Выбрать главу

Таццяна Барысік

На Каляды

Продкі, ратуйце нас ад неспакою ды гора,

Хай усё застанецца так, як цяпер.

З песні народа янадзі, тубыльцаў джунгляў Індыі, што апынуліся пад пагрозай знікнення
Апавяданне

Чорнаю хусткай апусцілася на зямлю калядная ноч. Дзікія слівы цягнулі ўвышкі свае каравыя лапы. На неба ўзышлі зоры-зорніцы — божыя памочніцы. Пад адзіным на дзве вёскі ліхтаром ззяў мільёнамі бітых шкельцаў снежны неруш. Белы дол стаіўся ў чаканні цуду. Паўсюднае бязлюддзе і цішыня аж да звону ў вушах зрабіліся звыклымі і даўно нікога не насцярожвалі.

На пачатку дваццаць першага стагоддзя, ідучы след у след, таптала каляіну на бальшаку, што яднаў Лужок і Засценак, калядная чарада. У Лужку засталося пяць жылых хат, у Засценку вокны свяціліся ў чатырох. А калядоўшчыкі ішлі і ішлі, парушаючы заўсёдную маўклівасць наваколля, няхай сабе ўжо і без зоркі, але ўсё яшчэ са спрадвечным спадзяваннем перакупіць у бога жывёлу, багата накалядаваць, як мае быць выпіць, пагуляць і пад’есці.

Першым, упэўнена раскідаючы снег валёнкамі, рушыў жвавы дробненькі Казачок. У параўнанні з астатнімі, асабліва здаля, ён глядзеўся падлеткам. Шырачэзныя спарціўкі з лампасамі, плюшаўка на тры памеры большая, бы на плоце матляецца, вусы падмаляваныя вугельчыкам — з-пад шапкі-кубанкі «бывай 90-я» зыркае вачыма на белы свет ссохлая ў трэску кабета гадоў пяцідзесяці, жыхарка Лужкоў Валя Чацвяртушка. А дзе ж ты будзеш поўная, дагледжаная і заўжды цвярозая, калі ўся работа на адны рукі! Такую ўжо долю пакінула ў спадчыну маці разам з мянушкаю. Як есці і піць дык усе, а як рабіць — дык толькі Валя. Яна і ў гародзе, яна і на ферме, яна і з кароваю, яна і ў ягады, яна прыбраць, наварыць і памыць. Але ж колькі не высільвайся — тваражок, смятанка і мяса ўмомант разыходзяцца, за сталом застаецца пярлоўка, смажаная на крамным тлушчы бульба ды таннае віно. Не хочаш — не пі, вып’юць іншыя, а ты так і застанешся са сваёю стомаю і слязьмі сам-насам.

Жыццё ідзе сваім ходам, тое-сёе ў ім перайначваецца, а палёгкі няма. Зачынілі ферму — грошай не стала зусім, магчымасці выручыць паўлітру якога пойла за дарэмны камбікорм ці збожжа таксама. Пакрысе звялася яе сямеечка, застаўся толькі мужык. Па маладосці такі ўжо ваяўнічы быў, такі заядлы, як вып’е — адразу біцца кідаецца, а пасля па яго міліцыя едзе. Цяперака ўжо нікуды не лезе, толькі ляжыць на ложку і стогне з тае пары, як з апошняй адседкі вярнуўся. Спярша сухоты ў яго прызнавалі, пасля і ногі адняло. Ізноўку ўсё на адны Валіны рукі. Добра Андрэйка, нябожчыка Лёнькі Лупатага пасынак, калі-нікалі памагае. Сірата пры жывой матцы, каб яе зямля не насіла, прайдзісветку прыблудную! Вось і сёння зайшоў у госці ды шчэ са сваімі ста грамамі, ля печы пагрэўся, пад’еў трохі і чуе: «Сёння ж Багатая Каляда, то хадзем у Засценак калядаваць. Яны тамака багатыя — усе пенсію палучаюць! Ды і карову ў Бога перакупіць трэба, каб не хварэла і ацялілася ўдала. Адзявай кажух на той бок — казлом будзеш». Ну, казлом дык казлом, Андрэйка і не думаў Валі пярэчыць, хаця ні пра якое калядаванне ніколі не чуў. Сцяміў толькі адно — яго клічуць на пагулянку, дзе кладуць каўбасу ў торбу, даюць выпіць. А мо і маладзіца якая да каго гасцяваць прыедзе, тады ён адразу пойдзе ў прымы, бо ў горадзе ўсе багатыя, на машынах ездзяць і ў печы паліць не трэба.

Надта бедным на радасці і забавы выдаліся ягонае дзяцінства і маладосць.

Гадоў з васьмі гадаваўся ў дуркаватым інтэрнаце. Тамака краў з тумбачак круглыя пячэнікі, большыя хлопцы білі, а бараніць не было каму. Маці падзелася некуды, як яшчэ малы быў, а знайшлася, калі ў восьмым класе вучыўся, забрала і павезла ў Расію да цыгана. У цыгана ён даглядаў быдла, а матка — цыганятаў. Аднаго разу яна пайшла ў горад на кірмаш і зноўку знікла. А праз год напісала ліст: маўляў, прыязджай, сынку, да мяне, я выйшла замуж у вёску за добрага чалавека. Андрэйка назбіраў грошай на дарогу і дызелямі з перасадкамі, баючыся, каб міліцыя не забрала, бо ў свае дзевятнаццаць так і не прыдбаў пашпарта, дабраўся да Лужка. Новы айчым меў хату і каня, хаця й любіў выпіць, але гультаём не быў: улетку пасвіў калгасныя цяляты, разам з Андрэйкам пераворваў соткі тутэйшым дачнікам, збіраўся вясною купіць парася. Толькі не пашчасціла. Пайшоў летась Андрэйка ў мястэчка ў заработкі — калоць дровы адной бабцы. Атрымаў грошы, загуляў з Насцяю — другая хата злева як на пошту ісці. Вярнуўся дадому дзён праз пяць — ні айчыма, ні маці, ні грошай на парася! Лёнька Лупаты ўгарэў, бо спаў выпіўшы, а юшка была зачыненай, грошы скралі невядома калі, маці кудысь падзелася, хавалі айчыма ўжо без яе. Людзі здагадваліся — усё гэта невыпадкова, але дакладна сказаць, калі прапалі грошы, хто зачыніў юшку і дзе зараз жонка нябожчыка, ці жывая яна наогул, не мог ніхто — жылыя хаты стаяць далёка адна ад адной, вяскоўцаў засталося, як той казаў, паўтары калекі: хто глухі, хто сляпы, хто п’яны. Лёнькава сястра забрала каня, а хату прадала на лазню. То ж і яе бацькаўшчына! Андрэйку без дакументаў і сталай працы нічога не засталося, як перабрацца ў кінутую халупу і жыць там, перабіваючыся выпадковымі заробкамі. Хацеў у прымы прыстаць, але ў Лужку маладзіц не было, а Насця з мястэчка кішэні пачысціла і за парог выкінула.