне за шыю, гарачымі і мокрымі вуснамі прыкладаецца то да носа, то да падбародка, да маіх вуснаў… I ўсё часцей, часцей і мацней…
— Мальчик мой, ты что?! Не пугай меня!
Са мною здарыўся (тут я смела выкарыстоўваю стары расейскі штамп, бо беларускія словы, якія абазначаюць гэты стан, мне не падабаюцца) — са мною здарыўся «короткий обморок». Секунд праз дваццаць я ачомаўся і ўпершыню ясна і да страшнага востра зразумеў, як мне нялёгка будзе жыць.