— Паўтараю: санінструктар, вы — з забінтаванай галавой, павозачны і вы, — ківае ён у бок немца, — хадземце за мной.
Нічога не зробіш. Каця першай саскоквае з перадка. Неахвотна пакідае сваё месца ездавы. Трымаючыся за рабрыны фурманкі, злажу я. Камандзір ступае наперад.
— Марш у памяшканне!
Я думаю, што гэта бязглуздзіца — не болей. Куды ён нас павядзе і што мы яму тут зрабілі? I я хачу вытлумачыць:
— Вы разумееце: танкі. Мы спяшаліся далажыць. Праз якую гадзіну яны могуць быць тут.
Камандзір азіраецца.
— I папрашу памаўчаць. Пакуль у вас не пытаюць…
— Ну, пайшлі, падумаеш! — са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор.
За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык.
Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі.
— Прашу дакументы! — кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы — вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал — не меней… Столькі зацятае напускной строгасці!
— Пажалста! — з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху.
Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары — суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімае твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым — немцу.
— Гэта немец, — кажу я. — Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку.
Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але капітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы.
— Дзе вы бачылі танкі? — пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля.
— У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль.
— Каму вы аб тым далажылі?
— Ды тут даложыш!.. — запальчыва апярэджвае мяне Каця. — Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя.
Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю, прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу.
— Двум чалавекам дакладвалі, — кажу я. — Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку.
— Дык вось зарубіце сабе на носе, — строга кажа капітан. — Больш каб ні слова? Зразумелі? А то — паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! — заканчвае ён недарэчнай пагрозай.
— Пры чым тут паніка! — сварліва кажа Каця. — Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі — нікога не пройме…
Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго:
— Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! — змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: — У трэцяй ад царквы хаце збор раненых.
Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах.
— А палоннага? — пытаюся я. — Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага…
— Я не канваір! — адказвае капітан.
Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога.
Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі.
— Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. А то загнуцца, чаго добрага, — кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі.
9
Што рабіць далей — хто яго ведае? Мусіць, трэба б перш прытушыць сваю гарачнасць, астыць нутром, супакоіцца ці змірыцца з тым, што адбылося. Зноў жа нейкага клопату патрабуе мая зусім акачанелая нага, стогнуць у возе параненыя, валачэцца гэты палонны… Ды і што я яшчэ магу зрабіць у такім маім стане — ці не хопіць ужо дакладваць, ці не праз меру такая мая ўстрывожанасць? Яшчэ сапраўды палічаць за панікёра ды арыштуюць. Няўжо ж тыя камандзіры, з якімі я сустракаўся, не зробяць чаго? Усё ж, тут ёсць, мабыць, якая сувязь, паведамяць, каму трэба: прымуць якія захады супраць гэтых танкаў. Не можа ж таго быць, каб такая акалічнасць нікога не ўстрывожыла. А можа, камандаванне ўжо ведае пра ўсё гэта? Мо так і было прадугледжана ў плане аперацыі? Тады дарма я гэтак непакоюся, распінаюся, нібы які панікёр. Тады, мусіць, трэба б перш-наперш перавязацца як мае быць, ды абагрэцца, ды збыць куды гэтага немца. Толькі куды яго дзенеш?