Выбрать главу

ПАМЯЦІ НІНЫ

2003-2004

Ведаю: гэта — Толькі маё. Да скону. Навошта ж пішу? Ну, можа, знойдзецца хтось, Хто зразумее нешта.
Ціха ляжала. Думаў, што спіць. I раптам: «Ты ж трымайся, Ніл! Ты ж трымайся!..» — сказала. Не адкрываючы воч.
«Падвядзі мяне Да вакна, — папрасіла. — Хачу паглядзець...» Праз паўхвіліны цяжка, Скрушна сказала: «Усё...»
«Я паміраю. Ты разумееш гэта? Я паміраю...» Божа, за што ты судзіў Мне перажыць такое?
Абарвалася... Усё абарвалася... Усё пагасла... Усё, што свяціла мне I абяцала свяціць.
Помню, сказала: «Ой, як ты будзеш плакаць, Калі я памру...» Не, не ўяўляла яна Плачу майго землятрус.
Божа, ты ж бачыў Як ёй хацелася жыць! Чаму ж так? За што? Знаю адказ твой, Божа. Даруй мне мой боль і страх.
Як ты прасіла: «Дамоў! Хоцьнадзень дамоў!..» I вось ты дома. I толькі на дзень. Заўтра Пакінеш свой дом навек.
З гэтага часу На Кальварыйскіх кладах, У ціхім кутку, Будуць твой сон сцерагчы Сплаканыя таполі.
Прыйшоў да цябе, А далакопы наўзбоч Яму капаюць... Хто ляжа ўжо сёння тут? Хай бы ўсё ж добры хтосьці.
Лісты прыходзяць. Чамусьці кожны канверт Я ўскрываю так, Як быццам у ім знайду Выслабленне ад болю.
Дзе ты, куды ты Гэтак далёка пайшла, Што не прыходзіш? Вочы прагледзіў — няма. Слухаю ціш — не чутно.
Плачу і плачу. Я і не знаў, што ў мяне Слёзы так блізка. Як ні згадаю цябе — Вочы да Бога плывуць.
Таго, што хацеў Пачуць у апошні час, — Ты не сказала. Можа, і лепш, бо, можа, Было б мне яшчэ цяжэй.
Вось і настала Страшнай расплаты пара: Курчуся ў муках I праклінаю сябе — I ратунку не бачу.
Перабіраю У памяці тыя дні — Тыя, што нашы... Божа, які мізэрны I жалкі я перад ёй.
Ты — вечным жыла: Любоўю і дабрынёй. I будзеш вечна. А я — быў рабом часу. Гэтым і пакараны.
Тымі ключамі, Што я адмыкаў дзверы У свет мілаты — Цяпер адмыкаю ў стынь, У пустату, у вусціш.
Я знаю, чаму Мне так нясцерпна баліць Даўні твой здымак. Страшны быў першы твой боль. З ім і сышла ў магілу.
Сто дзён я хадзіў Высакародна хлусіць: «Ты паправішся...» I вочы ад воч хаваў, Каб праўду не ўбачыла.
Сядзела моўчкі. Як бы не чула мяне. I я замаўкаў. Пра што яна думала? Ніколі не буду знаць.
Усё бачыла. Пакутвала. Плакала. I малілася: «Божа, падтрымай яго! Маіх сіл не хапае!..»
Гэта быў подзвіг Твой чалавечы — каб я Чуўся шчаслівым. Чуўся, таму й не бачыў, Таму й не цаніў, сляпы.
Помню, сказала: «Хадзем, палюбуемся, Як прамяніцца Наш бел-чырвона-белы!..» Быў Дзевяноста Другі.
«Што яны робяць З Беларуссю! — плачучы, Крычала яна. — Я не стрываю й памру!..» I — памерла. Ад гора.