Увесь наступны дзень быў прысвечаны візітам; прыезджы накіраваўся рабіць візіты ўсім гарадскім саноўнікам. Быў з шанаваннем у губернатара, які, як выявілася, падобна Чычыкаву, быў ні тоўсты, ні тонкі сабой, меў на шыі Анну, і пагаварвалі нават, што быў вылучан на атрыманне звязды; аднак быў вялікі дабрак і нават сам вышываў часамі па цюлю. Потым накіраваўся да віцэ-губернатара, потым быў у пракурора, у старшыні палаты, у паліцэймейстара, у адкупшчыка, у начальніка над казённымі фабрыкамі... шкада, што крыху цяжка ўспомніць усіх сільных міра сего; але досыць сказаць, што прыезджы выявіў незвычайную дзейнасць у дачыненні візітаў: ён з’явіўся нават засведчыць шанаванне да інспектара ўрачэбнай управы і гарадскога архітэктара. I потым яшчэ доўга сядзеў у брычцы, прыдумваючы, каму-б яшчэ зрабіць візіт, ды ўжо больш у горадзе не знайшлося чыноўнікаў. У размовах з гэтымі ўладарамі ён вельмі па-майстэрску ўмеў сказаць прыемнае кожнаму. Губернатару намякнуў неяк мімаходзь, што ў яго губерню ўязджаеш, як у рай, дарогі ўсюды аксамітныя, і што тыя ўрады, якія прызначаюць мудрых саноўнікаў, варты вялікай пахвалы. Паліцэймейстару сказаў нешта вельмі прыемнае наконт гарадскіх будачнікаў, а ў размовах з віцэ-губернатарам і старшынёй палаты, якія былі яшчэ толькі стацкія саветнікі, сказаў нават памылкаю два разы «ваша прэвасхадзіцельства», што вельмі ім спадабалася. Вынікам гэтага было тое, што губернатар запрасіў яго наведацца да сябе ў той-жа дзень на хатнюю вечарынку, іншыя чыноўнікі таксама з свайго боку, хто на абед, хто на бастончык, хто на кубак чаю.
Пра сябе прыезджы, як здавалася, унікаў многа гаварыць; калі-ж гаварыў, дык нейкімі агульнымі месцамі, з прыкметнай сціпласцю, і гаворка яго ў такіх выпадках прымала крыху кніжныя звароты: што ён нязначны чэрвь міра сего і не варты таго, каб многа аб ім клапаціліся, што многа зазнаў на вяку сваім, пацярпеў на службе за праўду, меў шмат ворагаў, якія рабілі замахі нават на жыццё яго, і што цяпер, жадаючы супакоіцца, шукае, нарэшце, месца для жыхарства, і што, прыбыўшы ў гэты горад, палічыў за першы абавязак засведчыць сваё шанаванне першым яго саноўнікам. Вось усё, што даведаліся ў горадзе аб гэтай новай асобе, якая вельмі хутка не мінула магчымасці паказаць сябе на губернатарскай вечарынцы. Падрыхтоўка да гэтай вечарынкі заняла больш за дзве гадзіны часу, і тут у прыезджым выявілася такая ўважлівасць да туалета, якую нават не ўсюды здараецца ўбачыць. Пасля невялікага пасляабедзеннага сну ён загадаў падаць памыцца і надзвычайна доўга цёр мылам абедзве шчакі, падпёршы іх з сярэдзіны языком; потым, узяўшы з пляча тракцірнага слугі ручнік, выцер ім з усіх бакоў поўнае сваё аблічча, пачаўшы з-за вушэй і чмыхнуўшы перш разы са два ў самы твар тракцірнага слугі. Потым надзеў перад люстэркам манішку, выскуб вылезшыя з носа два валаскі і непасрэдна за гэтым апынуўся ў фраку бруснічнага колеру з іскрай. Такім чынам апрануўшыся, пакаціў ён ва ўласным экіпажы па бясконца шырокіх вуліцах, асветленых цьмянымі агнямі з там-сям мільгаўшых акон. Аднак губернатарскі дом быў так асветлены, хоць-бы і для бала; каляскі з ліхтарамі, перад пад’ездам два жандармы, фарэйтарскія крыкі ўдалечыні — словам, усё як трэба.