У вялікім зале генерал-губернатарскага дома сыйшлося ўсё чыноўнае саслоўе горада, пачынаючы ад губернатара да тытулярнага саветніка: кіраўнікі канцылярый і спраў, саветнікі, асэсары Кіслаедаў, Краснаносаў, Самасвітаў, тыя, што не бралі, і тыя, што бралі, крывілі душой, напалову крывілі і зусім не крывілі. Усе не без хвалявання і непакою чакалі выхаду генерал-губернатара. Князь вышаў ні хмурны, ні светлы: позірк яго быў цвёрды таксама, як і крок. Увесь чыноўны сход пакланіўся, многія — у пояс. Адказаўшы лёгкім паклонам, князь пачаў:
«Ад’язджаючы ў Пецербург, я палічыў вартым пабачыцца з усімі вамі і нават вытлумачыць часткова прычыну. У нас завязалася справа вельмі спакуслівая. Я думаю, што многія з прысутных ведаюць, аб якой справе я гавару. Справа гэтая павяла за сабой да выкрыцця і іншых, не менш ганебных спраў, у якіх замяшаліся нават, нарэшце, і такія людзі, каго я дагэтуль лічыў сумленнымі. Вядома мне нават і патайная мэта зблытаць такім чынам усё, каб выявілася поўная немагчымасць вырашыць фармальным парадкам. Ведаю нават і хто галоўны, і чыім патайным....... хоць ён і надта ўмела схаваў свой удзел. Але справа ў тым, што я маю намер сачыць за гэтым не фармальным даследаваннем па паперах, а ваенным хуткім судом, як у ваенны [час], і спадзяюся, што гасудар мне дасць гэта права, калі я выкладу ўсю гэтую справу. У такім выпадку, калі няма магчымасці правесці справу грамадзянскім парадкам, калі гараць шафы з [паперамі], і, нарэшце, празмернасцю хлуслівых пабочных паказанняў і хлуслівымі даносамі стараюцца зацямніць і без таго даволі цёмную справу, — я мяркую, што ваенны суд адзіны сродак, і жадаю ведаць вашу думку».
Князь спыніўся, як [быццам] чакаючы адказу. Усе стаялі, апусціўшы вочы ў зямлю. Многія былі бледныя.
«Вядома мне таксама яшчэ адна справа, хоць тыя, каторыя вялі яе, маюць пэўнасць, што яна нікому не можа быць вядома. У далейшы ход яна пойдзе не па паперах, таму што істцом і чалабітчыкам буду ўжо я сам і дам відавочныя доказы».
Хтосьці ўздрыгнуўся сярод чыноўнага сходу; некаторыя з больш палахлівых таксама збянтэжыліся.
«Само сабой зразумела, што галоўныя завадатары павінны быць пазбаўлены чыноў і маёмасці, астатнія зволены з пасад. Можа здарыцца, зразумела, што ў ліку іх будзе пакарана і мноства невінаватых. Што-ж рабіць? Справа надта ганебная і вымагае правасуддзя. Хоць і ведаю, што гэта будзе нават не ў навуку іншым, бо на месца выгнаных з’явяцца іншыя, і тыя самыя, якія дагэтуль былі сумленнымі, зробяцца несумленнымі, і тыя самыя, хто ўдастоены будзе даверанасці, ашукаюць і прададуць, — не гледзячы на ўсё гэта, я павінен абыйсціся жорстка, бо так вымагае правасуддзе. Ведаю, што будуць мяне абвінавачваць у суровай жорсткасці, але ведаю, што тыя будуць яшчэ..... абвін..... я павінен ператварыцца толькі ў адну абясчуленую прыладу правасуддзя, сякеру, якая павінна ўпасці на галовы [вінаватых]».
Уздрыганне мімаволі прабегла па ўсіх тварах.
Князь быў спакойны. Ні гневу, ні абурэння душэўнага не выражаў гэты твар.
«Цяпер той самы, у каго ў руках лёс многіх і хто на ўсе просьбы заставаўся няўмольным, той самы цяпер вас усіх просіць. Усё будзе забыта, сцёрта, даравана; я буду вам заступнікам за ўсіх, калі выканаеце маю просьбу. Вось мая просьба. Ведаю, што ніякімі сродкамі, ніякімі страхамі, ніякімі пакараннямі нельга выкараніць няпраўды: яна надта ўжо глыбока ўкаранілася. Ганебная справа браць хабар зрабілася неабходнасцю і патрэбнасцю нават для такіх людзей, якія і не нарадзіліся быць несумленнымі. Ведаю, што ўжо амаль немагчыма многім ісці супроць усеагульнай плыні. Але я цяпер павінен, як у рашучую і свяшчэнную хвіліну, калі даводзіцца ратаваць сваю айчыну, калі кожны грамадзянін нясе ўсё і ахвяроўвае ўсім, — я павінен зрабіць кліч хоць да тых, у каго яшчэ ёсць у грудзях рускае сэрца і зразумела хоць крыху слова высокароднасць. Што тут гаварыць аб тым, хто больш з нас вінаваты! Я, магчыма, больш за ўсіх вінаваты; я, магчыма, занадта сурова вас прыняў упачатку; магчыма, залішняй падазронасцю я адштурхнуў тых з вас, якія шчыра хацелі быць мне карыснымі, хоць і я з свайго боку мог-бы таксама зрабіць..... Калі яны ўжо сапраўды любілі справядлівасць і дабро сваёй зямлі, не варта было абражацца і ганарлівасцю майго абыходжання, варта было ім прыглушыць у сабе асабістае чэсталюбства і ахвяраваць сваёй асобай. Не можа быць, каб я не заўважыў іх самаадданасці і высокай любві да дабра і не прыняў-бы, нарэшце, ад іх карысных і разумных парад. Усё-ж хутчэй падначаленаму належыць прыстасоўвацца да нораву начальніка, чым начальніку да нораву падначаленага. Гэта прынамсі больш законна і лягчэй, таму што ў падначаленых адзін начальнік, а ў начальніка сотні падначаленых. Але пакінем цяпер убаку, хто за каго больш вінаваты. Справа ў тым, што трэба нам ратаваць нашу зямлю; што гіне ўжо зямля наша не ад нашэсця дваццаці іншакраінных пляменняў, а ад нас саміх; што ўжо, міма законнага кіраўніцтва, стварылася іншае, шмат мацнейшае за ўсякае законнае. Устанавіліся свае ўмовы, усё ацэнена, і цэны нават агалошаны да ўсеагульнага ведама. I ніякі кіраўнік, хоць-бы ён быў мудрэйшы за усіх законадаўцаў і кіраўнікоў, не мае сіл выправіць зло, як [ні] абмяжоўвай ён у дзеяннях дрэнных чыноўнікаў прыстаўленнем у наглядчыкі іншых чыноўнікаў. Усё будзе марна, пакуль не адчуў з нас кожны, што ён таксама, як у эпоху паўстання народаў, узбройваўся супроць..... так павінен паўстаць супроць няпраўды. Як рускі, як звязаны з вамі адзінакроўным сваяцтвам, адной і той-жа крывёй, я цяпер звяртаюся [да] вас. Я звяртаюся да тых з вас, хто мае паняцце якое-небудзь аб тым, што такое высокароднасць думак. Я заклікаю ўспомніць абавязак, які на кожным месцы чакае чалавека. Я заклікаю разгледзець бліжэй свой абавязак і абавязак зямнога свайго прызначэння, таму што гэта ўжо нам усім цёмна ўяўляецца, і мы ледзь...» [121]