«Дазвольце-ж і мне, ва ўзнагароду за паслугу, заплаціць вам таксама паслугай. Хачу быць пасярэднікам вашым у справе з братамі Платонавымі. Вам патрэбна зямля, ці не так?..»
РАЗДЗЕЛ... [112]
Усё на свеце робіць свае справы. Што каму баліць, той аб тым і крычыць, кажа прыказка. Падарожжа па скрынях зроблена было з поспехам, так што тое-сёе ад гэтай экспедыцыі перайшло ва ўласную шкатулку. Адным словам, абладжана было асцярожна і з развагай. Чычыкаў не тое, каб украў, але пакарыстаўся. Кожны-ж з нас чым-небудзь пакарыстаецца: той казённым лесам, той эканамічнымі сумамі, той крадзе ў сваіх дзяцей для якой-небудзь прыезджай актрысы, той у сялян дзеля мэблі Гамбса [113] або карэты. Што рабіць, калі завялося так многа прывабаў на свеце? і дарагія рэстараны з шалёнымі цэнамі, і маскарады, і пагулянкі, і скокі з цыганкамі. Цяжка-ж утрымацца, калі ўсе з усіх бакоў робяць тое-ж, ды і мода загадвае — спрабуй стрымаць сябе! Чычыкаву належала-б і выехаць ужо, але дарогі сапсаваліся. У горадзе тым часам гатоў быў пачацца другі кірмаш — цалкам дваранскі. Ранейшы быў больш конскі, жывёлай, сырымі вырабамі, ды рознымі сялянскімі, якія скупляліся прасоламі і кулакамі. Цяпер-жа ўсё, што куплена на Ніжагародскім кірмашы краснапрадаўцамі панскіх тавараў, прывезена сюды. Наехалі знішчальнікі рускіх кішэняў, французы з памадамі і францужанкі з капялюшыкамі, знішчальнікі здабытых крывёй і працай грошай — гэта егіпецкая саранча, паводле выразу Кастанжогла, якая мала таго, што ўсё зжарэ, ды яшчэ яечак пасля сябе пакіне, закапаўшы іх у зямлю.
Толькі неўраджай ды нешчаслівы ў самым..... утрымалі шмат каго з памешчыкаў у вёсках. Затое чыноўнікі, якія не мелі страт ад ураджаю, разышліся; жонкі іх на бяду таксама. Начытаўшыся розных кніг, распушчаных у апошні час з мэтай утлумачыць усякія новыя патрэбы чалавецтву, адчулі прагу незвычайную зазнаць усе новыя асалоды. Француз адкрыў новае завядзенне — нейкі дагэтуль нечуваны ў губерні ваксал, з вячэрамі, быццам па незвычайна таннай цане і палавіну ў крэдыт. Гэтага было досыць, каб [не толькі] столаначальнікі, але нават і ўсе канцылярскія, у надзеі на будучыя хабары з просьбітаў..... Узнікла жаданне пафарсіць адзін перад другім конямі і фурманамі. Ох, гэтая сутычка саслоўяў для забаў! Не гледзячы на кепскае надвор’е і слату, фарсістыя каляскі праляталі ўзад і ўперад. Адкуль яны з’явіліся, бог ведае, але ў Пецербургу не зблышылі-б... Купцы, прыказчыкі, спрытна прыўзнімаючы капелюшы, запрашалі паняў. Мала дзе былі відаць барадачы ў мехавых гарлатных шапках. Усё было еўрапейскага выгляду з паголенымі падбародкамі, усё..... і з гнілымі зубамі.
«Калі ласка, калі ласка! Ды ўжо зрабіце ласку зайсці ў краму! Пан, пан!» выгуквалі там-сям хлапчукі.
Але ўжо на іх з пагардай глядзелі азнаёмленыя з Еўропай пасрэд....; зрэдку толькі з пачуццём годнасці вымаўлялі: «Шт.....», або «тут сукны зібер, клер і чорныя».
«Ёсць сукны бруснічных колераў з іскрай?» запытаў Чычыкаў.
«Выдатныя сукны», сказаў купец, прыўзнімаючы адной рукой шапку, а другой паказваючы на краму. Чычыкаў увайшоў у краму. Спрытна прыпадняў дошку... і апынуўся на другім баку яго, спіной да тавараў, якія ляжалі знізу да столі, трубка на трубцы, і — тварам да пакупніка. Абапёршыся спрытна абодвума рукамі і злёгку пагойдваючыся на іх усім тулавам, вымавіў: «Якіх сукнаў пажадаеце?»
«З іскрай аліўкавых або бутэлечных, якія набліжаюцца, так сказаць, да брусніц», сказаў Чычыкаў.
«Магу сказаць, што атрымаеце адменнага гатунку, лепш за які толькі ў асвечаных сталіцах можна адшукаць. Хлопец! падай сукно зверху, што за 34-м нумарам. Ды не тое, браток! Што ты вечна вышэй сваёй сферы, быццам пролетарый які! Кідай яго сюды. Вось сукенца!» I, разгарнуўшы яго з другога канца, купец паднёс Чычыкаву пад самы нос, так што той мог не толькі пагладзіць рукой шаўкавісты глянец, але нават і панюхаць.
«Добра, але ўсё не тое», сказаў Чычыкаў. «Я-ж служыў на мытніцы, дык мне вышэйшага гатунку, якое ёсць, і да таго-ж больш з чырванню, не да бутэлькі, а да брусніц каб набліжалася».
«Разумею: вы сапраўды жадаеце такога колеру, які цяпер у моду ўваходзіць. Ёсць у мяне сукно выдатнай вартасці. Папярэджваю, што высокай цаны, але і высокай якасці».
Еўрапеец палез. Трубка ўпала. Разгарнуў ён яе з майстэрствам ранейшых часоў, нават на час забыўшы, што ён належыць ужо да пазнейшага пакалення, і паднёс да святла, нават вышаўшы з крамы, і там яго паказаў, жмурачыся ад святла і сказаўшы: «Адменны колер! Сукно наварынскага дыму з полымем».
112
Адсюль спыняецца падзел на раздзелы. Усё далейшае з’яўляецца ўрыўкамі розных рэдакцый.