«Слухаю, сударыня!» гаварыла Фяціння, засцілаючы, пярыну прасцірадлам і кладучы падушкі.
«Ну, вось табе пасцель гатова», сказала гаспадыня, «Бывай, бацюхна, жадаю спакойнай ночы. Ды ці не трэба яшчэ чаго? Можа, ты прывык, бацюхна, каб хто-небудзь пачухаў на ноч пяты, нябожчык мой без гэтага ніяк не засынаў».
Але госць адмовіўся і ад чухання пят. Гаспадыня вышла, і ён зараз-жа паспяшаўся распрануцца, аддаўшы Фяцінні ўсю знятую з сябе збрую, як верхнюю, так і споднюю. I Фяціння, пажадаўшы таксама з свайго боку спакойнай ночы, вывалакла гэтыя мокрыя даспехі. Застаўшыся адзін, ён не без здавальнення зірнуў на сваю пасцель, якая была амаль да столі. Фяціння, як відаць, была майстрыха ўзбіваць пярыны. Калі, падставіўшы крэсла, узлез ён на пасцель, яна апусцілася пад ім амаль да самай падлогі, і пер’е, выціснутае ім з межаў насыпкі, разляцелася ва ўсе куткі пакоя. Патушыўшы свечку, ён накрыўся паркалёвай коўдрай і, скруціўшыся пад ёю абаранкам, заснуў у тую-ж хвіліну. Прачнуўся назаўтра ён ужо даволі позняй раніцай. Сонца праз вокны свяціла яму проста ў вочы, і мухі, якія ўчора спалі спакойна на сценах і на столі, усе накіраваліся да яго: адна села яму на губу, другая на вуха, трэцяя мерылася, як-бы прымайстравацца «а самае вока, тую-ж, якая мела неасцярожнасць падсесці блізка да насавой наздры, ён пацягнуў спрасонку ў самы нос, што прымусіла яго моцна чхнуць — акалічнасць, што была прычынай яго абуджэння. Кінуўшы позірк на пакой, ён цяпер заўважыў, што на карцінах не ўсё былі птушкі: між імі вісеў партрэт Кутузава і маляваны маслянымі фарбамі нейкі стары з чырвонымі абшлагамі на мундзіры, як нашывалі пры Паўле Пятровічу. Гадзіннік зноў зашыпеў і прабіў дзесяць; у дзверы зазірнуў жаночы твар і ў тую-ж хвіліну схаваўся, бо Чычыкаў, жадаючы лепш заснуць, скінуў з сябе ўсё. Твар, што зазірнуў у дзверы, здаўся яму быццам крыху знаёмым. Ён стаў прыпамінаць сабе: хто-б гэта быў, і нарэшце ўспомніў, што гэта была гаспадыня. Ён апрануў сарочку; адзенне, ужо высушанае і вычышчанае, ляжала каля яго. Апрануўшыся, падышоў ён да люстэрка і чхнуў зноў так гучна, што індзейскі певень, які падышоў у гэты час да акна, — акно-ж было вельмі блізка ад зямлі, — забалбатаў яму нешта раптам і надта хутка на сваёй дзіўнай мове, мабыць, «добрага здароўя», на што Чычыкаў паслаў яму дурня. Падышоўшы да акна, ён пачаў разглядаць усё, што было перад ім: акно глядзела ледзь не ў курасадню, прынамсі, вузенькі дворык, які знаходзіўся перад ім, увесь быў напоўнены птушкамі і ўсякім хатнім стварэннем. Індычак і курэй была безліч; паміж імі пахаджаў певень мернымі крокамі трасучы грэбенем і паварочваючы галаву набок, як быццам да чагосьці прыслухоўваючыся; свіння з сям’ёй апынулася тут-жа; тут-жа, разграбаючы кучу смецця, з’ела яна мімаходзь кураня і, не заўважаючы гэтага, умінала ізноў лупіны кавуна сваім парадкам. Гэты невялічкі дворык, ці курасадню, перагароджваў плот з дошак, за якім цягнуліся вялікія агароды з капустай, цыбуляй, бульбай, буракамі і іншай гаспадарчай гароднінай. Па агародзе былі раскіданы там-сям яблыні і іншыя фруктовыя дрэвы, накрытыя сеткамі ад сарок і вераб’ёў; апошнія цэлымі касымі хмарамі пераносіліся з аднаго месца на другое. З гэтай-жа самай прычыны пастаўлена было некалькі пудзілаў на доўгіх палках з растапыранымі рукамі; на адным з іх быў каптур самой гаспадыні. За гародамі ішлі сялянскія хаты, якія хоць былі пабудаваны ўроссып і не зведзены ў правільныя вуліцы, але, як прыкмеціў Чычыкаў, паказвалі заможнасць жыхароў, бо ўтрымліваліся як след: старыя драніцы на дахах усюды былі заменены новымі; вароты нідзе не пахіліліся; а ў звернутых да яго сялянскіх паветках заўважыў ён дзе запасныя амаль новыя калёсы, а дзе і двое. «Ды ў яе вёсачка не маленькая» сказаў ён і вырашыў тут-жа разгаварыцца і пазнаёміцца з гаспадыняй бліжэй. Ён зазірнуў у шчылінку дзвярэй, з якіх яна высунула была галаву, і, убачыўшы яе за чайным столікам, увайшоў да яе з вясёлым і ласкавым выглядам.
«Добрага здароўя, бацюхна. Як спалася?» сказала гаспадыня, прыўзнімаючыся з месца. Яна была апранута лепш, чым учора, у цёмнай сукенцы і ўжо не ў спальным каптуры, але на шыі ўсё гэтак-жа было нешта навязана.
«Добра, добра», гаварыў Чычыкаў, сядаючы ў крэсла. «Вы як, матухна?»
«Дрэнна, бацюхна»
«Чаму так?»
«Бяссонніца. Усё паясніца баліць, і нага вышэй костачкі, так вось і ломіць».
«Пройдзе, пройдзе, матухна. На гэта няма чаго глядзець».