Выбрать главу

РАЗДЗЕЛ III

А Чычыкаў задаволены, у добрым настроі, сядзеў у сваёй брычцы, якая кацілася даўно па верставой дарозе. З папярэдняга раздзелу ўжо відаць, што з’яўлялася галоўным прадметам яго густу і нахілаў, а таму не дзіва, што ён хутка паглыбіўся ўвесь у яго і целам, і душой. Дапушчэнні, падлікі і меркаванні, блукаўшыя па твары яго, відаць, былі вельмі прыемныя, бо штохвіліны пакідалі пасля сябе сляды задаволенай усмешкі. Заняты імі, ён не звяртаў ніякай увагі на тое, як яго фурман, задаволены прыёмам дваровых людзей Манілава, рабіў вельмі слушныя заўвагі пярэстаму прысцяжному каню, запрэжанаму з правага боку. Гэты пярэсты конь быў вельмі хітры і рабіў толькі выгляд, быццам вязе, у той час як гняды караннік і прысцяжны буланай масці, які называўся Засядацелем, таму што быў набыты ў нейкага засядацеля, цягнулі ад усяго сэрца, так што нават у вачах іх была прыкметна тая прыемнасць, якую атрымлівалі яны ад гэтага. «Хітруй, хітруй! вось я цябе перахітрую!» гаварыў Селіфан, прыўзняўшыся і сцебануўшы пугаю гультая. «Ты ведай сваю справу, калашман ты нямецкі! Гняды паважны конь, ён выконвае свой абавязак, я яму з ахвотаю дам лішнюю мерку, бо ён паважны конь, і Засядацель таксама добры конь... Ну, ну! Чаго трасеш вушамі? Ты, дурань, слухай, калі гавораць! Я цябе, непачцівец, не буду дрэннаму вучыць. Бач, куды паўзе!» Тут ён зноў сцебануў яго пугаю, праказаўшы: «У, варвар! Банапарт ты пракляты!..» Потым прыкрыкнуў на ўсіх: «Эй вы, даражэнькія!» і сцебануў па ўсіх па трох ужо не ў якасці кары, але каб паказаць, што быў імі задаволены. Зрабіўшы такую прыемнасць, ён зноў павёў размову да пярэстага: «Ты думаеш, што ўтоіш свае паводзіны. Не, ты жыві па праўдзе, калі хочаш, каб табе была пашана. Вось у памешчыка, дзе мы былі, добрыя людзі. Я з задавальненнем пагавару, калі добры чалавек; з чалавекам добрым мы заўсёды свае сябры, тонкія прыяцелі: ці выпіць чаго, ці закусіць — з ахвотаю, калі добры чалавек. Добрага чалавека кожны ўшануе. Вось пана нашага кожны паважае; таму, што ён, чуеш ты, выконваў службу гасударскую, ён скалескі саветнік...»

Так разважаючы, Селіфан забраўся нарэшце ў самыя далёкія адцягненасці. Калі-б Чычыкаў прыслухаўся, дык пачуў-бы многа падрабязнасцей, якія мелі дачыненне асабіста да яго; але думкі яго так былі заняты сваім прадметам, што толькі моцны ўдар грому прымусіў яго схамянуцца і паглядзець вакол сябе: усё неба было зусім абложана хмарамі, і пыльная паштовая дарога апырскалася кроплямі дажджу. Нарэшце, грамавы ўдар пачуўся другі раз гучней і бліжэй, і дождж лінуў раптам, як з вядра. Спачатку, прыняўшы касы напрамак, хвастаў ён у адзін бок кузава кібіткі, а потым у другі, потым! змяніўшы спосаб нападу і зрабіўшыся зусім простым, барабаніў проста ў верх кузава; пырскі, нарэшце, сталі далятаць яму ў твар. Гэта прымусіла яго закрыцца скуранымі фіранкамі з двума круглымі акенцамі, прызначанымі для разгляду дарожных малюнкаў, і загадаць Селіфану ехаць хутчэй. Селіфан, перапынены таксама на самай сярэдзіне размовы, скеміў, што, сапраўды, нельга марудзіць, выцягнуў тут-жа з-пад козлаў нейкую дрэнь з шэрага сукна, апрануў яе ў рукавы, схапіў у рукі лейцы і прыкрыкнуў на сваю тройку, якая ледзь-ледзь пераступала нагамі, бо адчувала прыемнае расслабленне ад павучальных размоў. Але Селіфан ніяк не мог прыпомніць, дзве ці тры павароткі праехаў. Скеміўшы і прыпамінаючы крыху дарогу, ён здагадаўся, што многа было паваротак, якія ўсё ён прапусціў міма. Паколькі рускі чалавек у рашучыя хвіліны скеміць, што рабіць, не ўваходзячы ў далёкія разважанні, дык, павярнуўшы направа, на першую крыжавую дарогу, прыкрыкнуў ён: «Эй вы, сябры паважаныя!» і пусціўся наўскач, мала думаючы аб тым, куды прывядзе ўзятая дарога.

Дождж аднак-жа, здавалася, заладзіў надоўга. Пыл, што ляжаў на дарозе, хутка замясіўся ў гразь, і коням з кожнай хвілінай рабілася цяжэй цягнуць брычку. Чычыкаў пачынаў ужо моцна непакоіцца, не бачачы так доўга вёскі Сабакевіча. Па яго разліку, даўно-б пара было прыехаць. Ён выглядаў ва ўсе бакі, але цемра была такая, хоць вока выкалі.