«Ды што-ж пянька? Злітуйцеся, я вас прашу зусім аб іншым, а вы мне пяньку сунеце! Пянька пянькою, другі раз прыеду, забяру і пяньку. Дык як-жа, Настасся Пятроўна?»
«Дальбог, тавар такі дзіўны, зусім небывалы!»
Тут Чычыкаў, канчаткова вышаў з межаў усякай цярплівасці, грымнуў, усердзіўшыся, крэслам аб падлогу і пажадаў ёй чорта.
Чорта памешчыца спалохалася надзвычайна. «Ох, не прыпамінай яго, бог з ім!» ускрыкнула яна, уся збялеўшы. «Яшчэ пазаўчора ўсю ноч мне сніўся акаянны. Надумалася я нанач загадаць на картах пасля малітвы, ды, відаць, пакараў вось бог і наслаў яго. Такі агідны прысніўся; а рогі дык даўжэй за бычыныя».
«Я дзіўлюся, як яны вам дзесяткамі не сняцца. З аднаго хрысціянскага чалавекалюбства хацеў: бачу — бедная ўдава гаруе, церпіць нястачы... ды згінь і прападзі з усёй вашай вёскай!»
«Ах, якія ты праклёны загінаеш!» сказала старая, гледзячы на яго са страхам.
«Ды не знойдзеш слоў з вамі! Дапраўды, як які-небудзь, не кажучы благога слова, дварняк, што ляжыць на сене: і сам не есць сена, і другім не дае. Я хацеў раней купляць у вас гаспадарчыя прадукты розныя, бо я і казённыя падрады таксама вяду...» Тут ён падхлусіў, хоць і мімаходзь, і без усякага далейшага разважання, але нечакана ўдала. Казённыя падрады падзейнічалі моцна на Настассю Пятроўну, прынамсі, яна вымавіла ўжо амаль упрашальным голасам: «Ды чаго ты разгневаўся так горача? Калі-б я ведала раней, што ты такі злосны, дык я зусім-бы табе і не пярэчыла».
«Ёсць праз што гневацца! Справа яйка выедзенага не варта, а я яшчэ буду праз яе гневацца!»
«Ну, добра, я гатова аддаць за пятнаццаць асігнацый! толькі глядзі, бацюхна мой, наконт падрадаў: калі здарыцца мукі купіць аржаной, ці грэцкай, або круп ці жывёлы бітай, дык ужо, калі ласка, не пакрыўдзь мяне».
«Не, матухна, не пакрыўджу», гаварыў ён, а тым часам абціраў рукой пот, які ў тры ручаі ліўся па яго твары. Ён распытаў яе, ці не мае яна ў горадзе якога-небудзь паверанага ці знаёмага, якога-б магла ўпаўнаважыць зрабіць купчую і ўсё, што належыць. «Як-жа, пратапопа, айца Кірыла, сын служыць у палаце», сказала Каробачка. Чычыкаў папрасіў яе напісаць да яго давёранае пісьмо і, каб пазбавіцца ад лішніх цяжкасцей, сам нават узяўся яго скласці.
«Добра-б было», падумала тым часам сама сабе Каробачка: «калі-б ён забіраў у мяне ў казну муку і жывёлу трэба яго задобрыць: цеста з учарашняга вечара яшчэ засталося, дык пайсці сказаць Фяцінні, каб напякла блінцоў; добра было-б таксама загнуць пірог прэсны з яйкам, у мянё яго добра загінаюць, ды і часу бярэ няшмат». Гаспадыня вышла з тым, каб ажыццявіць думку наконт пірага і, мабыць; папоўніць яе і іншымі творамі хатняй пякарні і кухні; а Чычыкаў вышаў у гасціную, дзе правёў ноч, з тым, каб дастаць патрэбныя паперы са сваёй шкатулкі. У гасцінай даўно ўжо было ўсё прыбрана, раскошныя пярыны вынесены, перад канапай стаяў накрыты стол. Паставіўшы на яго шкатулку, ён крыху адпачыў, бо адчуваў, што быў увесь у поце, як у рацэ: ўсё, што ні было на ім, пачынаючы ад сарочкі да шкарпэтак, усё было мокрае. «Гэтак замарыла, праклятая старая!» сказаў ён, крыху адпачыўшы, і адамкнуў шкатулку. Аўтар упэўнены, што ёсць чытачы такія цікаўныя, якія пажадаюць нават даведацца аб плане і ўнутраной будове шкатулкі. Няхай так, чаму-ж не задаволіць! Вось яна, унутраная будова: у самай сярэдзіне мыльніца, за мыльніцаю шэсць-сем вузенькіх перагародак для брытваў; потым квадратныя закавулкі для пясочніцы [10] і чарнільніцы з выдзяўбанаю паміж імі лодачкай для пёраў, сургучоў і ўсяго, што даўжэй памерам; потым розныя перагародачкі з накрывачкамі і без накрывачак для таго, што карацей, напоўненыя білетамі візітнымі, пахавальнымі, тэатральнымі і іншымі, якія складаліся на памяць. Уся верхняя скрынка з усімі перагародкамі вымалася, пад ёй было месца, занятае кіпамі папер велічынёю з ліст, потым ішла маленькая патайная скрыначка для грошай, якая высоўвалася непрыкметна з боку шкатулкі. Яна заўсёды так паспешна высоўвалася і засоўвалася ў тую-ж хвіліну гаспадаром, што нельга сказаць напэўна, колькі было там грошай. Чычыкаў тут-жа заняўся і, завастрыўшы пяро, пачаў пісаць. У гэты час увайшла гаспадыня.
«Добрая ў цябе скрыначка, бацюхна», сказала яна, падсеўшы да яго. «Мабыць, у Маскве купіў яе?»
«У Маскве», адказаў Чычыкаў, працягваючы пісаць.
«Я ўжо ведала гэта: там усё добрая работа. Пазалетась сястра мая прывёзла адтуль цёплыя боцікі для дзяцей: такі моцны тавар, да гэтага часу носіцца. Авохці, колькі ў цябе тут гербавай паперы!» гаварыла яна далей, зазірнуўшы да яго ў шкатулку. I сапраўды, гербавай паперы было там нямала.