Казак, Казёл і Чалавек у скуранцы спярша крыху зніякавелі ад такой неспадзяванкі.
— Гэта мая гомельская радня, — нібы апраўдваючыся, паведаміў Свіны Татка.
— А гэта во Сцёпішын сын! Святы вечар, багаты вечар! Іванавіч, пасып медзь — і авечкі не будуць хварэць, — не здавалася Чацвяртушка.
— Ражаным — сто грам! — завішчэў маладзён.
Коля асвойтаўся і хціва пацягнуўся за чаркай. Андрэй без запрашэння прысеў за стол бліжэй да гарадскіх дзевак, яны абедзве яму спадабаліся. Бялявая грэбліва скрывіла пыску. Жвавы Казёл не заўважыў, а зухавата пасунуўся яшчэ бліжэй.
— Э, не, так справа не пойдзе! — падаў голас Свіны Татка. — Як я малы хадзіў са сваім бацькам калядаваць, дык такі артыст быў, што нават на пузе танчыў! А вы два разы тупнулі — і налівай?
Валя ўтаропілася на яго і зразумела, што тут нічога, апроч пяцідзесяці грамаў, не выцыганіш. Ведаючы Свінога Татку не першы дзень, гэта сцяміў і Андрэй. У дурнаватым інтэрнаце яго ніхто не вучыў на пузе танчыць, таму ён піхнуў у бок Сцёпішынага сына:
— Дзядзька, а дзядзька, хаця ты патанчы. А то цётка Валя пяе, я скачу, як казёл, а ты толькі валочышся следам ды гарэлку п’еш!
Чалавеку ў скуранцы дзявацца не было куды. Выпіць яшчэ хацелася. А з гэтых недаробкаў што ты возьмеш! Нідзе не былі, нічога не бачылі! І ён рашыўся.
— Што ты лыбішся, лахудра маляваная! — крыкнуў ён чарнявай, што сядзела і пагардліва ўсміхалася.
Тая спрабавала агрызнуцца, прыстрашыла нейкім Ахметам, але хутка змоўкла, бо Ахмет быў далёка, а прысутныя бараніць яе не дужа кідаліся.
Сцёпішын сын выйшаў на сярэдзіну хаты, хмельная кроў віравала ў галаве горнаю ручаінай. І на якое імгненне падалося, нібыта ён ізноў малады ў бялюткіх фірмовых красоўках, першы хлопец на ўвесь Лужок, на святочнай дыскатэцы ў бабруйскім Доме культуры танчыць ніжні брэйк, вабныя дзеўкі стаяць кружком і захапляюцца яго ўмельствам! Але няма таго, што раньш было…
Спіна ўпарта не хацела варушыцца, і срака разам з усім заднім мостам пайшла кудысьці ўбок і ніяк не жадала вяртацца на месца. Танцор у адстаўцы падрыгаў трохі нагамі, ледзьве перавярнуўся на пуза. Паўбутэлькі спірту зарабіў, але самастойна ўзняцца з падлогі ўжо не здолеў. На шчасце, падбегла Чацвяртушка, паклаўшы доўгачаканае пітво ў торбу, дапамагла ўстаць:
— Во, набраўся як бэля, цяперака дадому не зацягнем! Іванавіч, мы табе памагалі, і ты нам памажы, няхай у цябе праспіцца.
— Ладна, валачыце яго да кладоўкі ў катух, туды, дзе ягнятка, яно шчэ слабенькае, дык я ў хату забраў, пакуль маразы. Тамака і салома, і палавік стары, цяплей будзе…
Бразнула клямка, абабітыя дзерманцінам дзверы выплюнулі ў начную цемру самых цягавітых калядоўшчыкаў. Свіны Татка азірнуўся навокал: недапечаны Валера хроп, уклаўшыся галавою на стол, ягоная сяброўка шкамутала яго і працягвала канючыць. Чарнявая гаманіла невядома з кім. Рэстаран, Ахмет і Турцыя не сыходзілі з языка.
— Ды сціхні ты ўжо са сваім Ахметам! — гыркнуў гаспадар, страціўшы цярпенне, і пайшоў да прыпечка. «Яшчэ гадок адсяджуся — і ліняць адсюль трэба. Гэтак можна спіцца ці зглузду з’ехаць у адзіноце, а з такой кампаніяй дык яшчэ хутчэй. Мясцовыя п’яніцы хоць гной з хлява выкінуць ці вады нацягаюць. А гэтыя… Ні рабіць, ні піць не ўмеюць. Улез у гаўно, дык цяпер ніяк ад яго не адшкрабешся. Паі, кармі і іх, і дзяцей іхніх, і бл…й іхніх. Спірту яны мне перадалі на продаж…А каму яго тут прадаваць? Вымерлі людзі, як маманты, і п’яныя, і цвярозыя…»
Дробны Казачок і шалёны Казёл ішлі па двары да веснічак.
— Бач ты, багата накалядавалі! Добра, што той смоўж адваліўся. А то ўсё б выжлукціў, нам бы мала што перапала. А так і спірт застаўся, і віна трохі, і закуска. Прыйдзем у Лужок — пабалюем!
— Ага, пад’еў я ўволю, толькі дзеўкі надта нос дзяруць, не падступішся.
— Ведама, гарадскія шкуркі, фанабэрыстыя. Але віду не маюць. Як усё адно маткі дваіх дзяцей. Хоць і кажуць, што маладыя, ды кіпці паразмалёўвалі! Ну іх, Андрэйка, к чортавай мацеры, маладзіц гэтых! Яны ўсе цяперака прайдзісветкі ды гультайкі! Лепш пераходзь да мяне, калі мой мужык перакуліцца, нядоўга ўжо засталося. А не, дык цяпер перабірайся! А то ён ляжыць сабе, як калода, лапы склаў, а мне і хазяйства адной глядзі, і агароды.
Цішыня аж да звону ў вушах. Крычы, хоць парвіся, не пачуе ніхто, а звалішся на бальшаку — не ўгледзяць, праляжыш да рання, а то й да паўдня, скалееш…