Выбрать главу

Спружынка "вясёлка", альбо "сьлінка" (ад ангельскага Slinky), была маім першым вялікім захапленьнем, вядома, пасьля электроннай гульні "Ну, погоди", дзе воўк зьбірае яйкі, а заяц яму перашкаджае... Гэтыя спружынкі, мэталічныя й непафарбаваныя, зьявіліся ў Амэрыцы яшчэ ў саракавых гадах і выкарыстоўваліся як псыхатэрапэўтычны сродак, у дзевяностых ужо кітайцы пачалі выпускаць "сьлінкі", каляровыя й плястыкавыя, розных формаў і памераў. Мы любілі клясыку — круглую форму, бо яна так ладна магла хадзіць па прыступках... На доўгіх перапынках мы толькі й назіралі, як Ганна спускала зь лесьвіцы замежную "сьлінку", а потым гэта рабіў я, няўклюдна, але ж.

Праз колькі месяцаў "вясёлкі" ўжо прадавалі паўсюль: у крамах, шапіках, разам з плястыкавым штучным гаўном, зь вішнёвымі й чакаляднымі цыгарэтамі Кэптан Блэк, доўгімі цыгарэтамі Мор, але гэтыя забаўкі, як і "чарніла", прыйшлі да нас у шостай клясе. А так — была другая кляса, прамакаткі зьніклі разам з атрамантавымі пёрамі, толькі настаўніцы яшчэ выводзілі адзнакі ў журнале, падкладаючы пад руку прамакатку, якая цяпер хутчэй нагадала б аркушык туалетнай паперы...

У трэцяй клясе я пачаў спаўзаць на тройкі, мяне не цікавіла вучоба, я рос і паступова ператвараўся ў боўдзілу... Я пасьпеў зламаць аб парту пярэдні зуб, ён так і застаўся тырчэць у дрэве... Цяпер, калі ўсьміхаўся, я нагадваў нейкага сьветлага бяззубага цыганёнка-байструка. Але паламаны зуб дазволіў мне аглушальна сьвістаць. Пазьней неяк на перапынку я бегаў па вуліцы за дзяўчатамі й расьсёк калена — пяць швоў. Я пачаў кульгаць і сьвістаць. Маю беларускамоўную клясу расфарміроўвалі, набліжаўся грэбаны "новы" час для краіны... Я мусіў зь верасьня вучыцца ў іншай школе, якая месьцілася непадалёк ад майго дому. Чаму я адразу туды не пайшоў?.. Па-першае, менавіта ў той школе я ўпершыню стаяў перад дырэктарам з падстрыжанымі пасьля плястыліну валасамі й спрабаваў палічыць да ста... й па-другое, мы імкнуліся вучыцца па-беларуску... і новыя пакуты, самыя значныя для мяне, — гэта магічным чынам хутка перайсьці зь беларускай тэрміналёгіі на расейскую, але як у матэматыцы для мяне былі свае назвы, так яны і засталіся па сёньняшні дзень. А пра гісторыю Беларусі я проста прамаўчу.

Трэцяя кляса асабліва адзначылася асэнсаваным праглядам фільма "Экзарцыст"... У дзяцінстве мне надарылася пабачыць колькі кадраў з гэтага эпахальнага кіно: калі я выпадкова прачнуўся ноччу, бацькі якраз глядзелі той эпізод, калі ў дзяўчынкі-сатаны пачала круціцца вакол восі галава... Я ледзь не набрудзіў у ложак! Асэнсаваны прагляд у трэцяй клясе зьдзейсьніўся такім чынам: агульная заля, менская трохпакаёўка, бабуля жагнаецца, ускрыквае й заплюшчвае вочы, прыгаворваючы: "Божачкі, спасі, Божа, сахрані", бацька нэрвуецца й выганяе яе з пакоя, каб не перашкаджала глядзець, маці прыкрыквае на бацьку, каб маўчаў... Я нібыта гуляюся ў калідоры й адмаўляюся йсьці спаць, а сам падглядаю... Што сказаць, гэта быў мой першы фільм жахаў, ад якога мяне й да гэтага часу кідае ў сутаргі. Потым адзін за адным зьявіліся іншыя жахі — другая частка "Паўсталых зь пекла" й першая частка "Жаху на вуліцы Вязаў"... З "Паўсталымі" ў мяне да гэтага часу свае рахункі, без алькаголю гэты фільм не ўспрымаецца як мае быць...

Потым надышло дзіўнае, чароўнае лета, калі я цэлы месяц правёў у Шатляндыі... Паездка была арганізаваная з дапамогай пратэстанцкай царквы, бацька мой тады нават быў ня проста шчырым вернікам, але й час ад часу прапаведаваў... маці прыгожа сьпявала гімны... У Шатляндыі я быў настолькі ўражаны іншым укладам жыцьця, што па вяртаньні праплакаў зь пераменным посьпехам зь месяц... А то ж... параўнаць было з чым — вялікія дамы, катэджы й культура, "Fish & Chips" на кожным рагу, Хайлэндз і Лоўлэндз, горы й узгоркі, Паўночны Ледавіты акіян, кілты ў кубікі, дуды й горцы, гучаньне іншай мовы, двухпавярховыя аўтобусы бяз дахаў, палацы, вежы, зайцы па пагорках скачуць... Дома ж карціна не абнадзейвала — крызіс, бедната, шэрыя блёчныя шматпавярховікі, Біл Клінтан прыязджаў на плошчу Перамогі... Мая сямʼя яшчэ год наведвала царкву, пакуль брат ня зьезьдзіў у Лёндан па той жа праграме — царкоўная дапамога дзецям, якія нарадзіліся пасьля Чарнобыльскай аварыі. А потым бацькі пасварыліся з галоўным пастарам, бо ён адмовіўся прывезьці зь Нямеччыны лекі для мяне. Бацька, які працаваў на заводзе, пачаў шмат піць... Грошай катастрафічна не хапала, маці пяцьсот разоў цыравала свае адзіныя калготы й перашывала спадніцу.