Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы...
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.
Той, хто праславіў
Бацькаўшчыну — папрасіў
Два метры зямлі,
Каб вярнуцца з чужыны...
З удзячнасці — не далі.
I я зразумеў:
Хоць кінься грудзьмі на дот
За волю Тваю —
I з амбразуры зняты
Не пераканаю іх.
Часцей і часцей
Апынаюся думкай
На тым пагорку,
Дзе мама, сястра і брат.
I камяні. I сосны.
Скора ўжо, скора
Пройдзе, я веру, Гасподзь
Па нашай зямлі.
Толькі патрапіць бы нам
Ступіць у Яго сляды.
Ужо холадна,
Ужо хочацца ў хату
Падацца з двара
I з напаленай грубкай
Павітацца далоньмі.
Гляджу на пусты,
Голы садок. А ў думках:
З кім я? I што я?..
На бязлістай галінцы
Склее забыты яблык.
Музыка лесу
Заўсёды ў душу спакой
Мне навявала.
Што ж гэта сёння так
Хвоі шумяць трывожна?
Між чорных ялін, —
Сонечна-жоўтыя спрэс,
Сям-там бярозы, —
Бы свечкі гараць, каб я
Не заблудзіўся ў нетры.
Вы — маеце ўсё,
А я — толькі вяргіняў
Кустоў дзесятак.
Што ж трэба вам ад мяне?
Даць на развод? Вазьміце!..
Зненавідзеўшы
I прадаўшы ў няволю
Родную мову,
Гэныя дочкі-сыны
Прададуць і Радзіму.
Аж не верыцца,
Гледзячы ў вочы жыццю,
Што колісь і мы
Мелі гонар дзяржаўных,
Свабодных душой, людзей.
Гэтыя возьмуць
Верх ва ўсім і заўсёды,
Бо ў іх вачох —
Тое, чаго не было
У вачох маіх продкаў.
Пад вечар набіў
I сяннік і падушку
Шэптам мурагу,
Водарам спелых зёлак.
Што сёння прысніцца мне?
Рэдкая ўдача —
Сонечны дзень пасярод
Восені чорнай.
Як узнагарода тым,
Хто чакае і верыць.
Уночы яна
Так сырадоем пахла,
Як быццам у ім
Выкупаная была.
Трыумфавала святасць.
Гронкі каліны
Ярка зырчаць на сонцы
Над снежным долам.
Занадта прыгожыя,
Каб не заўважылі іх.
Чаму ты, браток,
Гэтак крычэў на мяне —
Дзіка, сіберна?
Чаму не дае мне Бог
Забыць гэну злосць тваю?
Позна, брат, позна
За локаць сябе кусаць.
Хто ж вінаваты,
Што быў і сляпы, як крот,
I, як дзіця, наіўны.
Мне цяжка вельмі:
Я знаю, што зрабілі
За сотні гадоў
З нашай ліцьвінскай душой
Чужакі-акупанты.
Дзед мой казаў так:
«Якая розніца, хто —
Жандар ці гандляр —
Сядзе на галаву мне?
Скіну — хто б з іх ні ўсеўся!»
Па чым пазнаю,
Што ты — мой брат беларус?
У тваіх вачох —
Наша гісторыя ўся,
Усе дзесяць стагоддзяў.
Вы думаеце,
Што ў вас апраўданне ёсць?
Так думаў і я.
I гэта мой страшны грэх
Перад памяццю родных.
Усё замёрла:
Ні лісток, ні травінка —
Не шалахнуцца.
Бы ў чаканні прысуду,
Што зараз абвесціць гром.
Гадзюка ў дзічы
Скуру змяніла: такі —
Прыроды закон.
Выпаўзла з выпаўзіны
I папаўзла... гадзюкай.
Гэта не праўда
Крычыць у табе, о не!
У праўды, браток,
Вочы — як васілёчкі,
Вымытыя расою.