«Як!» выгукнуў у здзіўленні князь, зусім уражаны такім нечаканым паваротам гутаркі.
Муразаў спыніўся, памаўчаў, як-бы спакмячаючы штосьці, і, нарэшце, сказаў: «Ды вось хоць-бы па справе Дзерпеннікава»...
«Афанасій Васільевіч! Злачынства супроць карэнных дзяржаўных законаў, роўнае здрадзе зямлі сваёй!»
«Я не абараняю яго. Але ці справядліва тое, калі юнака, які, праз неспрактыкаванасць сваю, быў спакушаны і зваблены іншымі, асудзіць так, як і таго, які быў адным з завадатараў? Бо адзін лёс спасціг і Дзерпеннікава і якога-небудзь Варанога-Драннога, а злачынствы-ж іх не роўныя».
«У імя бога...» сказаў князь з прыкметным хваляваннем: «вы што-небудзь ведаеце аб гэтым? скажыце. Я іменна нядаўна паслаў яшчэ проста ў Пецербург, каб зрабіць менш суровым яго лёс».
«Не, ваша сіяцельства, я не наконт таго гавару, каб я ведаў што-небудзь такое, чаго вы не ведаеце. Хоць, сапраўды, ёсць адна такая акалічнасць, якая паслужыла-б на яго карысць, але ён сам не згодзіцца, таму што праз гэта пацярпеў-бы іншы. А я думаю толькі тое, ці не мелі вы ласку вельмі паспяшацца тады? Выбачайце, ваша сіяцельства, я кажу паводле свайго слабога меркавання. Вы некалькі разоў загадвалі мне шчыра гаварыць. У мяне, калі я яшчэ быў начальнікам, многа было ўсялякіх работнікаў, і дрэнных і добрых. [Варта-б таксама] узяць пад увагу і ранейшае жыццё чалавека, бо, калі не разгледзіш усё спакойна, а накрычыш ад першага разу — запалохаеш толькі яго, ды і прызнання сапраўднага не даможашся; а як са спагадай яго распытаеш, як брат брата, — сам усё выкажа і нават не просіць аб літасці, і злосці супроць нікога няма, таму што выразна бачыць, што не я яго караю, а закон».
Князь задумаўся. У гэты час увайшоў малады чыноўнік і пачціва спыніўся з партфелем. Клопаты, праца адбіваліся на яго маладым і яшчэ свежым твары. Відаць было, што ён не дарма служыў па асобых даручэннях. Гэта быў адзін з тых нямногіх, якія займаліся справаводствам con amore. Не палаючы ні чэсталюбствам, ні жаданнем прыбыткаў, ні перайманнем у іншых, ён займаўся толькі таму, што быў перакананы, што яму трэба быць тут, а не ў іншым месцы, што для гэтага дадзена яму жыццё. Сачыць, разабраць па частках і, злавіўшы ўсе ніткі самай заблытанай справы, растлумачыць яе, — гэта была яго справа. I праца, і намаганні, і бяссонныя ночы ўзнагароджваліся яму багата, калі справа, нарэшце, пачынала перад ім высвятляцца, патайныя прычыны выяўляцца, і ён адчуваў, што можа перадаць яе ўсю ў нямногіх словах, выразна і ясна, так што кожнаму будзе відавочна і зразумела. Можна сказаць, што не так радаваўся вучань, калі перад ім выяскраўляўся які-[небудзь] самы цяжкі сказ і выяўляўся сапраўдны сэнс думкі вялікага пісьменніка, як радаваўся ён, калі перад ім разблытвалася вельмі заблытаная справа. Затое... [120]
«... хлебам у месцах, дзе голад: я гэтую галіну лепш за чыноўнікаў ведаю: разгледжу асабіста, што каму трэба. Ды калі дазволіце, ваша сіяцельства, я пагавару і з раскольнікамі. Бо яны з нашым братам, з простым чалавекам, ахватней разгаворацца, дык, бог ведае, магчыма, дапамагу ўпарадкавацца з імі міралюбна. А чыноўнікі не дадуць рады: завяжацца аб гэтым перапіска, ды прытым яны так ужо заблыталіся ў паперах, што ўжо справы з-за іх і не бачаць. А грошай ад вас я не вазьму, таму што, дальбог, сорамна ў такі час думаць аб сваіх прыбытках, калі паміраюць з голаду. У мяне ёсць у запасе гатовы хлеб; я і цяпер яшчэ паслаў у Сібір і да будучага лета зноў падвязу».
«Вас можа толькі ўзнагародзіць адзін бог за такую службу, Афанасій Васільевіч. А я вам не скажу ніводнага слова, таму што, — вы самі можаце адчуваць, — кожнае слова тут бяссільна. Але дазвольце мне адно сказаць адносна той просьбы. Скажыце самі: ці маю я права пакінуць гэтую справу без увагі, і ці справядліва, ці сумленна з майго боку будзе дараваць мярзотнікам?»
«Ваша сіяцельства, дальбог, гэтак нельга назваць, тым больш, што з [іх] ёсць многія вельмі дастойныя. Цяжкія бываюць становішчы чалавека, ваша сіяцельства, вельмі, вельмі цяжкія. Бывае так, што здаецца кругом вінаваты чалавек; а як разбярэшся — нават і не ён».
«Але што скажуць яны самі, калі пакіну? Ёсць-жа з іх такія, што пасля гэтага яшчэ больш падымуць нос і будуць нават гаварыць, што яны напалохалі. Яны першыя будуць не паважаць...»
«Ваша сіяцельства, дазвольце мне вам падаць сваю думку: збярыце іх усіх, дайце ім зразумець, што вам усё вядома, і абмалюйце ім ваша ўласнае становішча дакладна такім самым чынам, як вы былі ласкавы абмаляваць яго зараз перада мной, і спытайце ў іх парады: што-[б] з іх кожны зрабіў на вашым месцы?»