«Ну й патрыёты! —
Балесна ўздыхнула ты. —
Няўжо ім няўцям,
Што гэтай хлуснёй яны
Б'юць Беларусі ў сэрца?»
Мама... I Ніна...
Як паміралі страшна!..
Вось і выходзіць:
Хто ў муках пражыў жыццё —
Ім і пакутная смерць.
«Глядзіце, прашу,
Каб у дворыку нашым
Прыгожа было...»
Успомніў просьбу тваю —
I так сорамна стала.
Годнасць і гонар
За свой чалавечы сан —
Годнасць і гонар.
У гэтым ты ўся была.
I на людзях і дома.
А радасць жыцця,
З якой ты прыйшла на свет, —
Гасла і гасла...
Усё радзей і слабей
Свяціўся ёю пагляд.
Любіць і цярпець.
I не прыніжаць сябе
Маладушнасцю.
Да апошняга ўздыху
Ты годна несла свой крыж.
У нашым садку —
Гняздзечка ў сівец-траве,
I птушачка ў ім.
Не хоча развітвацца
Са мною твая душа.
Ты плакала так
Жаласліва — як дзіця
Знясіленае,
Што ўжо не можа гукаць
Маму, а толькі плача.
Найстрашнейшая
Кара з усіх на зямлі —
Кара памяці.
О каб мог я забыцца
На гэны роспачны плач!
На што ні зірну —
На хатку, кветнік, садок —
Ва ўсім мне відзён
Запозна ўяснёны мной
Геній тваёй любові.
Усё, што магла,
Ты для мяне зрабіла.
Усё, што магла.
I нават намнога больш:
Выгнала д'ябла з душы.
Няма таго дня,
Каб не падступіла мне
Памяць да горла —
Жалем, балючым няўсцерп.
Ці не да Бога іду?
Пытаецеся,
Чаму не хаджу я ў храм
На пакаянне?
Чаму?.. Не хачу, каб Бог
Зменшыў пакуты мае.
Паэт Юрый Млынк,
Неўзабаве па смерці
Жонкі Марыі,
Кончыў з сабой. Здаецца,
Я разумею яго.
Кожны год вясной
Я загадваў, пачуўшы
Голас зязюлі:
Колькі ж мне накукуе?
Сёлета — не загадаў.
Да астатку дзён,
Па самы апошні ўздых,
На гэтай зямлі
Ты — светач душы маёй.
I там будзеш ім, і там...