«Павел Іванавіч!» закрычаў ён нарэшце, калі Чычыкаў вылазіў з брычкі. «Нарэшце вы-такі нас успомнілі!»
Абодва прыяцелі вельмі моцна пацалаваліся, і Манілаў павёў свайго госця ў пакой. Хоць час, на працягу якога яны будуць праходзіць сенцы, пярэднюю і сталовую, крыху караткаваты, але паспрабуем, ці не паспеем як-небудзь яго скарыстаць і сказаць тое-сёе пра гаспадара дома. Але тут аўтар павінен прызнацца, што падобнае пачынанне вельмі цяжкае. Куды лягчэй паказваць характары вялікага памеру. Там проста кідай фарбы з усёй рукі на палатно: чорныя пякучыя вочы, навісшыя бровы, перарэзаны маршчынай лоб, перакінуты цераз плячо чорны або чырвоны, як агонь, плашч, і партрэт гатоў; але вось гэтыя ўсе паны, якіх многа на свеце, якія з выгляду вельмі падобныя адзін да аднаго, а тым часам як прыгледзішся, убачыш многа самых няўлоўных асаблівасцей — гэтыя паны страшэнна цяжкія для партрэтаў.
Тут прыдзецца моцна напружваць увагу, пакуль прымусіш перад сабой выступіць усе тонкія, амаль невідочныя рысы, і наогул далёка прыдзецца паглыбляць ужо спрактыкаваны ў навуцы выпытвання позірк.
Адзін бог хіба мог сказаць, які быў характар Манілава. Ёсць род людзей, вядомых пад імем: людзі так сабе, ні тое, ні сёе, ні ў горадзе Багдан, ні ў сяле Селіфан, як кажа прыказка. Можа быць, да іх трэба далучыць і Манілава. З выгляду ён быў чалавек прыкметны; рысы твара яго былі не пазбаўлены прыемнасці, але ў гэтую прыемнасць, здавалася, занадта было перадана цукру; у манерах і абыходжанні яго было нейкае запабяганне, вымагаючае прыхільнасці і знаёмства. Ён усміхаўся прывабна, быў бялявы, з блакітнымі вачамі. У першую хвіліну размовы з ім нельга не сказаць: які прыемны і добры чалавек! У наступную хвіліну нічога не скажаш, а ў трэцюю скажаш: чорт ведае, што такое! і адыйдзеш далей; калі-ж не адыйдзеш, дык адчуеш нуду смяротную. Ад яго не дачакаешся ніякага жывога ці хоць нават задзірлівага слова, якое можаш пачуць амаль ад кожнага, закрануўшы рэч, якая яго задзірае. У кожнага ёсць свой задор: у аднаго задор накіраваўся на хартоў; другому здаецца, што ён моцна любіць музыку і наўздзіў адчувае ўсе глыбокія месцы ў ёй; трэці майстра шыкоўна паабедаць; чацверты адыграць ролю хоць на адзін вяршок вышэй за тую, якая яму прызначана; пяты, з жаданнем больш абмежаваным, спіць і марыць аб тым, як-бы прайсціся на гулянні з флігель-ад’ютантам, на паказ сваім прыяцелям, знаёмым і нават незнаёмым; шосты ўжо надораны такою рукою, якая адчувае звыш-натуральнае жаданне заламаць ражок якому-небудзь бубноваму тузу, ці двойцы, тады, як рука сёмага так і лезе навесці дзе-небудзь парадак, падабрацца бліжэй да аблічча станцыйнага даглядчыка, або фурманаў — словам, у кожнага ёсць сваё, але ў Манілава нічога не было. Дома ён гаварыў вельмі мала, і пераважна разважаў і думаў, але аб чым ён думаў, хіба аднаму богу было вядома. — Гаспадаркай нельга сказаць, каб ён займаўся, ён нават ніколі не ездзіў на поле, гаспадарка ішла неяк сама сабой. Калі прыказчык гаварыў: «добра-б было, пане, тое і тое зрабіць»; «так, нядрэнна», адказваў ён звычайна, курачы люльку, курыць якую прызвычаіўся, калі яшчэ служыў у арміі, дзе лічыўся сціплейшым, далікатнейшым і адукаванейшым афіцэрам, «так, якраз нядрэнна», паўтараў ён. Калі прыходзіў да яго мужык і, пачухаўшы рукой патыліцу, гаварыў: «Пане, дазволь адлучыцца на работу, на падатак зарабіць», — «ідзі», гаварыў ён, курачы люльку, і ў яго нават думкі не з’яўлялася, што мужык ішоў п’янстваваць. Часам, гледзячы з ганку на двор і на ставок, гаварыў ён аб тым, як-бы добра было, калі-б раптам ад дому правесці