Выбрать главу

«Ды вы думаеце, ім будуць даступны рухі больш высокародныя, чым каверзнічаць і нажывацца? Паверце, яны з мяне пасмяюцца».

«Не думаю, ваша сіяцельства. У чалавека, нават і ў таго, хто горшы за іншых, усё-такі пачуццё справядліва. Хіба ўжо жыд які-небудзь, а не рускі... Не, ваша сіяцельства, вам няма чаго таіцца. Скажыце ўсё так, як былі ласкавы сказаць [мне]... Яны-ж вас няславяць, як чалавека чэсталюбнага, гордага, які і слухаць нічога не хоча, упэўнены ў сабе, — дык няхай-жа ўбачаць усё, як яно ёсць. Што-ж вам? Ваша-ж справа справядлівая. Скажыце ім так, як быццам вы не перад імі, а перад самім богам прынеслі сваю споведзь».

«Афанасій Васільевіч», сказаў князь у роздуме: «я пра гэта падумаю, а пакуль удзячны вам вельмі за параду».

«А Чычыкава, ваша сіяцельства, загадайце адпусціць».

«Скажыце гэтаму Чычыкаву, каб ён выносіўся адсюль, як мага хутчэй, і чым далей, тым лепш. Яму-б вось я ніколі не дараваў».

Муразаў пакланіўся і проста ад князя накіраваўся да Чычыкава. Ён знайшоў Чычыкава ўжо ў добрым настроі; ён вельмі спакойна займаўся даволі прыстойным абедам, які быў яму прынесены ў фаянсавых судках з нейкай вельмі прыстойнай кухні. З першых слоў гутаркі стары зараз-жа заўважыў, што Чычыкаў ужо ўправіўся перагаварыць з тым-сім з чыноўнікаў-казуснікаў. Ён нават зразумеў, што тут прычыніўся невідочны ўдзел знаўцы-юрысконсульта.

«Паслухайце, Павел Іванавіч», сказаў ён: «я прывёз вам волю з такой умовай, каб зараз вас не было ў горадзе. Збірайце ўсе манаткі свае — дый з богам, не адкладаючы ні хвіліны, таму што справа яшчэ горшая. Я ведаю, вас тут адзін чалавек падбухторвае; дык абвяшчаю вам па сакрэту, што такая яшчэ адна справа выяўляецца, што ўжо ніякія сілы не выратуюць гэтага. Ён, вядома, рад іншых тапіць, каб не нудна, ды справа да развязкі. Я вас пакінуў у добрым настроі, — у лепшым, чым цяпер. Раю вам не на жарты. Дальбог, справа не ў гэтай маёмасці, праз якую спрачаюцца людзі і рэжуць адзін аднаго, як быццам сапраўды можна завесці добраўпарадкаванне ў тутэйшым жыцці, не падумаўшы пра іншае жыццё. Паверце, Павел Іванавіч, што пакуль, кінуўшы ўсё, за што грызуць і ядуць адзін аднаго на зямлі, не падумаюць аб добраўпарадкаванні душэўнай маёмасці, не ўстановіцца добраўпарадкаванне і зямной маёмасці. Надыйдуць часы голаду і беднасці, як ва ўсім народзе, так і паасобку ў кожным. Гэта-ж ясна. Што ні кажыце, ад душы-ж залежыць цела. Як-жа жадаць, каб [ішло], як належыць! Падумайце не аб мёртвых душах, а [аб] сваёй жывой душы, дый з богам на іншую дарогу! Я таксама выязджаю заўтра. Спяшайцеся! а то — без мяне бяда будзе».

Сказаўшы гэта, стары вышаў. Чычыкаў задумаўся. Значэнне жыцця зноў здалося немалаважным. «Муразаў праўду кажа», — сказаў ён: «час на іншую дарогу!» Сказаўшы гэта, ён вышаў з астрогу. Вартавы пацягнуў за ім шкатулку..... Селіфан і Пятрушка, як бог ведае чаму, узрадаваліся вызваленню пана. «Ну, даражэнькія», сказаў Чычыкаў, звярнуўшыся [да іх] ласкава: «трэба пакавацца, ды ехаць».

«Пакоцім, Павел Іванавіч», сказаў Селіфан. «Дарога, мабыць, наладзілася: снегу нападала даволі. Пара ўжо, дапраўды, выбрацца з горада. Надакучыў ён так, што і глядзець на яго не хацеў-бы».

«Ідзі да карэтніка, каб паставіў каляску на палазкі», сказаў

Чычыкаў, а сам пайшоў у горад, але ні да [кога] не хацеў заходзіць, рабіць развітальныя візіты. Пасля ўсяго гэтага здарэння было і няёмка, — тым больш, што пра яго мноства хадзіла ў горадзе самых непрыстойных гісторый. Ён унікаў усялякіх [сустрэч] і зайшоў паціху толькі да таго купца, у каторага купіў сукна наварынскага полымя з дымам, узяў зноў чатыры аршыны на фрак і на штаны і накіраваўся сам да таго-ж краўца. За падвойную [цану] майстар наважыўся узмацніць стараннасць і пасадзіць на ўсю ноч працаваць пры свечках кравецкае народанасельніцтва іголкамі, прасамі і зубамі, і фрак на другі дзень быў гатовы, хоць і крыху позна. Коні ўсе былі запрэжаны. Чычыкаў, аднак-жа, фрак памераў. Ён быў добры, акурат як папярэдні. Але, на жаль! ён заўважыў, што ў галаве ўжо бялела штосьці гладкае, і прамовіў сумна: «I навошта было паддавацца так моцна скрусе? А рваць валасы не трэба было-б і пагатоў». Разлічыўшыся з краўцом, ён выехаў нарэшце з горада ў нейкім дзіўным сне. Гэта быў не ранейшы Чычыкаў, гэта была нейкая руіна ранейшага Чычыкава. Можна было параўнаць яго ўнутраны стан душы з разабранай будынінай, якую разабралі з тым, каб будаваць з яе-ж новую, а новая яшчэ не пачыналася, бо не прышоў яшчэ ад архітэктара акрэслены план, і работнікі засталіся ў неўразуменні. На гадзіну раней за яго выехаў стары Муразаў у рагожнай кібітцы, разам з Патапычам, а гадзінай пазней пасля ад’езду Чычыкава прышоў загад, што князь, з выпадку ад’езду ў Пецербург, жадае бачыць усіх чыноўнікаў да аднаго.