Выбрать главу

— А й, праўда, Валька, дзе я тут каго шукаць буду! У цябе печ цёплая і ў чугунку наварана. Дый сама ты нічога шчэ, гы-гы-гы! — адгукаецца Андрэйка і бачыць на яве: знаёмая постаць адхіснулася ад лаўжоў на тым баку вуліцы.

— Мамка! — немы енк хлапчыны працяў наваколле. Вялізны чорны цень страсянуўся і з гучным трэскам ляснуўся на дарогу, перагарадзіўшы вуліцу.

— То ж ігруша старая. Камель раскалоўся — вось і звалілася. Не крычы, а то бывае пачуе хто — скажа, во, раве, што бугай, дурны значыць, — супакойвала Чацвяртушка. — А мо здалося што, дык перахрысціся.

— Здалося. А чаго яна, бляха, звалілася, ветру няма ж?

— Аджыла сваё. Снегу на галлі нападала. Добра, нас не зачапіла. А то ж магла забіць ці пакалечыць.

Слівы цягнулі ўвышкі свае каравыя лапы. Спалоханы зайчык прыціснуў вушы і паляцеў праз поле прэч ад чалавечага жытла. Мароз аздабляў стылыя шыбы хвойкамі ды мальвамі.

Калядоўшчыкі пералезлі праз ламачча і рушылі напрасткі. Пайшлі з Засценка і болей не вернуцца, пакінуўшы здані сам-насам са здзічэлымі садамі і хатамі без прызбаў.

У Гуляішыных запалілі святло і ўзяліся святкаваць. Сяргей уліў у чарку прыхаваны да Багатай Каляды самагон. І хаця напой не быў чыста хлебным, але падаўся яму гэткім жа мяккім і смачным, як тады, у трэцім класе, напярэдадні школьнай ёлкі. А вось закуска была куды лепшая, чым у маленстве. Асабліва ўдалося халоднае. А іначай і быць не магло! Цэлая супавая кура ў печы паўдня прэла, дый капыт добра ўварыўся. Нахвальваючы страву, Сяргей узяўся ўжо за другую талерку, нібы імкнучыся вярнуць назад дзяцінства і ад’есціся ўволю за ўсе галодныя гады адразу.

А вось Любка святла не паліла, каб не пабудзіць цётку. Пакуль старая спала, яе клапатлівая пляменніца паролася ў шафе. Там, паміж пажоўклых прасцін і цвілых сукенак, былі схаваныя грошы на смерць. Вось яны! Чатыры мільёны, укручаныя ў баваўняную панчоху. Любка адлічыла сабе трыста пяцьдзясят. Астатнія паклала на месца. «Не бяру, пазычаю. Як памрэ, усё адно мне хаваць, — апраўдвала сябе Цыганская Мадонна, упершыню пашкадаваўшы, што параднілася не з роўняю. — Улезла ў нерат — ні ўзад, ні ўперад. Каб не такая багатырка была мая свацця, дык занесла б якую прасціну — і ладна было б…»

Сцёпішын сын хроп у катуху на саломе. Палавічок скулёмчыўся, скуранка спаўзла з пляча, а ён прытуліўся да цёплага бока ягняці — адразу ўлежна і ўтульна зрабілася.

Пад святлом адзінага на дзве вёскі ліхтара мільёнамі бітых шкельцаў ззяў снежны неруш. Вяртацца дадому і не ўбачыць на сваім шляху ніводнага следа, апроч уласнага, пакінутага табою па дарозе ўпрочкі — што гэта: праклён ці блаславенне? Невядома. Толькі перажыць такое наканавана не кожнаму. Калядоўшчыкі ішлі з Засценка назад у Лужок па той самай пратаптанай колькі гадзін таму каляіне. Белы дол стаіўся ў чаканні цуду. На здзічэлым бальшаку ў Святы вечар зоры-зорніцы — божыя памочніцы спаткаліся з людзьмі.