Выбрать главу

Зараз у прадчуванні дармовай ежы і асабістага шчасця ды шчэ ў цёплым кажуху ён выбег на вуліцу і адразу сустрэўся са Сцёпішыным сынам, які ўчора быў п’яны, добры ды вясёлы і нават падарыў ваенныя штаны, а сёння — сумны, цвярозы і ўвесь калаціўся. Усё, што старая маці прыхавала на свята, ён выразаў яшчэ зранку і зараз сноўдаўся па вуліцы з адзінай марай — пахмяліцца. У маладосці служыў у войску на звыштэрміновай, загадваў складам, потым ездзіў па шабашках, апошні год вартаваў дзіцячы садок. Калі выгналі і адгэтуль, жонка страціла цярпенне. Сцёпішын сын мусіў вярнуцца ў Лужок і вось ужо месяц сядзеў на матчынам карку. Прапанову пакалядаваць ён прыняў ахвотна, бо дзе ж ты знойдзеш паўлітру на цёмнай зімовай вуліцы.

Люба прыехала адведаць цётку акурат на Каляды. Вядома, парадчыць у хаце і мыць бялізну ў святыя вечары нельга, але ісці па ваду ёй усё ж давялося, ад такога даручэння цёткі ніяк не адмажашся. Калядную чараду яна заўважыла ўжо ля калодзежа. Набрала вады ў вядро і ўглядалася ў цені, што нетаропка паўзлі па пустой цёмнай вуліцы. Валю Чацвяртушку і прыблуднага Андрэя пазнала адразу, а вось высокага мужчыну ў скуранцы і андатравай шапцы — не. Калі ў жніўні яна апошні раз прыязджала ў Лужок, тут такіх не было. Параўняліся, павіталіся.

— А гэта ж во Сцёпішын сын — Коля! — радасна прамовіла Чацвяртушка, апярэдзіўшы традыцыйнае «нешта я вас не знаю».

— Харошы дзядзька, мне ваенныя штаны падарыў! — пахваліўся Андрэйка. — Мы ў Засценак калядаваць ідзём.

— Дык вы, можа, і сам ваенны? — пацікавілася Любка.

— Было дзела… — з гонарам адказаў чалавек у скуранцы.

— Можа, і мне з вамі прайсціся? — у Любкі ад захаплення аж вочы загарэліся. Шчасце, здавалася, само ішло ў рукі. Праз якія пяць хвілін яна ўжо ўстроілася як мае быць і выскачыла з хаты.

Калядны строй Любкі ўяўляў сабою нешта сярэдняе паміж цыганкай і маці Божай: хустка з махрамі, доўгая спадніца, кажушок і скрутак з анучаў у руках — дзіця значыць. Гэткая калядоўшчыца спрадвеку была тут у кожнай каляднай чарадзе. Вобраз дзіўным чынам пасаваў Любе, пры жаданні яна магла выдаць сябе за каго заўгодна. Бо была настолькі хітрай кабетай, што, здаецца, перахітрыла ўсіх, апроч сябе.

Двухпакаёўку пасля мужавай смерці ў свякрові адваявала? Адваявала! Увесь свой век рабіць рабіла, але на пуп асабліва не брала. Хіба дурніца якая на будоўлі ўкалваць ці за станком стаяць? Не. То буфетчыцай у санаторыі прыладзіцца, то камендантам у інтэрнаце. Хай сабе заробак і невялікі, затое ў чыстым, у цёплым, маеш прыбытак і блат. Не горай як у людзей, і дываны ёсць на сценках, і лебедзі крышталёвыя ў серванце. Сын кажа: «Выкінь, мамка, усё гэтае шлунне з моды выйшла». Але што ён разумее, малады шчэ. Грэх яму на маці крыўдзіцца. Ад войска яго адмазала? Адмазала. А якую нявесту яму ўсватала! Бацька яе над усім энерганаглядам начальнік, дый сама маладзіца не бяды — золатам паабвешаная. А што не паступіў нікуды — дык не страшна. Захочуць — вывучаць, пры такім цесцю хутка ўгару пойдзе, не прападзе. Час і пра сябе ўрэшце падумаць. Вось каб знайсці мужа, лепш адстаўнога ваеннага з харошай пенсіяй! Тады можна было б і зусім у вус не дзьмуць. Кінуць працу, палежваць сабе, серыялы глядзець, а там і ўнукі пойдуць, сыну дапамога спатрэбіцца. «Зрабіла б рамонт, футра б купіла новае, як у медсястры Алачкі…» Любка вырашыла дзейнічаць: у сваёй дзіцячай бальніцы, дзе працавала апошнія гады сястрой-гаспадыняй, узяла адпачынак і пачала хадзіць на танцы «Для тых, хто малады душой» у рэстаран. Толькі сапраўдныя палкоўнікі нешта не трапляліся, хаця яна рабіла ўсё магчымае — купіла новую спадніцу, а пры знаёмстве заўжды называлася дзіцячым доктарам.

Грошы з мізэрных адпускных разышліся, палкоўнік так і не з’явіўся побач, а дзень народзінаў свацці набліжаўся з кожным днём. Сваты — людзі забяспечаныя, тут настойкай «Журавіны на каньяку» і скрадзеным бальнічным рушніком не абыдзешся. Давялося ехаць да цёткі ў Лужок, каб разжыцца грашыма хаця б на падарунак, тым больш — Каляды, цётка не прымусіць рабіць работу.