«Вось вам Чычыкаў! Вы стаялі за яго і абаранялі. Цяпер ён папаўся ў такой справе, на якую і апошні злодзей не асмеліцца».
«Дазвольце вам далажыць, ваша сіяцельства, што я не вельмі разумею гэтую справу».
«Падлог завяшчання, і яшчэ які!.. Публічнае пакаранне бізунамі за такую справу!»
«Ваша сіяцельства, — скажу не таму, каб бараніць Чычыкава, але-ж гэта справа не даведзеная: следства яшчэ не зроблена».
«Доказ: жанчына, якую падабралі замест памершай, злоўлена. Я яе хачу распытаць знарок пры вас». Князь пазваніў і даў загад паклікаць тую жанчыну.
Муразаў змоўк.
«Ганебнейшая справа! I, на сорам, замяшаліся першыя чыноўнікі горада, сам губернатар. Ён не павінен быць там, дзе зладзеі і марнатраўцы!» сказаў князь з запалам.
«Губернатар-жа — наследнік; ён меў права на дамаганне; а што іншыя з усіх бакоў прычапіліся, дык гэта, ваша сіяцельства, чалавечая справа. Памерла-ж багатая, распарадку разумнага і справядлівага не зрабіла; зляцеліся з усіх бакоў ахвотнікі пажывіцца — чалавечая справа...»
«Але-ж агіднасці навошта рабіць?.. Падлюгі!» сказаў князь з пачуццём абурэння. «Ні аднаго чыноўніка няма ў мяне добрага: усе мярзотнікі!»
«Ваша сіяцельства! ды хто-ж з нас, як належыць, добры? Усе чыноўнікі нашага горада — людзі, маюць вартасці і многія добра ведаюць справу, а ад граху кожны блізка».
«Паслухайце, Афанасій Васільевіч: скажыце мне, — я вас аднаго ведаю за сумленнага чалавека, — што ў вас за ахвота абараняць усялякіх мярзотнікаў?»
«Ваша сіяцельства», сказаў Муразаў: «хто-б ні быў чалавек, якога вы называеце мярзотнікам, але ён-жа чалавек. Як-жа не бараніць чалавека, калі ведаеш, што ён палавіну злога робіць ад грубасці і няведання? Мы-ж робім несправядлівасці на кожным кроку і кожную хвіліну бываем прычынай няшчасця другога, нават і не з дрэнным намерам. Ваша сіяцельства зрабілі таксама вялікую несправядлівасць».