Выбрать главу

Сукно спадабалася; пра цану дамовіліся, хоць яна і «з прыфіксам» [114], як сцвярджаў купец. Тут было прароблена спрытнае раздзіранне абодвума рукамі. Загорнута яно было ў паперу, па-руску, з хуткасцю неверагоднай. Скрутак закруціўся пад лёгкім шпагатам, які ахапіў яго трапяткім вузлом. Нажніцы перарэзалі шпагат, і ўсё было ўжо ў калясцы. Купец прыўзнімаў шапку. Прыўзнімаючы шапку..... прычыну: ён дастаў з кішэні грошы.

«Пакажыце чорнага сукна», пачуўся голас.

«Вось чорт вазьмі, Хлабуеў», сказаў сам сабе Чычыкаў і павярнуўся спіной, каб не бачыць яго, лічачы за неразважлівасць з свайго боку распачынаць з ім якія-небудзь тлумачэнні адносна спадчыны. Але ён ужо яго ўбачыў.

«Што гэта, дапраўды, Павел Іванавіч, ці не наўмысна ўцякаеце ад мяне? Я вас нідзе не магу адшукаць, а справы-ж такога роду, што нам трэба сур’ёзна перагаварыць».

«Найпаважанейшы, найпаважанейшы», сказаў Чычыкаў, паціскаючы яму рукі: «паверце, што ўсё хачу з вамі пагутарыць, ды часу зусім няма». А сам думаў: «Чорт-бы цябе хапіў!» I раптам убачыў уваходзячага Муразава. «Ах, божа, Афанасій Васільевіч! Як здароўе ваша?»

«Як вы?» сказаў Муразаў, здымаючы капялюш. Купец і Хлабуеў знялі капелюшы.

«Ды вось паясніца, дый сон неяк усё не тое. Ці можа ўжо таму, што мала руху...»

Але Муразаў, замест таго, каб паглыбіцца ў прычыну прыпадкаў Чычыкава, звярнуўся да Хлабуева: «А я, Сямён Сямёнавіч, убачыўшы, што вы ўвайшлі ў краму, — за вамі. Мне трэба аб тым аб сім пагаварыць, дык ці не хочаце заехаць да мяне?»

«Як-жа, як-жа!» сказаў паспешна Хлабуеў і вышаў з ім.

«Аб чым-бы ў іх размовы?» падумаў Чычыкаў.

«Афанасій Васільевіч — паважаны і разумны чалавек», сказаў купец: «і справу сваю ведае, але асвечанасці няма. Купец-жа ёсць негацыянт, а не тое, што купец. Тут з гэтым злучана і буджэт, і рэакцыя, а інакш атрымаецца паўпурызм» [115], Чычыкаў махнуў рукой.

«Павел Іванавіч, я вас шукаю ўсюды», пачуўся ззаду голас Леніцына. Купец пачціва зняў капялюш.

«Ах, Фёдар Фёдарыч!»

«У імя бога, паедзем да мяне: мне трэба перагаварыць», сказаў ён. Чычыкаў зірнуў — ён змяніўся з твару. Расплаціўшыся з купцом, ён вышаў з крамы.

«Вас чакаю, Сямён Сямёнавіч», сказаў Муразаў, убачыўшы ўваходзячага Хлабуева: «калі ласка да мяне ў пакойчык». I ён павёў Хлабуева ў пакойчык, ужо знаёмы чытачу, скрамней за які нельга было адшукаць і ў чыноўніка, што атрымлівае семсот рублёў у год.

«Скажыце, цяпер-жа, я думаю, справы вашы палепшалі? Пасля цёткі ўсё-такі вы атрымалі тое-сёе».

«Дык як вам сказаць, Афанасій Васільевіч? Я не ведаю, ці палепшалі мае справы. Я атрымаў усяго пяцьдзесят душ сялян і трыццаць тысяч грошай, якімі я павінен быў разлічыцца з часткай маіх пазык, — і ў мяне зноў няма нічога. А галоўнае, што справа па гэтаму завяшчанню самая нячыстая. Тут, Афанасій Васільевіч, пачаліся такія круцельствы. Я вам зараз раскажу, і вы здзівіцеся, што такое робіцца. Гэты Чычыкаў...»

«Дазвольце, Сямён Сямёнавіч, раней чым гаварыць пра гэтага Чычыкава, дазвольце пагаварыць уласна пра вас. Скажыце мне: колькі, па вашым меркаванні, было-б вам патрэбна і дастаткова для таго, каб зусім выблытацца з становішча?»

«Маё становішча цяжкое», сказаў Хлабуеў. «Ды каб выблытацца са становішча, разлічыцца зусім і мець магчымасць жыць самым памяркоўным чынам, мне патрэбна, прынамсі, 100 тысяч, калі не больш, словам, мне гэта немагчыма.

«Не магу, нікуды не варты: асавеў, баліць паясніца».

«Дык як-жа жыць без працы! Як-жа быць на свеце без пасады, без месца? Паслухайце! Зірніце на кожнае стварэнне божае: кожнае чаму-небудзь ды служыць, мае свае абавязкі. Нават камень, і той для таго, каб ужываць яго на справу, а чалавек, самая разумная істота, каб заставаўся без карысці, — ці магчымая гэта справа?»

«Ну, ды я ўсё-такі не без справы. Я магу заняцца выхаваннем дзяцей».

«Не, Сямён Сямёнавіч, не! Гэта цяжэй за ўсё. Як выхаваць таму дзяцей, хто сам сябе не выхаваў? Дзяцей-жа толькі можна выхаваць прыкладам асабістага жыцця. А ваша жыццё ці прыдатна ім за прыклад? Каб навучыцца хіба таму, як [у] бяздзейнасці праводзіць час ды гуляць у карты? Не, Сямён Сямёнавіч, аддайце дзяцей мне: вы іх папсуеце. Падумайце не жартуючы: вас загубіла бяздзейнасць, — вам трэба ад яе ўцякаць. Як жыць на свеце не прымацаванаму ні да чаго? Які-небудзь ды трэба выконваць абавязак. Падзёншчык, — і той-жа служыць. Ён есць капеечны хлеб, ды ён-жа: яго здабывае і адчувае цікавасць да свайго занятку».

вернуться

114

Без запросу.

вернуться

115

Пауперызм (збядненне).