Выбрать главу

А раптам хоць цяпер пашанцуе? Любка не адыходзілася ад Сцёпішынага сына ні на крок. «Ага, апрануты не абы-як — значыць, ёсць грошы. Высокі, здаровы, па ўсім відаць ваенная выпраўка». Жанчына імкнулася спадабацца, нахвальвала сябе як магла:

— Ды я сабе цану ведаю, раблю дзіцячым доктарам, у мяне знаёмствы ўсюды, сват — у горадзе чалавек не апошні…

Мужчына слухаў моўчкі. «Негаваркі, мусіць, сур’ёзны, не хамло якое», — узрадавалася Любка і працягвала сакатаць без упынку.

Сцёпішын сын па-ранейшаму ніяк на рэагаваў. Ногі не хацелі варушыцца, рукі ў кішэнях калаціліся. «Пахмяліцца, пахмяліцца», — пульсавала ў скронях. З кожным крокам ён усё больш шкадаваў аб сваім рашэнні перціся ў Засценак на ноч гледзячы. «Лепей бы маці патрос як след, чым звязвацца з боўдзіламі, што не бачылі прыгажэйшага за пеўнеў хвост і не елі смачнейшага за яешню. Чацвяртушка ўвесь свой век задрыпай ходзіць, у гаўне корпаецца, пра прыблуду то й казаць няма чаго, па ўсім відно — дурнаваты. Яшчэ й балбатуха гэтая навязалася. „Я сабе цану знаю, я сабе цану знаю“ …Тры капейкі твая цана на старыя грошы. З кім зраўняўся? У мяне ж бацька загадчыкам пошты быў. Я ж на самой Кубані служыў! Увесь склад мой быў! Такімі дзяламі варочаў! І сыты быў і п’яны, праўда, потым ледзь адмазаўся, ну то справа даўняя… І па шабашках ездзіў, грошы пачкамі кідаў. Джынсы і красоўкі самы першы з усёй радні купіў. У Бабруйску прыду на танцы — роўных няма!»

Чэзлы Казак, бязрогі Казёл, Цыганская Мадонна і Чалавек у скуранцы падыходзілі да самай вялікай засцянкоўскай хаты. Калядная ноч нібы замёрла, толькі рыпеў снег пад нагамі і фанабэрыстае «Ды я ж у белым халаціку пахаджваю, ды ў мяне ж наварана…» раз-пораз абуджала зімовую цішу…

У двух вокнах хаты гарэла святло. Колішняя гаспадыня — настаўніца Гуляевічыха — ужо гады два як памерла. Сёлета засталіся на зіму пільнаваць нажытае і гадаваць курэй дачка Марыя з мужам Сяргеем. Зараз Марыя распальвала грубку, Сяргей тупаў з кута ў кут і бурчэў:

— Хопіць там кешкацца. Давай правіць Багатую Каляду!

— Паспееш, бачыш, занятая. Спраўны надта языком балбатаць…

— Маці мая, хоць бедная была, а хавала мне ў сена каляду — чацвяртушку самагонкі і каўбасу, калі малы быў, — не здаваўся Сяргей. — Ідзі збірай на стол. Нясі халадзец з кладоўкі…

— Сам нясі, рукі не ў срацы! — не сцярпела жонка. Нетаропкую сямейную гутарку перапыніў нечаканы стук у шыбу.

— Жонка, паглядзі, каго там чорт нясе, а я ў кладоўку за халадцом.

— Во, дзіва, чуеш, лужкоўскія калядаваць прыйшлі! Чацвяртушка ў казака ўбралася, Андрэй дурнаваты, а з імі — нейкі здаровы незнаёмы мужык увесь у чорным!

— Адчыні.

— Хочаш, каб я ім тваю паўлітру аддала — адчыню.

— Ай, ну іх! Пілі ўсе разам, а ўгарэў адзін Лупаты.

— Каб шчэ толькі Валя, можа, і пусціла б, а так — хто іх ведае. Адны мы ў гэтым канцы. Мо чуў, як у Дуброве старую абрабавалі? Страшна.

— На будучы год нізашто зімаваць не застанемся.

— Гасі святло, скажу, што спаць паўлягаліся, як папытаюць. Вось так і маці мая ў канцы пяцідзясятых калядоўшчыкаў у хату пусціла. А пасля ў райкам ананімка на яе прыйшла: маўляў, партыйная грамадзянка спраўляе рэлігійныя культы…

На ганку беспаспяхова тупала калядная чарада. Цыганка шчыльней укручвалася ў хустку, чалавек у скуранцы злаваўся:

— Нехрэн было сюды перціся.

— А давайце шыбы паб’ём! Гы-гы-гы, — прапанаваў Казёл.

— Хаця ж не дадумайся — у міліцыю заявяць. Няма чаго тутака стаяць, яшчэ тры хаты е. Пайшлі да Зайца. Харошы дзед. Аўталаўка сёння была, не можа быць, каб не ўзяў чаго ў запас.

Дзед, па прозвішчы Заяц, калісьці рабіў заатэхнікам і хоць жыў не бядней за Гуляевічаў, хатку меў невялічкую, затое за свой век купіў цэлыя два матацыклы і адзін запарожац, што цяпер стаялі радком у вялізным, бы калгаснае гумно, гаражы. Багатую Каляду стары сустракаў адзін: святла не паліў, у вакенцы блішчэў агеньчык тэлевізара. Патузалі за клямку, гаспадар пачуў надзіва хутка, пашкрэбаў у сенцы і, не папытаўшы, адразу адчыніў дзверы.

— Святы вечар, багаты вечар! Дай здаровейка таму, хто ў етым даму! — праспявала напаўзабытую калядку Чацвяртушка. — А ў нас і каза е, скакаць умее, і цыганка е, паваражыць можа. А гэта во Сцёпішын сын!

— А мае ж вы дзеткі, малайцы якія! Калядуеце. Раней Тамковічы хадзілі, але ж во з’ехалі, дык у нас няма каму. Праходзьце.

— Дайце казе сала, каб каза ўстала! — не здавалася Чацвяртушка. Але ў кухні, пазастаўленай розным старым ламаччам, падаць не было дзе. Шафа ля дзвярэй, нейкае рыззё раскладзенае на зламаных зэдліках, уздоўж сцяны пыльнымі экранамі глядзяць на Божы свет тры няспраўныя тэлевізары. Сцёпішын сын пасунуўся да стала — ледзьве не ўваліўся ў памыйнае вядро. На самым ускрайку стала — на кружку парэзанае сала, дзве бляшанкі кількі ў тамаце, жменька цукерак-смактушак, адкаркаваная бутэлька віна «Сасновы водар».