Выбрать главу

У цяперашнім жыцці з’яўленне Колі з усёй лужкоўскай грамадой Галю не ўзрадавала. Пачуўшы пра вяртанне ў Лужкі Сцёпішынага сына і ягоныя выбрыкі, яна ў думках дзякавала лёсу, што ў маладосці ён не ўпадабаў яе: «Во, зараз жыву сабе спакойна і мамачку гляджу, а так бы хавала грошы і бутэлькі па ўсёй хаце і нервы свае трапала».

— Гэта ж Сцёпішын сын! У кладоўку заглядай і каўбаску даставай! — галёкала Чацвяртушка.

«Ну, нікуды ад іх не падзенешся, ні ў будні, ні ў святы. Аднаго агарод пераворваць паклічаш — цэлая капэла збяжыцца і ўсім налівай! Але ж і без іх ніяк. Плот абяцалі паставіць, дый калі з маці, крый божа, што, хто дапаможа?»

І тут здарыўся яшчэ адзін цуд. З ложка ўстала, выпаўзла на сярэдзіну хаты старая. Чаму яе клікалі Савою ніхто з прысутных не ведаў, тыя, што так прадражнілі бабку, даўно адышлі ў лепшы свет. Сава дашкрэбала да Андрэйкі і пачала жаліцца:

— Ой, мая дзетка, ці не ведаеш ты, хто ж у нас у Засценку ў Святыя вечары малоціць. Так цапамі ляскаюць, так ляскаюць, аж галава шуміць!

Андрэйка разявіў рот ад здзіўлення:

— Што такое баба кажа? Гэта ж летам камбайн малоціць!

— Бачыце, зусім дрэнна ёй, бярыце во бутэлечку віна і йдзіце далей, гуляйце, — прапанавала Галя, са спадзевам хутчэй пазбавіцца ад вясёлай кампаніі.

— Мы да такіх гадоў не дажывём, — зазначыў на развітанне Коля. Бабка яшчэ раз пажалілася на малацьбітоў, пасля патэпала назад да ложка. Зірнула на покуць — а там яе маці-нябожчыца сядзіць.

— То здані ўжо, — прашамкала Сава сама сабе, перахрысцілася, супакоілася і нечакана хутка заснула. Беленькі зайка спярша стаіўся за яблыняй, а потым паскакаў па вуліцы паўз заснежаныя платы.

Накалядаваную бутэльку Казак, Казёл і Сцёпішын сын распілілі лёгка і нязмушана, бы ліманад «Бураціна», па дарозе да апошняй жылой хаты — сядзібы Іванавіча.

У вочы — Іванавіч, за вочы — Свіны Татка. Для мясцовых ён быў чалавекам-таямніцай. З’явіўся ў Засценку нечакана, ніхто не ведаў адкуль, за якую цану і пры якіх абставінах купіў хату колішняга паштара. Спярша, як толькі прыехаў, кажуць нават на вуліцу не выходзіў, усё болей у хаце ці пуні адседжваўся, нібы хаваўся ад каго. Пасля асвоіўся, завёў гаспадарку, гандляваў разведзеным спіртам. Погаласкі пра Іванавіча хадзілі самыя неверагодныя, толькі нічога пэўнага пра яго не ведаў ніхто.

Гэты падворак Андрэйку з Валяй быў добра знаёмы. Неаднойчы яны куплялі ў Іванавіча спірт, мянялі збожжа і камбікорм, выграбалі за паўлітру гной з хлява. За спірт усё рабілася, касілася і кармілася. Спірт і ферма побач сталі асноўным сакрэтам поспеху прыватнай гаспадаркі. «Я пакажу, як трэба жыць!» — часам хваліўся ўвішны гаспадар перад засцянкоўцамі. А тыя адно пасміхаліся ў адказ: маўляў, тут жылі людзі не роўня табе — ніводзін не разбагацеў. Раней Іванавіч гадаваў в’етнамскіх свіней, у хляве заўжды рохкала чацвёра, а то і шасцёра. А як зачынілі ферму, дык халяўнае збожжа за паўлітру больш ніхто не прыносіў. Пакрысе свінні звяліся, а мянушка Свіны Татка засталася.

Захмялелая калядная чарада ўвалілася да Свінога Таткі без грукату ў дзверы, адразу з песняю. Дакладней, спявала адна Валя, Андрэйка бязладна гоцаў побач, Сцёпішын сын цягнуўся следам. На здзіўленне хата аказалася адзінаю, дзе гула не надта шматлюдная бяседа. За сталом сядзелі чацвёра: сам Іванавіч, чэзлы маладзён з мутнымі вачыма, дзве дзеўкі — адна бялявая маладзейшая і худзейшая, другая чарнявая — старэйшая і паўнейшая, пазногці ў абедзвюх — доўгія, пад хахламу распісаныя. Маладзён ужо ладна набраўся, цяпер матляўся на лаўцы, бы першамайскі сцяг ля канторы, і бубнеў сам сабе пад нос нешта няўцямнае. Бландзінка пілавала свае дзівосныя кіпці, часам вісла на шыі ў п’янага маладзёна і скуголіла: «Валера, мне ску-у-у-шна». Але той не звяртаў увагі. Чарнявая, наадварот, адрывалася па поўнай. То ўпарта даказвала сваім сабутэльнікам: «Ды я ў рэстаране бываю чашчэ, чым на свежым воздухе. Ды Ахмет міня ў Турцыю зваў! Кіёсак закроем і паедзем». То са словамі: «Гуляют усе! За цібя калым аддам…» — кідалася ў скокі.