Чычыкаў папрасіў прабачэння, што патурбаваў нечаканым прыездам. «Нічога, нічога», сказала гаспадыня. «У якую гэта пару вас бог прынёс! Сумятня і завіруха такая, з дарогі трэба было-б паесці чаго-небудзь, ды пара вось начная, прыгатаваць нельга».
Словы гаспадыні былі перапынепы дзіўным шыпеннем, так што госць нават спалохаўся; шум быў падобны да таго, быццам увесь пакой напоўніўся змеямі, але, зірнуўшы ўгару, ён супакоіўся, бо скеміў, што насценнаму гадзінніку прышла ахвота біць. За шыпеннем зараз-жа надыйшло хрыпенне, і нарэшце, напяўшыся на ўсю сілу, гадзіннік прабіў дзве гадзіны такім гукам, быццам хто тоўк кіем па пабітым гаршку, пасля чаго маятнік пайшоў зноў спакойна шчоўкаць направа і налева.
Чычыкаў падзякаваў гаспадыні, сказаўшы, што яму не трэба нічога, каб яна не турбавалася ні аб чым, што апрача пасцелі ён нічога не патрабуе, і пацікавіўся толькі, у якія месцы заехаў ён і ці вялікая адсюль дарога да памешчыка Сабакевіча, на што старая сказала, што не чула такога імені, і што такога памешчыка зусім няма.
«Прынамсі, ведаеце Манілава?» сказаў Чычыкаў.
Чычыкаў заўважыў, што ён заехаў у ніштаватую глуш.
«Ці далёка прынамсі да горада?»
«А вёрст шэсцьдзесят будзе. Як шкада мне, што няма чаго вам паесці, ці не хочаце, бацюхна, выпіць чаю?»
«Дзякуй, матухна. Нічога не трэба апрача пасцелі».
«Праўда, з такой дарогі і вельмі трэба адпачыць : Вось тут і ўладжвайцеся, бацюхна, на гэтай канапе. Эй, Фяціння, прынясі пярыну, падушкі і прасцірадла. Якую пару паслаў бог: гром такі — у мяне ўсю ноч гарэла свечка перад абразом. Эх, бацюхна, ды ў цябе-ж, як у кабана, уся спіна і бок.у гразі! Дзе так пашанцавала засаліцца?»
«Яшчэ слава богу, што толькі засаліўся, трэба дзякаваці, што не паламаў зусім бакоў».
«Свяціцелі, якія жахі! Ды ці не трэба чым пацерці спіну?»
«Дзякуй, дзякуй. Не турбуйцеся, а загадайце толькі вашай дзеўцы высушыць і пачысціць маю вопратку».
«Чуеш, Фяціння!» сказала гаспадыня, звярнуўшыся да жанчыны, якая выходзіла на ганак ,са свечкаю і зараз паспела прынесці пярыну і, узбіўшы яе з абодвух бакоў рукамі, распусціла цэлы патоп пер’я па ўсім пакоі. «Ты вазьмі іхні вось кафтан разам са споднім і перш прасушы іх перад агнём, як рабілі нябожчыку пану, пасля ператры і выбі добра!»