Нам хацелася быць «Цімурам і яго камандай», сябраваць, памагаць старэйшым, ізноў ты ўмешваўся, вырастаў між намі, ізноў пачынаў вярзці рознае паскудства, ад якога мы чырванелі і стараліся не глядзець адзін на аднаго, бы злоўленыя на чымсьці непрыстойным. «Вераць яны, падхіхікваючы, казаў ты. Ведаеце, чым ваш Цімур там, на гарышчы, займаўся?» і пачынаў тлумачыць, чым. Тут была каменная сцяна, якую не прабіў бы ніякі таран; ніякія ў свеце сілы не змаглі б пераканаць цябе, што дзяўчынкі з хлопчыкамі, калі яны адныя, зусім неабавязкова толькі тое і робяць, што займаюцца гульнёй у «татумаму», але толькі на гэта ты ўсё і зводзіў, любімая пасля яўрэйскай тэма, на якую ты мог гаварыць бясконца, у дэталях, з самымі, зразумела ж, біялагічныямі, жывёльнымі падрабязнасцямі. І каб жа толькі гаварыць! Колькі сябе памятаю, з самых малых, з дашкольных яшчэ гадоў вечна былі ў цябе нейкія цёмныя справы, з гэтымі «татамімамамі» звязаныя, нейкія таямнічыя гісторыі, у якія аказваліся замешанымі і твае старэйшыя браты, і стрыечныя сёстры…
Але вось скажы ж ты! Здавалася б, вёска, у адным канцы чыхнеш, у другім ведаюць, што захварэў; з табою ж, з вашай сямейкаю нічога падобнага, усё як з гусакоў вада! Усе тыя гісторыі так ніколі і не пераступілі парога вашай хаты… асабістае сваё жыццё ўмеў ты хаваць ад чужога вока…
Але добра. Бог з ім, з Цімурам. Калі шчыра, нейкая двухсэнсоўнасьць у тым падлеткавым хаўрусе сапраўды ёсць. Але «Палескія рабінзоны»! Аповесць, на якой мы пэўны час проста памешаныя былі. Як марылі самі апынуцца на востраве, як шкадавалі, што няма паблізу вялікай рэчкі, якая б разлівалася, што няма ў нашай вёсцы шпіёнаў, за якімі можна было б сачыць… Смешна, а цяпер успамінаючы, дык і сорамна што і цябе спрабавалі пераканаць у чароўнасці гэтага твору. Ты панура, недаверліва, усё з тою ж пагардаю да «брахні вучонай» выслухоўваў. Ні сюжэт, ні рамантыка, ні прыгоды не пайшлі табе… толькі аднойчы твар твой ажывіўся тупой цікавасцю гэта калі Мірон зь Віктарам знайшлі бабровыя хаткі. «Хоць бы шкураў насушылі, раз усё адно рабіць нех…»
О, у гэтым ты са сваёй сямейкай разбіраўся добра! Помніш, была ў вас сучка, Сцяпан? Якую вы не адвязвалі ніколі? І потым кожную вясну вашае хобі, забаўка вашая, нават хутчэй не забаўка, а будзённы занятак такі ж, як для нармальных людзей ускопваць грады, садзіць соткі, даглядаць сад… З заклапочанымі, сур’ёзнымі тварамі вы абносілі сабачую будку надзейнай агароджаю (не ленаваліся ж, і часу гарачага, веснавога не шкадавалі, бо гэта ж трэба было ў лес цягнуцца, ды слупкі з жэрдкамі нарыхтоўваць, ды потым, дома, усё гэта да ладу даводзіць), самі хаваліся за хлеў тры дарослыя амаль дзецюкі і адзін сталы мужчына, і цярпліва, як на рыбалцы ці на паляванні ў засадзе, чакалі… Пакуль якісь небарака, прываблены юрлівым сучым скавытаннем, не ўбягаў перш у гасцінна расчыненыя вароты, а потым і ў пастку. Імгненна шморгалася вяроўка, зачыняліся вароты, і вы ўчатырох бацька з віламі, вы з палянякамідубінамі, выляталі з засады і з гіканнем урываліся ў загарадку…
Быў у тым забойстве, аказваецца, і інтарэс практычны. «Яблыкі будуць смачныя, тлумачыў ты, калі сабак закопваць пад яблыню», прычым, дадаваў ты, пажадана сабак, пазбаўленых жыцця пад час злучкі.
Колькі яблык вы пераварылі ў сваіх чэравах, колькі перавялі «жывога ўгнаення» для іх хто падлічыць?.. І не магу згадаць ніводнага выпадку, каб хто пасварыўся з вамі, каб хто заявіў у міліцыю; баяліся вас, як чорт крыжа і нездарма, бо былі вы акружаныя блатам, аплеценыя сваякамі, вялікай і дробнай начальніцкай раднёю, як павуціннем; ніткі гэтыя ліпкія цягнуліся ад вас і ў сельсавет, і ў школу, і ў міліцыю, і ў райана, і ў гарана; так што скардзіцца на вас, шукаць якой рады ад вас было сабе ж даражэй.
Подласць твая сталела разам з табою і чым далей, тым больш набывала дасканаласці, рабілася не грубапрымітыўнай, не лабавой, а нейкай вытанчанай, усё часцей скіроўвалася не на канкрэтнага чалавека, а на штосьці самае дарагое яму: на любімую рэч, якую можна было зламаць ці ўкрасці, на сябра, на якога можна было ўзвесьці паклёп, на бацькоў, сваякоў, настаўнікаў, у якіх абсмейваліся фізічныя недахопы, на каханую дзяўчыну, якой давалася брыдкая мянушка і г.д. і да т. п.
Цяпер, ездзячы з сваім уласным «шохверам», ты, відаць, рэдка ўспамінаеш, калі ўспамінаеш увогуле, пра свой даўні, самы першы транспартны сродак: зялёнага колеру матацыкл «Мінск». Навюсенькага, набылі яго табе з рук, за паўцаны, у суседняй вёсцы ў нейкай жанчыны, адзіны сын якой перад гэтым трагічна загінуў, так ні разу, здаецца, на тым «Мінску» не праехаўшы… ізноў, зноўтакі і ў гэтай пакупцы элемент чагось цёмнага, непрыемнага, на чужым горы замешанага; ты проста народжаны быў пад нейкай паганай зоркай, табе проста наканавана было ўсё жыццё выступаць у ролі Мідаса, з тою розніцай, што ў Мідаса ўсё, чаго ён ні кранаўся, ператваралася ў золата, а ў цябе, выбачай, сам ведаеш, у што…