Выбрать главу

— Хальт!

— Хальт!

— Хальт, рус!..

I чарга — адна, другая, дзве разам. Мы падаем і па рыхлым снезе зноў кідаемся ўбок. Мая ўвага расколваецца надвае — адначасна я лаўлю ўсё, што пагражае нам ззаду, і не ўпускаю ад сябе немца. Ён круціцца, як вужака, паўзе. I я гэтаксама кручуся, куляюся, паўзу, каб не адстаць ад яго.

У кукурузе тым часам раздаецца адзіночны пісталетны стрэл і затым зноў прыглушаныя адлегласцю крыкі немцаў. I зараз жа мяне спыняе чамусьці хрыпаты, але злы крык Кротава.

— Не! Не! Сволачы!

I зноў слабы пісталетны стрэл, другі. Трэці, пэўна, накрывае чарга, і ўсё там сціхае.

«Што ж гэта? Як жа гэта? Чаму так?» — як дрыготка, б’е мяне распачлівая думка. Вываляны дашчэнту ў снег, я распластваюся між мёрзлых бадылёў кукурузы. Перада мной ляжыць немец. Я толькі цяпер пазнаю, што гэта той акулярык у мундзірчыку. Аднак акуляраў у яго ўжо няма, ён задыхана сапе і шырока міргае сваімі бялёсымі вачыма. Я ўскокваю на ногі і тут жа прысядаю ад болю ў ступні. Паранены! Збянтэжаны, яшчэ не ўсвядоміўшы ў поўнай меры таго, што здарылася, я, аднак, выразна адчуваю: гэта — непапраўная, вялізная бяда. Трэба зараз жа нешта зрабіць, неяк ёй процідзейнічаць. Нага ў мяне прыкметна цяжэе, штось гарачае, нават востра пякучае разыходзіцца па ступні. У боце хутка макрэе. «Ну вось і ўсё!» — сціскае сэрца самотная думка. Аднак яна працвярэжвае ад страху, і я разумею, што небяспека яшчэ не мінулася, што трэба хутчэй выкараскацца адсюль.

Прыўстаўшы на калена, я наступаю на параненую нагу — ці цэлая хаця косць. Калі падломіцца — тады ўсё прапала. Але нага, дзякуй Богу, не падломваецца, толькі баліць, дужа пячэ. Праўда, боль — не так важна, боль мы як-небудзь стрываем. Я падхопліваюся, прыгнуўшыся, штурхаю аўтаматам немца, і мы зашываемся ў вялізным прасцягу кукурузы.

6

Людзі ідуць, ідуць, ідуць…

I я іду. Іду без мэты, немаведама куды, насустрач цёплай вясновай ночы. Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу. Дробненька рассыпаецца музыка са «Спідолы». Гэта перада мной мерна крочаць, нібы плывуць у людскім патоку, трое хлапцоў. Чорныя вячэрнія гарнітуры, вастраносыя чаравікі. Вельмі дбайна прычэсаныя шавялюры.

Я іду за імі і думаю пра сваё.

Цяпер, праз дваццаць год, можна меркаваць па-рознаму. Хоць, прызнацца, я і дагэтуль толкам не ведаю, як усё тое адбылося. Магчыма, адступаючы, немцы наўмысля пакінулі ў нашым тыле танкавую групоўку. А можа, нашы часці самі абышлі яе, гонячыся за тэмпам наступлення. Уперад, не зважаючы ні на што, глыбей у варожы тыл — было няпісаным правілам кожнай наступальнай аперацыі. А танкі засталіся. Гэта найбольш верагодна. Важна было акружыць Кіраваград, паставіць пад пагрозу разгрому дзесятак нямецкіх дывізій. Каму там клопату, што ў нейкім месцы нашага баявога парадку ўтварылася прарэха, у якую ўлезлі немцы.

Для фронту гэта было нястрашна, для арміі таксама. Дывізіі было горш. А вось нам… Мне, небаракам-параненым, таксама як і заклапочана-бяспечным тылавікам, гэта было пытаннем: жыць ці памерці.