падземны ход, або цераз ставок пабудаваць каменны мост, на якім-бы былі па абодва бакі крамы, і каб у іх сядзелі купцы і прадавалі розныя дробныя тавары, патрэбныя сялянам. — Пры гэтым вочы яго рабіліся надзвычай салодкімі і твар набываў самы задаволены выраз; зрэшты, усе гэтыя пражэкты так і канчаліся толькі аднымі словамі. У яго кабінеце заўсёды ляжала нейкая кніжка, з закладкаю на 14 старонцы, якую ён увесь час чытаў ужо два гады. У доме яго чаго-небудзь вечна нехапала: у гасцінай стаяла цудоўная мэбля, абцягнутая шыкоўнай шоўкавай тканінай, якая пэўна каштавала вельмі дорага; але на два крэслы яе нехапіла, і крэслы стаялі абцягнутыя проста рагожай; зрэшты, гаспадар на працягу некалькіх год кожны раз перасцерагаў свайго госця словамі: не сядайце на гэтыя крэслы, яны яшчэ не гатовы. У некаторых пакоях і зусім не было мэблі, хоць і гаварылася ў першыя дні пасля жаніцьбы: «душачка, трэба будзе заўтра паклапаціцца, каб у гэты пакой хоць часова паставіць мэблю». Увечары падаваўся на стол вельмі шыкоўны падсвечнік з цёмнай бронзы з трыма антычнымі грацыямі, з перламутравым шыкоўным шчытом, і побач з ім стаўляўся нейкі просты мядзяны інвалід, кульгавы, пахілены набок і ўвесь у сале, хоць гэтага не заўважаў ні гаспадар, ні гаспадыня, ні слугі. Жонка яго... Зрэшты яны былі зусім задаволены адзін другім. Не гледзячы на тое, што мінула больш васьмі год іх сумеснаму жыццю, кожны з іх усё яшчэ прыносіў другому ці кавалачак яблычка, ці цукерку, ці арэшак, і гаварыў чулліва-пяшчотным голасам, які выказваў праўдзівае каханне: «разяў, душачка, свой роцік, я табе пакладу гэты драбочак». — Само сабой зразумела, што роцік разяўляўся ў гэтым выпадку вельмі грацыёзна. Да дня нараджэння падрыхтоўваліся сюрпрызы: які-небудзь бісерны чахолчык на зубачыстку. I вельмі часта, седзячы на канапе, раптам, зусім невядома з якіх прычын, адзін, кінуўшы сваю люльку, а другая работу, калі толькі яна трымалася ў той час у руках, яны дарылі адзін другому такі млявы і доўгі пацалунак, што на працягу яго можна было лёгка выкурыць маленькую, саламяную цыгарку. Словам, яны было тое, што гаворыцца шчаслівыя. Вядома, можна было-б заўважыць, што ў доме ёсць шмат іншых заняткаў, апрача доўгіх пацалункаў і сюрпрызаў, і многа-б можна было зрабіць розных запытанняў. Чаму, напрыклад, неразумна і бязладна гатуецца на кухні? чаму даволі пуста ў кладоўцы? чаму зладзейка ключніца? чаму слугі неахайныя і п’яніцы? чаму ўся дворня спіць неміласэрным чынам і гультаіць увесь астатні час? Але ўсё і гэта рэчы нізкія, а Манілава выхавана добра. А добрае выхаванне, як вядома, здабываецца ў пансіёнах. А ў пансіёнах, як вядома, тры галоўныя прадметы складаюць аснову добрых якасцей чалавека: французская мова, неабходная для шчасця сямейнага жыцця; фартэпіяна для дастаўлення прыемных хвілін супругу і, нарэшце, уласна гаспадарчая частка: вязанне кашалькоў і іншых сюрпрызаў. Зрэшты бываюць розныя ўдасканаленні і змены ў метадах, асабліва ў цяперашні час; усё гэта больш залежыць ад разважнасці і здольнасцей саміх дырэктрыс пансіёна. У іншых пансіёнах бывае такім чынам, што раней фартэпіяна, потым французская мова, а тады ўжо гаспадарчая частка. А часам бывае і так, што перш гаспадарчая частка, г. зн. вязанне сюрпрызаў, потым французская мова, а потым ужо фартэпіяна. Розныя бываюць метады. Не шкодзіць зрабіць яшчэ заўвагу, што Манілава... але, прызнаюся, аб дамах я вельмі баюся гаварыць, ды пры гэтым мне пара вярнуцца да нашых герояў, якія стаялі ўжо некалькі хвілін перад дзвярамі гасцінай, узаемна ўпрошваючы адзін другога прайсці раней.