Выбрать главу

Дык вось, нашыя трываньні на дзевяці мэтрах спрыялі нашым з братам імкненьням стаць кімсьці, каб выкараскацца з гэтага ганебнага жыцьця. Каб, напрыклад, мама магла мець сваю кватэру й грошы на падарожжы. Таму я ніколі не супраціўляўся новым прапановам у адукацыі, у наведваньні новага гуртка. Такім чынам, акрамя клятваў у любові, я мусіў для мамы яшчэ й дзейнічаць  — вучыцца, разьвівацца (мой брат, дарэчы, таксама быў і ў кузьні і ў млыне: скрыпка, акардэон, нядзельная школа).

І вось чарговы гурток, я стаю ў вялікай залі, якая ўся запоўненая люстэркамі й страйнюткімі дзяўчынкамі і хлапчукамі, мне мала год, і я мушу пачынаць вучыцца танцам, ды не абы-якім танцам  — бальным!

Полька, мазурка й ча-ча-ча яшчэ, дзякуй Богу, прайшлі някепска, але замінкі пачаліся, калі я закахаўся ў дзяўчынку і ўвесь час сачыў за ёю, а яна штораз, каб танчыць у пары, абірала аднаго і таго ж хлопца. Ці варта казаць, што ў той час мы мусілі вывучаць розныя пазыцыі наскоў і пятак — 1-я, 2-я, 3-я, 4-я, 5-я, 6-я, 7-я, 8-я, 9-я, і хто яго ведае, якая там наступная... Мае ногі закручваліся ў вузел ужо на пятай. Але кропкаю ў вывучэньні бальных танцаў стала нават не каханьне ці немагчымая "пазыцыя", кропкаю стаўся вальс.

Божухна, як я роў, як я скуголіў і зваў маму! Мяне прымусілі абдымаць за талію дзяўчынку. Я, вядома, быў яшчэ маленькі, каб нешта цяміць пра сэкс і адносіны, але я інтуіцыйна адчуваў, што проста так мацаць дзяўчынку  — кепска.

Мяне забралі з танцаў.

Упершыню я абняў дзяўчынку праз год, яе звалі Вольга Белая, але яна гэтага нават не пасьпела заўважыць... Была трэцяя кляса, я кахаў яе, але яна была надта прыгожаю, таму я саромеўся да яе набліжацца, а на занятках фізычнай культуры неяк бег за мячом і "выпадкова" сутыкнуўся зь ёю і абняў...

І, шчыра кажучы, дадзены "прыём" я выкарыстоўваю час ад часу нават будучы дарослым, але мне цяпер ня трэба бегчы за мячом, каб абняць дзяўчыну, усё стала складаней  — спачатку будуецца пэўны плян дзеяньняў. І тут толькі адзіная паралель знойдзецца для чытача: усё, што геніяльнае  — простае. Паспрабуйце ўспомніць свае "выпадковыя" абдымкі, сутыкненьні, спатканьні, пацалункі... Проста так нічога не адбываецца, і нават, шчыра кажучы, мая жонка В. аказалася са мною ня дзякуючы лёсу, а толькі таму, што я моцна хацеў, каб яна была побач, і я дзейнічаў, браў ініцыятыву на сябе і, быццам выпадкова, сутыкаўся зь ёю, быццам выпадкова знаходзіў для нас агульныя справы... Пакуль мы ня зьехалі на вандроўку ў Нясьвіж...

Дарэчы, бальнымі танцамі я больш ніколі не займаўся, да гэтага часу ня танчыў анічога такога.

4.

Зразумела, што я, як і ўсе дзеці, любіў маляванкі ды іншыя дзіцячыя забавы, але ніколі ня думаў, каб да маляванак ставіцца неяк больш сурʼёзна. Ды лягчэй пайсьці ў гурток, чым пераканаць бацькоў.

У мяне ніколі не атрымлівалася нешта ляпіць з гліны альбо цеста з сольлю, мае фігуры альбо былі незразумелымі, альбо ў печы набывалі плоскі выгляд, быццам не скульптуры, а нейкія магніты на лядоўню.

З колерам таксама ўсё было складана, акрамя таго што я кепска адрозьніваў птушак, напрыклад сароку ад грака, я няўдала працаваў з адценьнямі. У выніку ня толькі істоты, падобныя да птушак, але й кветкі, і шмат што яшчэ пакутавалі ў маіх малюнках.

Плястылін мне таксама здраджваў, але ён хаця б лёгка прыліпаў да сьцен і валасоў, ды ўвогуле быў унівэрсальным у сэнсе розных дурасьцяў.

Аднойчы на адным з заняткаў, які прысьвячаўся вывучэньню паняцьця графікі й тушы, я стаўся зоркай! Настаўніца не магла нацешыцца тым, як файна я малюю ў графіцы, і гэта не залежала ад таго, чым я карыстаўся  — алоўкам ці пяром.

Я выпадкова знайшоў сябе, і настаўніца пачала надта часта весьці прыватныя размовы з мамаю, якая па мяне прыходзіла. Усё шэпча нешта й шэпча, а мама глядзіць у мой бок і ўсьміхаецца.

Такім чынам, я пачаў часьцей бачыцца з настаўніцай па мастацтве, і раней за алфавіт вывучыў паняткі пабудовы карціны, гарызонту, спалучэньня колераў, і, вядома, усе віды пёраў былі ў маім уладаньні.

І сталася так, што мяне не ўзялі ў шэсьць гадоў у школу, дырэктар параіў пачакаць наступнага года. У той дзень, калі мяне прывялі на "прагляд", каб я паказаўся і па загадзе палічыў ды агучыў хаця б палову алфавіту, пацягнула мяне да плястыліну, наляпіў я яго не шкадуючы на галаву, а адляпіць ад валасоў ня здолеў, падставіць пад гарачую ваду галаву  — не дацяміў... Я знайшоў нажніцы й пакрамсаў сваю сьвежую фрызуру.