Выбрать главу

Настаўніца па біялёгіі была настолькі намі закатаваная, што неяк падчас урокаў давялося выклікаць хуткую. Настаўніца з сардэчным прыступам ляжала ў шпіталі зь месяц, а праз год памерла, так і не пасьпеўшы ў нас давыкладаць. З прыходам новай настаўніцы ў мяне адкрылася другое дыханьне, і на алімпіядзе па біялёгіі я выйшаў на раён, пасьля перамогі атрымаў магчымасьць прадстаўляць сябе й школу на гарадзкой алімпіядзе, але... я праспаў у той дзень. Я мусіў ехаць на "горад" разам зь біялягіцай і дырэктарам, яны мяне чакалі каля мэтро, а я спаў... Гэта было сорамам для ўсіх біёлягаў... Потым я цьвёрда вырашыў рушыць у мэдыцыну, каб замольваць гэты грэх.

Дзявятая кляса — мы былі зачараваныя новым настаўнікам рускай літаратуры: гэты вусаты дзядзька (дарэчы, вусы ў яго расьлі ў рот, яны загіналіся пад верхнюю губу й ліплі да зубоў, ён часта любіў дакранацца да іх языком) адкрыў нам цуд спрэчак — уся кляса толькі й рабіла, што спрачалася наконт прачытаных твораў. Было сапраўды цікава ў яго вучыцца, але новы настаўнік праз год нас пакінуў, уладкаваўшыся завучам у гімназію.

У дзявятай мы ўсе гулялі ў сямʼю — хтосьці камусьці быў бацькам, дзядзькам, братам, кузэнам, сястрою, жонкаю, каханкаю, кузынаю. Уся кляса нібыта зварʼяцела, выбух адбыўся, гармоны ўзялі сваё — усе мы даўно перацалаваліся і пераабдымаліся.

""Крыжачок" — віно, якое танчыць". Невядома, хто яго так назваў, напэўна, проста прыжылося ў народзе, але гэтае азначэньне "чарніла" я пачуў ад кагосьці са старшаклясьнікаў і распавёў свайму сябру Андрэю ў чароўны момант непасрэднага знаёмства зь віном... Мы былі ў невялікім дворыку, з усіх бакоў абнесеным зялёнай сьцяной каштанаў, гэта стварала ўтульны настрой для кампаніі і хавала нас ад мінакоў. Дзьве лаўкі зручна разьмясьцілі нашыя целы, нас было восем, ня лічачы некалькіх старшаклясьнікаў, якія ведалі, што рабіць з гэтым пойлам...

Глыток ― і тухлая, салодкая вадкасьць прайшла па страваводзе ў страўнік... Цэлую шклянку нагбом! Сяброўкі глядзелі на мяне, як на героя... Старшаклясьнік толькі выскаляўся, а мы яму падыгрывалі, мы былі такія ж дарослыя, як і ён... Пасьля першай, другой, трэцяй шклянкі ўсе запалілі. Праз хвіліну кожны з нас быў ужо ня ў гэтым сьвеце, усе апʼянелі й паводзілі сябе як варʼяты... Нам захацелася пайсьці ў клюб, які знаходзіўся літаральна за два крокі ад нашага дворыка. Мы дапілі "Крыжачок" і скіраваліся туды.

Мяне хістала ў розныя бакі, сьвядомасьць разьдзірала на часткі, мне не хацелася танчыць...

Не дамаўляючыся, мы ўчатырох накіраваліся ў прыбіральню... але самае жорсткае пачалося ў той момант, калі, выходзячы з прыбіральні, мы з Андрэем перасякліся з нашымі дзяўчатамі. Нас ахапіў шал, натуральна, не было ніякага сэксу, проста мы пачалі цалавацца, мацаючы адно аднаго... Непрыкметна мы трапілі ў мужчынскую прыбіральню, атрымліваючы першы блядзкі досьвед у жыцьці... Спыніцца было вышэй за нашыя сілы, тут уладарыў юрлівы пачатак... Я казаў сам сабе: "Што ты робіш?! Гераня, ты ж нейкі варʼят! Спыніся!" — але гэта было немагчыма...

Чарга каля прыбіральні ня доўга трывала, й нашую дзіцячую оргію разагналі, даўшы нам каля дзесяці хвілін, за якія, як нам здалося, мы зьдзейсьнілі самую вялікую распусту.

Распуста! Вычварэнства! Менавіта так я тады думаў, чырванеючы... Мы з Андрэем на час нашых "сарцірных засмоктаў" памяняліся дзяўчынамі. Гэта быў першы крок на шляху да "экспэрымэнтаў" рознага кшталту і сэксуальных вычварэнстваў, на шляху да панку...

Мы выпаўзьлі на сьвежае паветра зь цьвёрдым рашэньнем, што на сёньня больш ні кроку ў клюб і ані кроплі сьпіртнога, адна зь дзяўчат пакінула на лесьвіцы клюба яркія кроплі званітаванага "Крыжачка". Мы сьмяяліся, калі яна ванітавала.

Мы сталі дарослымі, старэйшыя клясы ўжо абавязвалі хадзіць і пазіраць на ўсіх, задраўшы галаву. Мы нікому не падпарадкоўваліся, усіх крытыкавалі й пра ўсё мелі сваё асабістае меркаваньне...

У клясе зьявіліся батанікі й лахі. Першых мы проста не трывалі, але суіснавалі зь імі, другіх жорстка білі, рабілі ім фанту (лавілі ў туалетах і галілі запальнічкай, дзе атрымаецца. З прафіляктычнымі размовамі ў школу прыходзілі бацькі зьбітых мною дзяцей, збольшага гэта былі дзеці ёлупняў-банкіраў (цяпер яны дарослыя й маюць свае офісы, у якіх на сьценах над сталамі й галовамі вісіць розная брыдота). Гэтыя падлеткі яшчэ ў школьным узросьце паказвалі сваю адукаванасьць, выпешчаную бацькамі пагарду да іншых, мізэрнасьць і дурасьць. Старэйшыя за мяне панкі да паўсьмерці зьбівалі малых і тандэмамі адседжвалі па колькі год у турмах... Пачалі зьяўляцца дзеці зь цяжкіх семʼяў. Мы зь сябрамі "разводзілі" на грошы малое дзяўчо, яна кожную раніцу з бацькоўскага сэйфу цягала нам рублі на цыгарэты й піва. Дзяўчынцы мы проста казалі, што, калі яна ня будзе спраўна насіць грошы, мы патэлім ейным бацькам і пра ўсё распавядзем... Бацькі потым не далічыліся колькі пачкаў рублёў і перавялі сваю няўдалую дачку ў іншую школу, дзе яна праз год, як мы даведаліся, зацяжарыла ад старшаклясьніка.