Выбрать главу

Прайшло яшчэ пару гадоў. Зрабілася Тэкля сухой, нізенькай, згорбленай бабулькай, зморшчанай, як той грыб.

— Вось дурная! — казалі людзі. — Мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе!

Падышлі Каляды. Увесь абшар быў пакрыты снегам… Вёскі занесены гурбамі, быццам казачныя замчышчы… А лес зрабіўся сівым і паважным.

— Апошнія Каляды: зусім ужо я слабенькая…

Не хацелася ёй аднэй застацца ў пустцы каля лесу і пад выццё ваўкоў куццю[4] ладзіць.

І давай, быццам гарачыя вуголлі, закрытыя попелам, выгартаць з сэрца наверх свае захаваныя жаданні, сваю глыбокую веру ў даражэнькага сына…

«Давай, — думае, — дабяруся ўжо да яго… бадай, ці дацягну да вясны… Шмат дакучаць яму не буду, бо дзе яму там клапаціцца аба мне і шкада ж яго…»

— Пайду да сына! — разнясла яна назаўтра па ўсёй ваколіцы і гэтак намалола ім рознай гутаркі, што проста ўсіх суседзяў зайздрасць прабрала: жартачкі, гэткага сына мае! Ён там у судах цэлы асэсар, паперы піша і ўвесь свет проста дагары нагамі круціць.

Ускінула Тэкля хатулачку[5] на плечы, пару лапцей на запас узяла, развіталася з бабамі і пусцілася ў дарогу. Да гораду было міль шэсць.

Выбралася раніцай на снежнае поле.

— Кажуць, ён там ажаніўся з багатай паненкай. Напэўна, унукі-жэўжыкі ёсць. — На зморшчаным твары ззяла шчаслівая ўсмешка.

Яна адвярнула таўстую хустку ад вачэй, каб разглядзець, ці шмат ужо дарогі прайшла.

— Уга! І не думала. Ногі самі нясуць мяне, як бы трыццаць гадоў таму назад, і марозу не баюся!

І яшчэ з большым імпэтам няслі яе старыя ногі да роднага сына на Каляды…

І шчасце яе расло… Вось дзе жаданне сэрца яе споўніцца! Вось калі зажыве яна, як сыр у смятане!

— Глупства, што часамі нябожчык Цыпрук гаварыў… Як гэта ён мяне не прыме? Я ж — яго матка!.. Я ж яго гадавала і карміла… Ён жа — уся пацеха мая.

Кончыўся дзень. Тэкля начавала ў незнаёмай вёсцы. Добрыя людзі накармілі яе і абагрэлі. Яна ўсім расказвала, што ідзе на Каляды да сына, і гэткім тонам, гэткай шчаслівай гутаркай, ажно сяляне з нейкай асобай павагай пазіралі на яе ды пачалі прасіць, каб яна там у сына за іх заступы прасіла ў судах…

Ранюсенька яна зноў кранулася ў дарогу. Скрыпеў снег пад нагамі. Белыя абшары палёў драмалі пад супакоем нямой цішы…

Рэдка-рэдка калі дзе на хвоі закаркае варона ды, падымаючыся ўверх, страсяне з галін вялікія ком'і снегу…

Рэдка-рэдка калі фурманка пакажацца з лесу. Сярмяжнік занукае на кабылку на розныя лады, упрэцца ў аглаблю, натужыцца — і ні з месца. Воз з бярвеннем цяжкі.

Рэдка-рэдка калі званочак зазвоніць, і панскія санкі віхрам панясуцца па нямым белым гасцінцу…

Тэкля ідзе ды ідзе…

Млеюць старыя ногі… Атопкі[6] як калоды зрабіліся, цяжкія і цвёрдыя. Нічога — горад блізка.

Ужо здалёк відаць вежы цэркваў і касцёлаў, якія золатам у небе адліваюцца… Вось і муры рознафасонныя… Вось і гоман горада даходзіць да яе вушэй… Скора ўжо спраўдзіцца яе апошняе жаданне… У старых вачах бліснуў радасны аганёк…

— Нічога, у сына адпачну. Старыя косці выпрастаю!..

Вось пачаліся цёмныя вуліцы шумнага, як бы ашалелага горада… Тут ужо Тэкля збілася з толку. Не ведала, куды павярнуцца, у каго дапытвацца. Людзі спяшаюць, піргаюць. Рамізнік[7] ледзь не пераехаў яе. Страшна…

Адважылася яна папытацца аднаго, другога, дзе тут яе сын жыве? Ён тут «аблакатам»… Лаўруком завецца.

Хто пажартаваў ды паглядзеў на яе, як на дурную… Хто адвярнуўся ды пайшоў сваёй дарогай, а хто з жалю торкаў ёй у руку капеечку… Гэткім чынам нехта давёў яе да гарадавога[8].

Той пачаў распытвацца і, ніякага толку не дабіўшыся, павёў яе ва ўчастак. Там яна пераначавала, галодная і змерзлая. Назаўтра, даведаўшыся, хто гэта яе сын, адвялі да яго.

Стукалася, стукалася яна ў дзверы, пакуль нехта адчыніў, высунуўся напалову. Паглядзеў на яе і крыкнуў:

— Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым!

— Пусцеце… Я да сына свайго іду, да Лаўрука!

— Да Лаўрука?! да сына?! да Лаўрэнція Кіпрыянавіча?!

— Ага! ага! Я маці яго.

Той змерыў яе з ног да галавы, пакуль яна расказвала, што яна з вёскі да Лаўрука на Каляды прыйшла, і з усмешкай пусціў у кухню.

Тут сабраліся слугі і давай шушукацца і распытвацца.

Тым часам адчыніліся дзверы з другой стараны ды ўвайшоў малады пан у чорным сурдуце[9]

вернуться

4

Куцця — урачыстая вячэра напярэдадні Каляд.

вернуться

5

Хатулачка — невялікі клунак рэчаў, звязаных у хустку, які звычайна носяць за спінай.

вернуться

6

Атопкі — старыя зношаныя чаравікі, боты.

вернуться

7

Рамізнік — фурман нанятага экіпажа-карэты ці вазка.

вернуться

8

Гарадавы — ніжні чын гарадской паліцыі ў царскай Расіі.

вернуться

9

Сурдут — мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела.