— Сядзі, младшой. Я сама.
Я застаюся ў возе, а яна бяжыць у двор і нешта тлумачыць тым двум. Неўзабаве яны ўсе выходзяць на вуліцу і ідуць да фурманкі.
— Вось младшы лейтэнант наткнуўся… Камандзіра роты забілі, — кажа дзяўчына і змаўкае, з надзеяй пазіраючы на чалавека.
Я таксама ўзіраюся ў яго, — гэта мажны, падпяразаны па шынялі мужчына, на плячах шырокія з двума прасветлінамі пагоны. Іншых знакаў там не відаць, але ён у вушанцы: маёр або падпалкоўнік.
— Вы дзе бачылі танкі? — спакойна звяртаецца ён да мяне.
— У стэпе, таварыш падпалкоўнік. — (На ўсякі выпадак я бяру большае з магчымага, за гэта не крыўдзяцца.) — Кіламетры праз тры адсюль. Штук з дванаццаць стаяць стваламі сюды.
— Вы думаеце, гэта нямецкія?
— Нямецкія, — кажу я. — Нас абстралялі. Камандзіра роты забілі. Мы вось ледзьве ўцяклі з палонным.
Падпалкоўнік моўчкі азірае мяне, потым немца, які сціпла стаіць ля фурманкі і трасецца ад сцюжы.
— Так. Добра. Можаце ехаць, — памеркаваўшы, кажа камандзір.
Ля яго моўчкі чакае другі, у целагрэйцы — мусіць, шафёр або ардынарац. Мала што разумеючы з гэтага дазволу, я пытаюся:
— А куды палоннага здаць?
— Палоннага ў Іванаўку. Згодна з распараджэннем камандуючага, зборны пункт для палонных у Іванаўцы.
— Дык тут усе параненыя, — кажа Каця. — Вазьміце вы немца.
— Не, адпраўляйце ў Іванаўку, — спакойна, але з няўхільнай цвёрдасцю кажа камандзір. — I, дарэчы, паведаміце там пра танкі. Скажыце, падпалкоўнік Стах паслаў, — нечакана загадвае ён.
Вось табе і раз! Мы — ім, а яны нам. Дамовіліся! Атрымалі загад! Падпалкоўнік з тым, што ў целагрэйцы, адыходзяць з дарогі пад сцяну хаты і закурваюць. Мы стаім на месцы і збянтэжана пазіраем на іх. Чутна, як той, другі, сцішана прапануе начальніку:
— Мусіць, трэба змывацца… Ну іх к д’яблу, гэтыя танкі…
Я не чую, што адказвае падпалкоўнік. Хутка яны ўдвух хаваюцца ў двары, і тады я лаюся. Нешта ва мне надрываецца. Вытрымка мая на тым скончылася, я гатовы абурацца і крычаць — што ж гэта робіцца? У возе стогнуць параненыя. Каця таксама злуецца:
— Тылавікі праклятыя! Канцэнтратаў аб’еліся — не праб’еш! Хоць каравул крычы!
— Паганяй! — крычу я на ездавога. — Паганяй!
Ездавы зноў паганяе. Мяне ахоплівае нецярплівасць — чорт з імі, паедзем у Іванаўку! Толькі дзе яна, гэтая Іванаўка? Як яе знойдзеш уначы, і колькі на тое спатрэбіцца часу! А тут яшчэ два небаракі ў падводзе!.. I немец, што трухае ззаду. I мая мокрая ад крыві нага, якая ўжо задубела і нема баліць ад раны і марозу…
На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама — гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы.
— Стой!
Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне:
— Хто такія? Чыя павозка?
— Ды параненыя! Не бачыце хіба? 3 батальёна Шароніна, — адказвае Каця.
— Таварыш камандзір, — кажу я. — Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел… Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада.
Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае:
— Злезці ўсім!
— Ды вы што? — усхопліваецца на перадку Каця. — Вы што: тут цяжкапараненыя!..
— Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! — не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне.
Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра.