Выбрать главу

«Не, гэтага я не думаю. Што-ж з іх за карысць, карысці ніякай няма. Мяне толькі тое і спыняе, што яны ўжо мёртвыя».

«Ну, баба, здаецца, цвёрдалобая!» падумаў сам сабе Чычыкаў. «Паслухайце, матухна. Ды вы разважце толькі добра: вы-ж церпіце страты. Плаціце за яго падаткі, як за жывога...»

«Ой, бацюхна мой, і не кажы пра гэта!» падхапіла памешчыца. «Яшчэ на трэцім тыдні ўнесла больш за паўтараста, ды засядацеля падмасліла».

«Ну, бачыце, матухна. А цяпер прыміце пад увагу толькі тое, што засядацеля вам больш падмасліваць не трэба, бо цяпер я плачу за іх; я, а не вы; я прымаю на сябе ўсе павіннасці. Я зраблю нават купчую за свае грошы, разумееце вы гэта?»

Старая задумалася. Яна бачыла, што справа, сапраўды, як быццам выгадная, ды толькі занадта новая і небывалая; а таму пачала моцна пабойвацца, каб як-небудзь не ашукаў яе гэты пакупец; прыехаў-жа бог ведае адкуль, ды яшчэ і ў начную пару.

«Дык што-ж, матухна, па руках, ці што?» гаварыў Чычыкаў.

«Дапраўды-ж, бацюхна мой, ніколі яшчэ не здаралася мне прадаваць нябожчыкаў. Жывых дык я ўступіла, вось і залетась Пратапопаву двух дзевак па сто рублёў кожную, і вельмі дзякаваў, такія вышлі слаўныя работніцы: самі сарвэткі ткуць».

«Ну, ды не аб жывых справа; бог з імі. Я пытаюся пра мёртвых».

«Дапраўды-ж, я баюся на першы пачатак, каб як-небудзь не атрымаць страты. Можа ты, бацюхна, мяне ашукваеш, а яны таго... яны больш як-небудзь каштуюць».

«Паслухайце, матухна... эх якія вы! што-ж яны могуць каштаваць? Памяркуйце: гэта-ж прах. Разумееце? гэта проста прах. Вы вазьміце ўсякую непатрэбную, апошнюю рэч, напрыклад, нават простую анучку, і анучцы ёсць цана: яе хоць, прынамсі, купяць на папяровую фабрыку, а гэта-ж ні на што не патрэбна. Ну, скажыце самі, на што яно патрэбна?»

«Гэта ўжо, сапраўды, так. Зусім ні на што не патрэбна; ды мяне-ж адно толькі і спыняе, што яны ўжо мёртвыя».

«Вось яе, дубагаловая якая!» сказаў сам сабе Чычыкаў, пачынаючы ўжо траціць цярплівасць. «Паспрабуй ты, зладзь з ёю! У пот увагнала, праклятая старая». Тут ён, дастаўшы з кішэні хустачку, пачаў абціраць пот, які сапраўды выступіў на ілбе. Аднак Чычыкаў дарэмна злаваў: іншы і паважаны, і дзяржаўны нават чалавек, а на справе выходзіць сапраўдная Каробачка. Як удзёўб што сабе ў галаву, дык ужо нічым яго не перасіліш, колькі ні прыводзь яму доказаў, ясных, як дзень, усё адскаквае ад яго, як гумавы мяч адскаквае ад сцяны. Абцёршы пот, Чычыкаў парашыў паспрабаваць, ці нельга навесці яе на троп з якога-небудзь іншага боку. «Вы, матухна», сказаў ён: «або не хочаце разумець слоў маіх, ці так знарок гаворыце, абы толькі што-небудзь гаварыць... Я вам даю грошы: пятнаццаць рублёў асігнацыямі. Разумееце? Гэта-ж грошы. Вы іх не знойдзеце на вуліцы. Ну прызнайцеся, паколькі прадалі мёд?»

«Па 12 рублёў пуд».

«Хапілі трохі граху на душу, матухна. Па дванаццаць не прадалі».

«Дальбог, прадала».

«Ну, бачыце? Дык затое-ж гэта мёд. Вы збіралі яго, можа, каля года з клопатам, старанна, з турботамі; ездзілі, марылі пчол, кармілі іх у склепе цэлую зіму, а мёртвыя душы справа не ад міра сего. Тут вы з свайго боку ніякай не прыкладалі стараннасці, на гэта была воля божая, каб яны пакінулі гэты свет, учыніўшы шкоду вашай гаспадарцы. Там вы атрымалі за працу, за стараннасць дванаццаць рублёў, а тут вы бярэце ні за што, дарэмна, ды і не дванаццаць, а пятнаццаць, ды і не срэбрам, а ўсё сінімі асігнацыямі». Пасля такога моцнага пераконання Чычыкаў амаль ужо не сумняваўся, што старая, нарэшце, падасца.

«Дапраўды-ж», адказала памешчыца: «мая такая нявопытная ўдовіна справа! Лепш ужо я крышку пачакаю, а мо’ пад’едуць купцы, ды папытаю цаны».

«Сорам, сорам, матухна! проста сорам! Ну, што вы гэта кажаце, падумайце самі! Хто-ж будзе купляць іх? На што яны ім? Ну, як ён можа прыстасаваць іх у абыходку?»

«А можа ў гаспадарцы як-небудзь выпадкам спатрэбяцца...» запярэчыла старая, ды і не скончыла гаварыць, разявіла рот і глядзела на яго амаль са страхам, хочучы ведаць, што ён на гэта скажа.

«Мёртвыя ў гаспадарцы! Вось куды хапілі! Вераб’ёў хіба пужаць начамі ў вашым гародзе, ці што?»

«З намі хрэсная сіла! Якія ты жахі гаворыш!» праказала старая, хрысцячыся.

«Куды-ж яшчэ вы іх хацелі прыстроіць. Ды, зрэшты, косці і магілы — усё вам застаецца: перавод толькі на паперы. Ну, дык што-ж? Як-жа? Адказвайце, прынамсі!»

Старая зноў задумалася.

«Аб чым-жа вы думаеце, Настасся Пятроўна?»

«Дапраўды, я ўсё ніяк не прыдумаю, як мне быць, лепш я вам пяньку прадам».