Выбрать главу

«Зусім не дрэнь», сказаў Чычыкаў, паціснуўшы яму руку. Тут ён вельмі глыбока ўздыхнуў. Здавалася, ён быў настроены да сардэчных прызнанняў; не без пачуцця і выражэння прагаварыў ён, нарэшце, наступныя словы:

«Калі-б вы ведалі, якую паслугу зрабілі гэтай, здавалася-б дрэнню чалавеку без племені і роду! Дый сапраўды, чаго не пацярпеў я? як барка якая-небудзь паміж лютых хваль... Якіх ганенняў, якіх праследаванняў не перанёс, якога гора не зазнаў, а за што? за тое, што рабіў па праўдзе, што быў чысты ў сваім сумленні, што падаваў руку і ўдавіцы бездапаможнай, і сіраціне-гаротніцы?..» Тут ён нават выцер хустачкай слязу.

Манілаў быў зусім расчулены. Абодва прыяцелі доўга ціснулі адзін другому рукі і доўга глядзелі моўчкі адзін другому ў вочы, у якіх відаць былі наплыўшыя слёзы. Манілаў ніяк не хацеў выпусціць рукі нашага героя і працягваў ціснуць яе так горача, што той ужо не ведаў, як яе выручыць. Нарэшце, вырваўшы яе ціхенька, ён сказаў, што нядрэнна было-б купчую зрабіць хутчэй і добра было-б, калі-б ён сам наведаўся ў горад. Потым узяў капялюш і пачаў адвітвацца.

«Як? Вы ўжо хочаце ехаць?» сказаў Манілаў, раптам апамятаўшыся і амаль спалохаўшыся.

У гэты час увайшла ў кабінет Манілава.

«Лізанька», сказаў Манілаў з крыху жаласлівым выглядам: «Павел Іванавіч пакідае нас!»

«Бо мы надакучылі Паўлу Іванавічу», адказала Манілава.

«Сударыня! тут», сказаў Чычыкаў: «тут, вось дзе», ён паклаў руку на сэрца: «так, тут доўга будзе трываць прыемнасць часу, праведзенага з вамі! і паверце, не было-б для мяне большага шчасця, як жыць з вамі, калі не ў адным доме, дык, прынамсі, у самым бліжэйшым суседстве».

«А ведаеце, Павел Іванавіч», сказаў Манілаў, якому вельмі спадабалася такая думка, «як было-б сапраўды добра, калі-б жыць гэтак разам, пад адным дахам, ці пад ценем якога-небудзь вяза пафіласофстваваць пра што-небудзь, паглыбіцца!..»

«О! гэта было-б райскае жыццё!» сказаў Чычыкаў уздыхнуўшы. «Бывайце, сударыня!» гаварыў ён далей, падыходзячы да ручкі Манілавай. «Бывайце, найпаважанейшы друг! Не забудзьцеся пра просьбу».

«О, будзьце ўпэўнены!» адказаў Манілаў. «Я з вамі развітваюся не больш, як на два дні».

Усе вышлі ў сталовую.

«Бывайце, міленькія хлапчаняткі!» сказаў Чычыкаў, убачыўшы Алкіда і Фемістоклюса, якія займаліся нейкім драўляным гусарам, у якога ўжо не было ні рукі, ні носа. «Бывайце, мае малыя! Вы выбачце мне, што я не прывёз вам гасцінца, бо, прызнаюся, не ведаў нават, ці жывеце вы на свеце; але цяпер, як прыеду, абавязкова прывязу. Табе прывязу шаблю; хочаш шаблю?»

«Хачу», адказаў Фемістоклюс.

«А табе барабан; ці-ж не праўда, табе барабан?» гаварыў ён, нахіліўшыся да Алкіда.

«Парапан», адказаў шэптам і панурыўшы галаву Алкід.

«Добра, я табе прывязу барабан. Такі слаўны барабан, гэтак усё будзе: турр... ру... тра-та-та, та-та-та... Бывай, душачка! Бывай», тут пацалаваў ён яго ў галаву і звярнуўся да Манілава і яго жонкі з подсмехам, як звычайна звяртаюцца да бацькоў, даючы ім зразумець аб нявіннасці жаданняў іх дзяцей.

«Сапраўды, застаньцеся, Павел Іванавіч», сказаў Манілаў, калі ўжо ўсе вышлі на ганак. «Паглядзіце, якія хмары».

«Гэта маленькія хмаркі», адказаў Чычыкаў.

«Ды ці ведаеце вы дарогу да Сабакевіча?»

«Пра гэта хачу запытаць вас».

«Дазвольце, я зараз раскажу вашаму фурману». Тут Манілаў з такой самай ветлівасцю расказаў справу фурману, і сказаў яму нават адзін раз: вы. Фурман, пачуўшы, што трэба прапусціць два павароты і павярнуць на трэці, сказаў: «Патрапім, ваша благароддзе», і Чычыкаў паехаў; гаспадары, прыўзняўшыся на дыбачкі, доўга праводзілі яго паклонамі і маханнем хустачак.

Манілаў доўга стаяў на ганку, праводзячы вачамі ад’язджаўшую брычку, і калі яе зусім ужо не было відаць, ён усё яшчэ стаяў і курыў люльку. Нарэшце ўвайшоў ён у пакой, сеў на крэсла і аддаўся разважанню, душэўна радуючыся, што зрабіў госцю свайму невялікую прыемнасць. Потым думкі яго пераляцелі непрыкметна да іншых рэчаў і, нарэшце, занесліся бог ведае куды. Ён думаў аб шчасці сяброўскага жыцця, аб тым, як-бы добра было жыць з другам на беразе якой-небудзь ракі, потым праз гэту раку пачаў будавацца ў яго мост, потым велізарнейшы дом з такім высокім бельведэрам, што можна адтуль бачыць нават Маскву, і там піць вечарам чай на чыстым паветры і разважаць пра якія-небудзь прыемныя рэчы. — Потым, што яны разам з Чычыкавым прыехалі ў нейкую кампанію ў добрых карэтах, дзе зачаравалі ўсіх прыемнасцю абыходжання, і што быццам гасудар, даведаўшыся аб такой іх дружбе, прызначыў іх генераламі, і далей, нарэшце, бог ведае што такое, чаго ўжо ён і сам ніяк не мог разабраць. Дзіўная просьба Чычыкава спыніла раптам усе яго мары. Думка аб ёй неяк асабліва не варылася ў яго галаве: як ні пераварочваў ён яе, а ніяк не мог растлумачыць сабе, і ўвесь час сядзеў ён і курыў люльку, што цягнулася да самай вячэры.